Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Тонка праспявала страла, упіўшыся ўсім сваім жалезным, смяротным наканечнікам у яго маладое цела, і Жывена так і не даведалася, ці пашкадаваў ён у апошнія свае хвіліны таго, што не дабіў Ота, які таксама на апошнім дыханні дапоўз да калчана са стрэламі і здолеў пусціць гэтую, каб дзіка зарагатаць і тут жа памерці. Дагарала патрывожанае вогнішча, яна стаяла, працягнуўшы да памерлага Зайца апечаныя рукі, а на нагах дробна пазвоньвала жалеззе ланцугоў, і яны, ногі, здавалася, ураслі ў зямлю, дый сама яна, як казюрка ў бурштыне, застыгла ў гэтай гаротнай хвіліне, дзе былі смерць і чарната, і рогат нячысцікаў, якія падступалі ўсё бліжэй.
Мяккая пыса Роса дакранулася да пляча, і тады спала здранцвенне. Абняўшы цёплую шыю каня, дзяўчына, выпрастаўшыся, крыкнула ўсім, хто падбіраўся зараз да мерцвякоў, да яе, жывой, магічныя словы адпрэчання, і тады калыхнулася вогнішча і затрашчала вогненнымі вугельчыкамі, сціх рогат, а яна сцягнула нябожчыкаў да кастрышча і, закідаўшы ўсіх галінкамі і суччам, прачытала замовы-суправаджэнні ў вырай, царства памерлых, дзе ім давядзецца караскацца на шкляную гару Меру на адвечны суд. А можа, немцы пойдуць у сваю Валгалу? Як бы там ні было, яна не магла пакінуць і іх без словаў жальбы, не магла адмовіць і іх душам, якія, здаецца, малілі не пакідаць на растурзанне звярам ужо скарчанелую плоць. Калі б так здарылася, асуджаная была б душа заставацца на зямлі, блукаць па свеце і палохаць жывых…
Жывена вымаўляла старажытныя, суровыя словы да Ўладара мёртвых, а душа яе плакала, ніяк не могучы прымірыцца з тым, што на зямлі, дзе ёсць усё, каб быць шчаслівымі, людзі ненавідзяць, зайздросцяць і забіваюць адзін аднаго. Бясконцай спіраллю цягнецца Зло, і дзе тое месца, якое можна было б выпаліць святлом і любоўю, як выпальваюць у храме праз крыштальны шар-пацік — страшны гнілец* на целе хворага?!
* Ваўчанка.
У куфры, што везлі з сабою слугі Райнера, яна знайшла залатыя і сярэбраныя манеты, грыўны, колты і завушніцы. Павагаўшыся, узяла іх з сабой, частку зашыла ў карзно, ад чаго яно пацяжэла. Каня, які вёз фурманку, выпрагла, прывязала да Роса і накіравалася назад.
Хутка, аднак, яна заблудзілася. Лясныя дарогі бясконца раздвойваліся, растройваліся, некаторыя, даўно не ходжаныя, зараслі хмыззём, так што раніцу Жывена сустрэла ў гушчары, з якога выбралася толькі пад полудзень.
Невялікі нямецкі гарадок чырванеў непадалёк чарапічнымі вастраверхімі дахамі, былі відны вартавыя з нязвыкла тупымі дзідамі, востры позірк жрыцы нават распазнаў герб над брамай — чорны мядзведзь на задніх лапах. Дзяўчына некаторы час вагалася — што чакае яе там? Што сказаць варце? Але ж у катомках яе няма галоўнага — ежы.
Прысела пад ліпамі, загадала на першага сустрэчнага — ці пададуць праз яго багі ёй знак, які просіць? Коні ціха скублі траву каля пня, на якім сядзела жрыца, а яна ўсё чакала. Але нарэшце пачуўся голас; па дарозе ехаў чалавек, ён ціха напяваў праз зубы аднастайны матыў. Жывена ўгледзелася ў яго і не паверыла вачам: з-пад безрукаўкі выглядала кашуля з вышыўкай, і вышытая на ёй была Жытняя Баба з двума коньмі. Кашуля была старая, але чырвоныя і чорныя ніты вышыўкі не выгаралі, нібыта ў іх усялілася душа той славянкі, якая некалі іх вышывала. Так, славянкі, таму што Жывена добра ведала таямнічыя знакі вышыўкі і ткацтва, якія лепей за словы гавораць, адкуль чалавек і хто ягоныя продкі.
Яна выйшла на дарогу, і стрэчны спачатку спалохана, а пасля супакоена сказаў, што гэта за горад. Яе мовы ён не разумеў, аднак помніў, што продкі яго з сорбаў — славян, якія яшчэ паўтара стагоддзя назад змагаліся тут супраць Альбрэхта Мядзведзя, які, урэшце, пераламаў іх супраціўленне і зрабіў гэтую зямлю нямецкай. У разрэзе кашулі выбліснуў крыж — Паўль, як звалі чалавека, быў спраўным хрысціянінам, ён з ахвотай узяўся дапамагаць падарожніку, які ўцёк ад рабаўнікоў. Зрэшты, яна і не крывіла душою, таму ёй лёгка паверыў гаспадар карчмы — родзіч Паўля, хаця і запытаўся пра другога каня — каму належаў ён?
— Майму слузе, — адказала Жывена. — Але яго забілі, і я ўцякаў адзін. Ці не дапаможаш мне прадаць яго?
— Я хацеў бы сам купіць такога, на іх звычайна ездзяць толькі рыцары-крыжакі. Але баюся, што ты запросіш зашмат.
Тады Жывена прапанавала абмен: яна аддасць каня ўзамен за пражыццё і правадніка, які правядзе яе да межаў Брандэнбургскай зямлі. На тым і пагадзіліся. Аднак жа, хаця і дамовілася дзяўчына выехаць з гарадка праз два дні, закупіўшы ўсё неабходнае для падарожжа, атрымалася іначай.