Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 89
Перейти на страницу:

Акрамя міністра, у сьпектаклі не было занята аніводнага акцёра, і ўсе астатнія партыі гучалі ў запісе. Тым часам міністар шпацыраваў па сцэне, па-напалеонаўску заклаўшы руку за адварот прасьціны на грудзёх. У канцы першага аддзяленьня старэчы зладзілі міністру сапраўдную авацыю, устаўшы з месцаў і гукаючы «Брава!» слабымі ломкімі галасамі.

Рыгор таксама запляскаў і хацеў устаць, але на ягонае плячо лягла цяжкая рука.

– Не варушыся! Сядзі ціха! – загадаў незнаёмы голас. – У тваю башку глядзіць таўстая руля.

Рыгор адчуў нешта цьвёрдае, што ўткнулася яму ў шыю. Сумневаў не было – яго высачыў спэцназавец. Маланкай мільганула думка, што наўрад ці той захоча паднімаць шум пасярод сьпектаклю. І Рыгор імгненна адважыўся: ён ірвануўся направа, ускочыў і, прыгінаючыся, пабег уздоўж шэрагу фатэляў. Спэцназавец грозна закрычаў «Стаяць!», ляснула засаўка. У гэты ж момант Рыгор з размаху пераскочыў драўляны бар'ер, што адлучаў відоўню ад аркестравае ямы, і паляцеў уніз, чуючы над галавой грукат аўтаматнае чаргі і звон разьбітага шкла. Пэўна, спэцназавец страляў уверх і трапіў у люстру.

Вышыня была невялікая, але Рыгор прызямліўся няўдала – зваліўся на нейкі столец і моцна юкнуўся каленяй. Ён ляжаў на баку, у нязручным становішчы, заблытаўшыся ў пюпітрах, і спрабаваў устаць і бегчы далей. Але лік ішоў на сэкунды: праз колькі імгненьняў побач здрыганулася падлога, і цяжка груканулі чорныя боты. Спэцназавец навёў на Рыгора аўтамат і загадаў падымацца.

7. Як Лявон запісаўся ў бібліятэку

Лявон увайшоў унутар бібліятэкі, спыніўся каля ўваходу і захоплена азіраўся. Асьцярогі былі марныя, усярэдзіне яна выглядала ня горай чымся здалёк. Вялізарны хол асьвятляўся скрозь празрысты дах, што ляжаў на лёгкіх мэталаканструкцыях. Падтрымваючы шкло, яны сыходзілі ўверх, зьмяняючы абрысы, перапляталіся і губляліся ў вышыні. Усю гэтую складаную сістэму несьлі на сабе два шэрагі жоўтых глянцавых калён паабапал холу, а за калёнамі зьмяшчаліся лесьвіцы, якія вялі вышэй, да ядра «рэактара», як ужо называў сам сабе бібліятэку Лявон. Ля правай лесьвіцы паважна стаяў сталы вусаты вартаўнік у сінім мундзіры і фуражцы, ён рабіў выгляд, што не зьвяртае ўвагі на Лявона.

Нагледзеўшыся на мэталаканструкцыі, Лявон падыйшоў да вартаўніка і сказаў, што шукае Акадэмію навук. Вартаўнік пацьвердзіў, што Акадэмія навук цяперака тут, і што Лявону трэба на пяты паверх – але прапусьціць Лявона ён ня можа, бо спачатку належыць запісацца ў бібліятэку. Пра позьні час і канец працоўнага дня ён не сказаў нічога. Запіс рабіўся адразу, на маленькім круглым століку. Вартаўнік унёс Лявонавы анкетавыя зьвесткі ў вялікі сшытак у клетку, з тоўстымі жаўтлявымі старонкамі, і выдаў яму кардонавы пропуск, на якім значыліся імя, прозьвішча і нумар. Вартаўнік паказаў яму рукой на лесьвіцу і рог калідора, за якім трэба было сесьці ў ліфт, і папярэдзіў пра моцны скразьняк.

«Старэнькі, вось і баіцца скразьнякоў», – рассеяна адзначыў Лявон, павольна падымаючыся лесьвіцай і азіраючыся абапал. Але скразьняк на пятым паверсе сапраўды выявіўся незвычайны. Яшчэ пад'язджаючы да пятага на ліфце, Лявон пачуў парывісты шум, які бывае ў час навальніцы. Калі дзьверы адчыніліся, і ён ступіў з ліфта ў калідор, паветраны струмень садзьмуў ягоныя валасы ўбок і прымусіў шырэй расставіць ногі, каб ня страціць раўнавагу. Калідор сыходзіў направа і налева дугой і, мабыць, абымаў кругам усё ядро рэактара. Лявон павярнуў направа, каб вецер дзьмуў у сьпіну, а ня ў твар.

Доўга блукаць у пошуках не прыйшлося, на першых жа дзьвярох, насьцеж расчыненых, Лявон прачытаў напіс «Акадэмія Навук». Акадэмія навук выглядала сьціпла: вузкі пакой з кніжнымі стэляжамі ўздоўж бакавых сьценаў, а насупраць дзьвярэй – шырокае, таксама разнасьцежанае вакно і пісьмовы стол ля вакна. За сталом, нізка нагнуўшыся, сядзеў чалавек у акулярах і ў сьветлай кашулі з кароткімі рукавамі, ён нешта еў лыжкай з глыбокае керамічнае міскі. Лявонава зьяўленьня ён не заўважыў, бо да шуму ветру дадаваўся гук радыё – мужчынскі голас сьпяваў рамансы.

