Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Дэманстрацыя мужнасці тут жа захлынулася. А пакуль праз дзверы абмяркоўвалі сітуацыю, дык з’явіўся і рамонтнік з начыннем. Толькі мы не сталі чакаць ліфта, а як праход прыадкрыўся, дык па лесвіцы цугам паспяшалі наверх.
Прысаромленыя канспіратары, што ўздумалі кагалам ісці на таемную сходку, яшчэ доўгі час пачуваліся няёмка. Аднак напоі былі добрыя, сябрына з тадышніх славутасцяў спагадлівая... Карацей, Рада БНФ абмеркавала ўсё, што хацела абмеркаваць, а мы ў гэты час прамаўлялі тосты. Я свой наўмысна падрыхтаваў і вывучыў дзеля гэтай сустрэчы. Не палянуюся пераказаць яго яшчэ раз, бо надта ж запомніўся той канспіратыўны дзень народзінаў.
...Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды. Насамрэч ён усюды і заўсёды прагне аднаго - утульнасці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна без Бога, нехта без грошай, а хтосьці - без свабоды.
Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сцежку да Бога? Падзячыць Богу за прытулак у вечнасці.
А што перадусім зробіць бядак, калі трохі назбірае грошай? - Прыдбае сабе катух.
А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі набудзе свабоду? Ён сядзе з сябрамі за стол і, падняўшы чарку, скажа:
- За ўтульнасць быцця!
Чалавек не птушка. Ён не любіць бясконцасць прасторы і беспрытульнасць волі. Таму чалавек увесь час будуе сцены і акрэслівае межы.
Мяжа — гэта зусім не тое, што раз’ядноўвае людзей, мяжа — гэта тое, што атуляе чалавека ад скразнякоў бязмежжа.
Чалавек можа знайсці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней, і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь...
І што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не з любові да свабоды, самастойнасці ці чаго там яшчэ, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларуссю ад скразнякоў бязмежжа.
***
Не зусім выспаны, назаўтра я ўжо ехаў у роднае мястэчка Свіслач, што знаходзіцца за сем кіламетраў ад мяжы з Польшчай. Рэч у тым, што некалькі год таму гродзенскія краязнаўцы на свіслацкіх могілках знайшлі магілу Віктара Каліноўскага, старэйшага брата Кастуся, які спеліў у ім прагу волі.
Пасля гэтага напрыканцы кастрычніка сюды штогод стаў збірацца народ, каб ушанаваць памяць пачынальнікаў беларускай справы. Звычайна найболей людзей было з Гродна і Мінска. Ды якія тут бывалі людзі! Не падабаюцца мне пералікі, таму адно заўважу, што менавіта тут я пазнаёміўся і адразу пасябраваў з маім любімым бардам Віктарам Шалкевічам.
Мы ехалі на машыне брата Юры. Але гэтым разам з намі яшчэ былі Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак і Лявон Баршчэўскі, які хаваўся ад уладаў на кватэры Арловых. Па дарозе завіталі да філосафа і паэта Алега Бембеля, што трымаў па-слушэнства ў Жыровіцкім манастыры. Напрыканцы сустрэчы выпадкова згадалі візіт Лукашэнкі ў манастар, і я моцна насварыўся на Алега.
Яшчэ раней, калі Юры Хадыка з Уладзімірам Сіўчыкам больш за 20 сутак трымалі ў турме галадоўку, Аляксандр Лукашэнка, шукаючы як залагодзіць абуранае грамадства, прыехаў у Жыровіцкі манастыр, і святары раскаталі перад ім дарожку. Пра гэта нават як бы ўхвальна распавёў Алег.
- Цар Ірад быў перад вамі, а вы яму крывавую дарожку пасцялілі і галовы перад ім схілілі, - раз’ятрана адгукнуўся я.
Відавочна, мая эмоцыя была залішняй. Праваслаўная царква заўсёды заставалася ўсяго толькі адным з інстытутаў дзяржавы. І паводзіла сябе адпаведна. Дык чаго тут ятрыцца?
Сябры далікатна прамаўчалі і не сталі мяне ўпікаць. Толькі нейкі час насцярожана пазіралі ў мой бок, паколькі раней не бачылі мяне ў стане шалёнай утрапёнасці. А такое, што праўда, гады ў рады, са мной здаралася. Напэўна, залішне шмат нянавісці, абурэння ды страхаў назбіралася за тыя дні, што пачыналіся з 17 кастрычніка.
Да бацькоў мы прыехалі падвячоркам. Нас ужо чакаў багаты стол і ўсхваляваныя тата з мамай ды сястрой. Такіх гасцей у іх яшчэ ніколі не было.
Як кажуць, мы добра пасядзелі, смачна павячэралі і дасхочу выспаліся. Назаўтра развітваючыся, бацькі атрымалі мноства шчырых кампліментаў ад шаноўных гасцей. Нават запомніліся словы Лявона: цяпер я ведаю, скуль у Вас такія сыны.
Пад гэты час з Гродна і Мінска ў Свіслач ўжо прыехалі два паўнюткія аўтобусы, а яшчэ шмат легкавікоў з розных месцаў. Згуртаваўшыся ў ладную калону, мы з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі да цэркаўкі на гары, побач з якой была магіла Віктара Каліноўскага. Толькі падышлі да помніка, як з цэркаўкі шугануў натоўп раз’ятраных бабулек, якія, наглядзеўшыся па тэлевізіі пра крывавую бойню 17 кастрычніка, палічылі, што мы прыехалі ў Свіслач рабіць рэвалюцыю. Чамусьці найбольшую ўвагу ў іх выклікаў барадаты і санавіты Уладзімер Арлоў. Яны атачылі яго, махалі кулачкамі, а некаторыя сваімі торбачкамі нават спрабавалі хвастануць па славутым пісьменніку. Спачатку гэта выглядала смешна, аднак хутка мне зрабілася сумна. Гэтак жа сама пасля паўстання мужыкі лавілі па лясах касінераў Каліноўскага ды здавалі іх царскім уладам. І тады падумалася зусім скрушнае: паспаліты беларус ніколі не змагаўся з уладай, ён заўсёды змагаўся толькі з уласнымі героямі...