Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
А яна сама?.. Аліцыя здрыганулася.
Пранізлівае «Міау-у-у-у-у!» прарэзала цішыню.
Другое, трэцяе, дзясятае… Яны нанізваліся на невыразную мелодыю аркестра палкім заклікам.
— Міау-у-у… міау-у-у-у-у…
Аліцыя выцерла лоб і наліла сабе віна.
Адвакат Лэньчыцкі апантана мяўкаў, яго ахрыплы ад алкаголю голас невыносна раздражняў.
Друцкі ўнізе важна дырыжыраваў. Прафесар Бруніцкі, склаўшы рукі на грудзях, смяяўся: яго пенснэ крыху скрывіліся і гэта надавала яму трагікамічны выгляд.
— Адвакат, — Аліцыя пацягнула Лэньчыцкага за рукаў, — супакойцеся!
— А то што? — адарваўся ён ад парапета.
— Досыць! Вы здабываеце з сябе гукі льва, але досыць.
— Цудоўная забава, выдатная!
— Падсуньце мне лепей каву.
А між тым, аркестр пасля бурных апладысментаў зайграў якісьці факстрот, і Друцкі з’явіўся наверсе.
— Не сядайце, — стрымала яго Аліцыя. — Хадземце.
Ён адказаў усмешкай.
Лэньчыцкі заплаціў па рахунку, і яны спусціліся ў вестыбюль.
— І маё футра, — кіўнуў Друцкі.
— Вы выходзіце, пан дырэктар? — падбег здзіўлены касір.
— Так, але я хутка вярнуся. Чакайце мяне з касай. Графу Пашніцкаму з чацвёртай ложы можна рахунак запісаць. Да пабачэння.
— Маё шанаванне пану дырэктару.
На дварэ іх атуліў цёплы павеў ветру. Вуліца была сухая, высока ў небе блішчаў месяц.
— Пойдзем пешшу, — вырашыла Аліцыя.
— Што? — здзівіўся адвакат.
— Я пайду пешшу, а пан Вінклер мяне праводзіць. Вы, адвакат, зразумела, едзеце дадому. Добрай ночы!
Аліцыя падала яму руку.
Адвакат, відаць, прывык ужо да безапеляцыйных рашэнняў Аліцыі, дык і не пярэчыў. Ён сеў у найбліжэйшую машыну і, мінаючы іх, памахаў сваім кацялком.
— Вы заўважылі, што вясна адчуваецца не толькі дзякуючы росту тэмпературы?
— Так. У паветры ёсць нейкая мяккасць, — разняволена сказала Аліцыя.
— Я меў на ўвазе не знешнія змены ў прыродзе, не тыя, што адбываюцца вакол нас, — усміхнуўся Друцкі.
Аліцыя мімалётна зірнула на яго.
— Вы што, нібыта… барометр?
— Проста я ведаю… У дадзеным выпадку гэта можа быць недакладна.
— Што?
— Што вясна ідзе.
— Чаму? Досыць вам зірнуць на каляндар.
— Вы казалі пра барометр. Дык вось, як марак, падарожнік і ўвогуле чалавек, добра знаёмы з компасам, я ведаю, што гэты прыбор не заўсёды паказвае на поўнач. Часам стрэлка паварочваецца да найбліжэйшага металічнага прадмета.
Аліцыя засмяялася:
— Барометр таксама памыляецца?
— Усё магчыма.
— Ну, тады гэта вельмі дрэнны барометр, калі ўва мне прадчувае вясну. Мне, дазвольце, дваццаць дзевяць гадоў. Бліжэй да восені.
— Не, — запярэчыў Друцкі, — восень — гэта перыяд замірання вясны, якая задаволілася летам. А вамі вясна завалодала. Нічога, што яна вас апаноўвае…
— Я ведала дзяўчат, якія да сямідзесяці гадоў сцераглі сваю вясну. Вы мяне не пераканалі.
— У іх ёсць вясна, толькі згусла, як кіслае малако. Але ж ёсць.
— У вас арыгінальныя погляды.
— Дазвольце, гэта не мае погляды. Так мне здаецца зараз. Магчыма, што ўсё зусім інакш.
Яны звярнулі на Макатоўскую і ішлі моўчкі.
— Навошта вы мяне хацелі праводзіць?
— Бо мне з вамі таксама добра, як і вам са мной.
Яна не адказвала. Калі б зараз яна дазволіла сабе прамовіць слова, то не здолела б сказаць іншага, чым тое, што аддало б яе ў няволю.
Аліцыя ўмела валодаць хвіліннымі эмоцыямі. Яна цудоўна ўсведамляла, што разам з гэтым чалавекам не магла б заставацца незалежнай. Яна яшчэ добра не ведала, чаму адчувае ў ім элемент нібыта прыроджанай улады, улады падсвядомай, але не менш захопніцкай, аднак яна ведала, што ёй ён не авалодае.
Друцкі ішоў побач, задуменны і спакойны.
— Вы непадобны да многіх сваіх землякоў. Амерыка не здолела паставіць на вас сваё жахлівае стандартнае кляймо.
— Я з усяго свету, — сказаў ён прама.
— Вы шмат вандравалі?
— Шмат.
— Ну дык раскажыце што-небудзь, — нецярпліва ўскрыкнула Аліцыя.
— Не. І вас, і мяне зараз цікавяць іншыя справы. Вам хіба не хочацца, каб вас… забаўлялі?
— Не.
— Вы пракурор.
— Падпракурор.
— Навошта вы абралі такую прыкрую прафесію?