Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
***
Не ведаю, чаму так, але міжсобку мы рэдка згадваем сюжэты з гісторыі нашага былога вулічнага супраціву. А цяпер, калі праз уласнае задание я быў змушаны вярнуцца ў тыя гады, дык драматычныя сітуацыі і смешныя анекдоты насунуліся гарластым натоўпам. Відаць, гэта шалёная энергетыка таго часу сваёй астачай на шматкі парвала татальную непразрыстасць маёй памяці. Толькі прабачце, успаміны, я цяпер належу не вам, а структуры і кампазіцыі аповеду, які чым далей, тым мацней выяўляе ўжо сваю ўладу. Канечне, я магу трохі пасваволіць, але хіба адно трохі...
Эмацыйна мне найболей шкада эпізода з арыштам сына. Цімох быў у "Маладым фронце" і разам з сябрамі заклікаў да байкоту выбараў. Яго схапілі і судзілі. Ён быў яшчэ непаўнагадовым, і турма яму не пагражала. Разам з тым была пагроза, горшая за колькі там сутак у камеры. Сын толькі што паступіў ва ўніверсітэт, туды, дзе вучаць за дзяржаўныя грошы. А каб яго адтуль выключылі за "палітыку", то няшчасныя бацькі не змаглі б яму дапамагчы вучыцца на платным аддзяленні хоць якой інстытуцыі.
Экзістэнцыйна гэтыя некалькі тыдняў былі ці не самымі складанымі ў маім жыцці. Разам з тым я ці не ўпершыню напоўніцу захапіўся сваім сынам. Тая мера годнасці, з якой ён трываў і арышт, і судзілішча, і ўсе астатнія выпрабаванні, выклікалі ў мяне шчыры гонар за яго.
Як ні дзіўна, анекдатычных сітуацый было ці не болей, чым драматычных. У дзень аб’яўленага яднання Беларусі з Расіяй (2 красавіка 1996) пратэстоўцы апынуліся ў пастцы паміж двума шчыльнымі шэрагамі амапаўцаў, якія рухаліся па праспекце насустрач адны адным, а праходы ў двары былі раней заблакаваныя. Уцякаць не было куды, ды тут на вочы патрапіла прадуктовая крама. Заскочылі, таўчэмся ў чаканні: зойдуць арыштоўваць - не зойдуць? Тады я і кажу: хлопцы, давайце станем у чаргу па батоны.
Пакуль пагроза мінула, нават некалькі батонаў набылі і пакаштавалі (смаку не памятаю).
Адзін раз я ўсё ж такі фізічна "пацярпеў" у змаганні з крывавым рэжымам. Па сканчэнні нейкага мітынгу Пазняк запрапанаваў ісці да будынка Беларускага тэлебачання і патрабаваць там эфіру (раней такое ўжо аднойчы было атрымалася). Пакуль дайшлі, там ужо падрыхтаваліся да сустрэчы. АМАП, міліцыя - да халеры ўсяго ўсякага. Мы натоўпам пачалі ціснуць на іх, а яны лупцавалі нас дубінкамі. Я і не заўважыў, як апынуўся на самым перадзе. Натуральна, атрымаў дубінкай. Але не па галаве ці плячах, а па лытцы.
Потым цэлы тыдзень выхваляўся, быццам атрымаў не шнар, а ганаровую стужку з чырвоным надпісам "за мужнасць".
***
Зрэшты, хопіць экзістэнцыйных драмаў і смяшлівых показак. Бо як на пачатку раздзела логіка аповеду патрабавала рэфлексіі стасоўна феномена інтэлектуалізму, так цяпер яна чакае (зачакалася) гісторыі аб тым, як плошча сталася Плошчай, а тая, у сваю чаргу, зрабілася сінонімам (і сімвалам) усяго вулічнага супраціву.
Гэта здарылася ў сакавіку 2006 года, пасля чарговых прэзідэнцкія выбараў. Я і па сёння не магу зразумець, чаму наш народны дыктатар не забараніў гэтыя масавыя паслявыбарчыя сходы. Ён жа з іх амаль заўсёды меў з каптуром сур’ёзных палітычных праблемаў! Толькі не кажыце мне пра Канстытуцыю. Я не ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка хоць аднойчы прачытаў яе ад пачатку да канца. Хаця калі нават аднойчы і прачытаў, дык для яго палітычнай практыкі гэта не мела ніякага значэння. Што лічыў патрэбным забараняць, тое і забараняў, не зазіраючы ў "святцы" і не зважаючы ні на закон, ні на міжнародных назіральнікаў.
Разам з тым, не забараняючы гэтыя сходы выбаршчыкаў, ён кожны раз вельмі сур’ёзна да іх рыхтаваўся. Яшчэ задоўга да дня выбараў усе дзяржаўныя сродкі не толькі паскудна ганілі апазіцыю, а яшчэ тупа запалохвалі грамадства крывавымі сцэнарамі, якія быццам ужо спланавалі ворагі Прэзідэнта.
Няма ахвоты нават пералічваць усе тыя ганебныя захады, што рабіла ўлада, каб змінімізаваць колькасць мітынгоўцаў на плошчы. І на гэты раз у яе шмат што атрымалася. Але галоўнае, яна напампавала горад страхам. Я наўмысна ехаў на плошчу тралейбусам (раптам метро перакрыюць) і ўзіраўся ў вуліцы - там амаль не было людзей. Я ніколі не бачыў такім пустым Мінск...