Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Міжцараванне (лац.).
Апавядаючы ўсё гэта, зброяносец Райнера нібы рыхтаваў Жывену да яе новага жыцця, аднак зняць ланцугі з яе адмовіўся наадрэз:
— Мой уладар верыць, што я выканаю яго загад. А ты не дзяўчына — агонь, і калі я ўпушчу цябе…
Рыжы Ота неадабральна касіўся на Бруна, які, развязаўшы ўвечар рукі Жывене, дазволіў ёй паесці адной пад разложыстай ліпай, а пасля трохі паляжаць. Аднак жа ніхто з немцаў не абшукаў яе і не знайшоў маленькія абцугі, якія яна паклала ў патайную кішэню каптана. А яны грэлі яе, як надзея на выратаванне, якая то згасала, то разгаралася нястрымным, зыркім полымем душы, гатовай ахвяраваць жыццём дзеля волі. Аднак жа не выпадала рызыкаваць дарэмна, а Бруна на прывалах амаль не зводзіў з яе вачэй. Цяпер усё часцей за фурмана сядзеў Ота, таму Жывена і не магла ні аб чым дамаўляцца з Зайцам, які, мабыць, таксама абдумваў планы ўцёкаў, бо пры кожным прывале перш за ўсё чэпка абмацваў вачыма наваколле, як прыкідваючы нешта, на што рыжы Ота злавесна і пагражальна штурхаў яго ў плечы і гразіў мячом.
Дзень за днём ехалі яны ўглыб Нямеччыны, мінаючы вялікія дарогі. Ехалі лясамі, як разбойнікі, бо, патлумачыў Бруна, рабавалі якраз на вялікіх шляхах, асабліва на памежных землях княстваў. І толькі ў канцы другога тыдня выдалася нагода, аб якой даўно марылі і Заяц, і Жывена, і маўкліва-панылы Няжыла, які цяпер зацята маўчаў, не гледзячы на дзяўчыну і свайго напарніка, ды неадменна стараўся ўхапіць кавалак большы, чым у Зайца. Але, хаця і марыў Няжыла аб волі, аднак, калі Заяц выклаў яму свой план пабегу, рызыкаваць не захацеў:
— Сілком зброю ў іх не захопіш, яны воі, а мы…
Тады Жывена і Заяц згаварыліся зрабіць па-свойму. Дзяўчыне ўдалося непрыкметна перадаць свайму спадарожніку абцугі, і ўвечары, калі моцна заснуў Бруна, які заўсёды клаў непадалёку ад сябе давераную яму дзяўчыну, а Ота, які дзяжурыў у тую ноч, падкідваў галлё ў вогнішча, да яго ззаду падпоўз малады гаршкалеп. Усё адбылося імгненна: выхапіўшы меч з похваў вартаўніка, хлопец з усяе сілы ўсадзіў яго ў ворага. Кароткі хрыплы крык прымусіў ускочыць Бруна, але, калі ён кінуўся з кінжалам на Зайца, Жывена лоўка схапіла яго за нагу, і ён грымнуўся на карчы, як вяпрук, з рыкам, аднак ускінуўся і пачаў бой. Заяц, нягледзячы на маладосць, уступаў старому вою ў сіле і спрыце, але Жывена закрычала па-нямецку:
— Бруна, ён не заб'е цябе, толькі дай нам уцячы!
Няжылы ўжо не было тут — ён паўзком пакінуў сваё месца, падаўся, відаць, у лес. Чуваць было ў цемры, як гнеўна заржаў Рос — мабыць, бягляк спрабаваў усесціся на яго.
Жывена бездпаможна азірнулася — Заяц адступаў, хаця і адчайна супраціўляўся. Меч Бруна ў похвах ляжаў ля яе ног, выблісквала дзяржальна ў выглядзе змяі. Яна з агідай схапілася за халодную змяіную галаву, выцягнула даўгі, цяжкі меч. Закрычала яшчэ раз з адчаем:
— Бруна, я заб'ю цябе, чуеш? Адыдзі ад яго!
— Лепей не падыходзь, дзяўчына, іначай я прывязу Райнеру толькі твае залатыя валасы! — з натугай, здзекліва прасіпеў ахоўнік, не адводзячы вачэй ад маладога свайго саперніка, але, мусіць, супакоіўшыся наконт яго вайсковага ўмельства. Бачна было, што ён ужо выбіраў хвіліну, калі можна будзе параніць таго ў руку, каб, выхапіўшы меч, канчаткова з ім расправіцца.
Жывена ўбачыла — ён не дасць падысці і ёй, не дазволіць нават падняць меч. І адначасна са страхам, разгубленасцю раптам з самых глыбінь душы ўзнялася ў ёй шалёная, неўтаймоўная прага вызвалення. І позірк яе ўпаў на два камені, што ляжалі ў вогнішчы — на іх ставілі гаршчок з варывам. Яна скочыла да іх так хутка, што Бруна не паспеў ухіліцца ад каменя, які ўдарыў яго па вуху так моцна, што прымусіў вохнуць і схіліцца ад болю. Тады, адначасна з крыкам Жывены «Не забівай!» Заяц зверху секануў яго мячом, і Бруна грузным мехам паваліўся яму пад ногі.
— Гатова! — задыхаючыся, вымавіў хлопец і з дакорам глянуў на жрыцу: — Яшчэ трохі, і ён бы змянташыў мяне на капусту, а ты…