Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Падаў ёй, сказаў:
– Як хочаш, Ева... Тваю просьбу я выканаў. Але ўсё роўна ты ў маёй памяці застанешся той, ранейшай, прыгожай Прынцэсай, таямнічай зоркай у сусвеце...
– Вось за гэта дзякуй. І не ўспамінай мяне кепскім словам.
Ева ўзяла са стала паперку, зірнула на яго, горка ўсміхнулася, сказала ціха “дзякуй” – і заспяшалася да дзвярэй.
Калі на калідоры сціхлі крокі, калі з акна пачуў, як яна выйшла на вуліцу, падышоў да шафы, наліў паўшклянкі каньяку.
Перад тым, як выпіць, прамовіў:
– Бывай, Прынцэса!..
8.
... Горка на душы ў Евы.
Так горка і пагана, што і жыць не хацелася.
Праз колькі дзён, тады, як выйшла ад пракурора, як развіталася з ім назаўсёды, пахаваўшы ў душы светлыя праменьчыкі, што яшчэ цьмяна ззялі наперадзе, – пайшла ў царкву.
Ніколі, як уступіла ў камсамол, не наведвалася ў храм. Некалькі бабулька Юля вучыла яе маліцца, хадзіла з ёю на вялікія святы на богаслужэнне, ставілі свечкі за памерлых і жадалі доўгіх год жывым. Бабуля хадзіла на споведзь і прычасце, трымаўшы перад гэтым пост... Вучыла і яе лучыць следам.
З самай раніцы, у нядзельку, накінуўшы на галаву цёмную касынку, прыйшла ў храм. Паставіла свечку бабулі, каб Бог спамянуў яе ў царстве сваім, стала за жанчынамі, чакала сваёй чаргі, каб падысці да святара...
Бабулька, што была перад ёю, доўга расказвала пажылому святару пра свае грахі. А за гэты час яна падумала пра сябе, што святар падобны нечым на вясковага каваля – дзядзьку Нікадыма, – і на душы стала адразу спакойна, ранейшае хваляванне і ўнутраны страх адразу некуды зніклі...
Яна падышла да айца Уладзімера, перахрысцілася, нахілілася і пацалавала срэбны крыж і Біблію. І калі на галаву ён паклаў плат, прамовіла першыя словы:
– Грэшная я, святы айцец! І хачу пакаяцца перад Госпадам за свае грахі...
– У чым ваш грэх?
І голас быў акурат, як у каваля. І яна ўбачыла перад сабою Нікадыма, і яшчэ больш асмялела.
– Мне доўга расказваць...
– І гаварыце доўга, раз камень ляжыць на душы...
Яна расказвала і плакала, плакала і расказвала. Не бачыла, як святар паказаў жанчыне, якая стаяла наступнай, каб ішла да другога спавядальніка, – слухаў, не перабіваў, пра што расказвала аve Ева, супакойваючыся толькі тады, калі захліпвалася яна ў сваёй шчырасці і праўдзе…
Ёй здавалася, што яна гаварыла цэлую вечнасць. А калі скончыла, то наіўна папыталася:
– Ці не стаміла я вас сваім доўгім аповедам?
– Шмат у вас накапілася ў душы, таму пра ўсё і хацелі расказаць...
Святар яшчэ і яшчэ распытваў у яе, удакладняў, не падрабязнасці, а яе душэўны стан на той момант. Пытаўся і пра іншыя грахі, якія былі ў яе... Аказалася, што іх накапілася шмат. Яна і сама не здагадвалася пра тое...
– Як зваць вас?
– Ева я, айцец Уладзімер...
– Імя прарадзіцельніцы... Ці просіце вы, Ева, даравання сваіх грахоў у Госпада?
– Прашу! Прашу, Божа, даруй, калі можаш, грахі мае!
Святар паклаў даланю на галаву, наклаў крыж, прамовіў:
– Даруюцца грахі рабе Божай Еве. Ідзіце – і болей не грашыце. З Богам!
Ева выйшла з храма, павярнулася да яго, тройчы наклала на сябе крыж. Выйшаўшы за вароты, далей ісці ўжо не магла. Села на лаўку, і доўга асэнсоўвала тое, што з ёю адбылося.
І не магла зразумець, адкуль у яе душы з‘явілася такая лёгкасць і ўзнёсласць. Навакольны свет адкрыўся перад яе вачамі па-іншаму, думкі яе скіраваліся на светлае і добрае... Ёй нават захацелася ўсміхнуцца, парадавацца сонечнаму дню, людзям, якія ішлі паўз яе, пра нешта гамонячы, ветрыку, які дакрануўся да твару...
Радасць пасялілася ў яе сэрцы.
Сама сабе прашаптала, звяртаючыся да Вышняга:
– Госпадзе, Божа мой! Дай мне сілы выстаяць і не сысці з абранай дарогі. Памажы не ўпасці ў ранейшы грэх!
З-за дрэва выглянула напоўніцу сонца, як блаславіла, пачуўшы яе словы...
А горыч не праходзіла.
Як рабіны з голаду наелася – і не выплюнуць горкія ягады, ні пракаўтнуць.
Нешта гаварыла ёй поўня, усміхалася.
Нехта іншы ўжо кіраваў яе дзеяннямі, не яна. Бо не помніла, як паднялася з ложка, як адчыніла тумбачку і згрэбла ўсе таблеткі, якія складвала, хаваючы ад дактароў, – набрала поўную жменю. Ды і гэтага ёй падалося мала – у Веркі Шымбалёвай, суседкі, узяла такую ж жменю...
Напоўніцу, аж у роце не ўмяшчаліся, хрумстала іх, вадой – прама з графіна – запіваючы...
Пасядзела з якую хвіліну на ложку, чакаючы, што ж далей будзе...
Акно зрушылася са свайго месца, пачало пераварочвацца... Страціла прытомнасць, – і ўпала на падлогу... Не чула, як ускрыкнула, спужаўшыся, Верка, пачуўшы, а потым і ўбачыўшы, што Ева ляжыць на зямлі, закрычала на ўсю палату, – на пост, спалоханая, пабегла...