– Добры дзень! – павітаўся Лявон.

Акадэмік ня чуў і працягваў есьці, ня надта хутка, але засяроджана. Мяркуючы па белым колеры, у місцы было нешта малочнае, суп або каша. Лявон зрабіў крок наперад і паўтарыў прывітаньне. Чалавек здрыгануўся і павярнуўся да яго. Ён быў значна маладзейшы, ніж чакаў Лявон, гадоў трыццаці пяці, з далікатнымі рысамі твару і мяккім позіркам праз тонкія прастакутныя акуляры.

– Вам што? – спытаў ён строга, адначасна накрываючы міску вялікім сшыткам і дастаючы з задняе кішэні хустку, каб выцерці рот.

– Я... Я, бачыце, без асаблівае справы. Хацеў пагутарыць з кімсьці з навукоўцаў, у мяне шмат пытаньняў назапасілася, – Лявону прыйшлося напружыць голас, каб ягоныя словы не патухлі ў скразьняку і рамансах. – Прабачце, што я ня ў час, але вартаўнік сказаў мне, што можна...

– Дык можна, чаму ж не! Вы не бянтэжцеся, я проста зладзіў сабе перапынак павячэраць, – акадэмік ветліва ўсьміхнуўся, устаў, выявіўшы невысокі рост, і падыйшоў да Лявона, працягваючы руку. – Мяне клічуць Пятрусь! Як вы назваліся? Лявон? Вельмі прыемна. Якія ў вас пытаньні? Ці не міністар вас да мяне прыслаў?

– Не, міністар мяне не дасылаў, я сам, – Лявон пачуваўся па-дурному, ён зьбянтэжыўся, ўцягнуў сусьлі, і гэты гук прыпаў на паўзу ў рамансу дый прагучаў нечакана гучна. – Мабыць асноўнае маё пытаньне – ці існуюць жанчыны насамрэч? І калі так, дык у чым іхнае адрозьненьне ад мужчынаў? Такім парадкам, ўжо два пытаньні атрымалася.

– Ат! Восб як! Застудзіліся! – усьмешка Пятруся з ветлівай расьцягнулася ў цалкам шчасьлівую. – Выдатна! Выдатна! Вы – мой першы застуджаны госьць! Унікоўная зьява! Вельмі рады вам! Якая ўдача!

Лявон разгублена слухаў узьнясеньні Пятруся, гледзячы на ягоныя тонкія цёмныя валасы, якія трапяталі на скразьняку. Яго турбавалі сумневы – ці ня варта яму тактоўна выдаліцца і дазволіць акадэміку спакойна паесьці.

– Тут, ведаеце, так мала людзей бывае, што паціху ня толькі правілы ветлівасьці забываеш, але на’т губляеш навык простае гутаркі. Міністар ужо даўно абяцаў мне чалавека даслаць, каб дапамагаў у досьведах, і ўсё ніяк. З вартаўніка нашага што возьмеш? Безадказная істота. Вельмі рады вам! Ці даўно хварэеце? Новазастуджаныя, ведаеце, ідуць звычайна да ўлады праўду шукаць, а бібліятэкай ці Акадэміяй навук анікому і ў галаву ня прыйдзе пацікавіцца. А песьні вы яшчэ ня слухалі? Не?

Пятрусь гаварыў, падняўшы галаву і ўважліва зазіраючы Лявону ў вочы. Праз колькі сэкунд ён папрасіў прабачэньня, адвярнуўся і чхнуў у хустачку, тонка і сьмешна.

– Ведаеце, падтрымваць застуду ня так ужо і проста. Вы заўважылі?

– Дарэчы, хацеў яшчэ запытацца ў вас, ці нельга праз застуду памерці? – усхвалявана перарваў Лявон, успомніўшы свае боязі. – Калі занадта яе запусьціць? Як утрымаць яе прад незваротнымі працэсамі?

– Не-не-не! – Пятрусь узмахнуў рукамі і засьмяяўся. – Пра гэта можаце не хвалявацца.

– Але ж калі...

– Прысядзьмо, – прапанаваў Пятрусь. – Я вам пастараюся зараз патлумачыць. Вось сюды сядайце.

Пятрусь вярнуўся на сваё месца за сталом, а Лявона пасадзіў насупраць, побач з адчыненым вакном. З вакна так моцна дула, што ў Лявона пачалі сьлязіцца вочы, і ён мусіў адвярнуцца, нават не пасьпеўшы разгледзець краявідаў. Ён паставіў локаць на падваконьнік і прыкрыў твар далоньню. «Белеет парус одинокий...» – сумны мужчынскі голас запеў наступны раманс. Лявон заўважыў, што гук даносіцца з бардовага плястмасавага рэпрадуктара, які стаяў на адной з паліц кніжнае шафы за сьпіной у Пятруся.

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)