НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Каб забяспечыць школьніцтва адпаведнымі кадрамі, у Беластоку быў створаны Педагагічыны інстытут, у Баранавічах, Гродне і Пінску — інстытуты абучэння настаўнікаў, а ў Брэсце, Маладзечне, Навагрудку і Лідзе — настаўніцкія курсы. Даваенная польская гімназія і настаўніцкія курсы былі для асоб рабочага і сялянскага паходжання дастатковай адукацыяй, каб атрымаць працу ў школе. У заходнія вобласці было перанесена з усходняй Беларусі звыш 700 настаўнікаў. Школьная адміністрацыя ўхілялася, аднак, прымаць на працу ў якасці настаўнікаў асоб, якія працавалі ў польскай асвеце да 1939 г.
Да кастрычніка 1940 г. надрукавана было і распаўсюджана ў школах на тэрыторыі заходніх абласцей БССР 64 найменні падручнікаў на рускай мове, 44 — на польскай, 43 — на ідыш і 39 — на беларускай. Падручнікі былі адным з фактараў, якія спрыялі пераводу выкладання з беларускай мовы на рускую. Прытым сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў на рускай мове, выдавецкая і кадравая палітыка ў школах паказвалі, што савецкія ўлады імкнуліся уніфікаваць сістэму навучання ва ўсёй БССР паводле мадэлі, якая абавязвала на ўсходзе рэспублікі. А гэта абазначала непазбежную русіфікацыю асветы таксама і ў заходніх абласцях.
Савецкая асветная сістэма мела перш за ўсё фарміраваць пераканне ў перавазе камуністычных стандартаў жыцця над усялякімі формамі, якія існуюць у капіталістычных краінах. Папаўненнем традыцыйнага школьніцтва былі курсы грамадзянскай адукацыі, якія вяліся на заводах, у вясковых клубах, на вышэйшых навучальных установах спецыяльна падрыхтаванымі групамі агітатараў. У вёсках і мястэчках арганізаваліся хаты-чытальні, дамы сацыялістычнай культуры або чырвоныя куткі, у якіх збіраліся экспанаты-доказы аб адвечным імкненні жыхароў дадзенай мясцовасці да савецкай сістэмы.
Савецкія ўлады многа ўвагі адводзілі культурнай актывізацыі грамадства. Перавагу аддавалі яны самадзейнасці. У кожнай большай вёсцы арганізаваліся гурткі самадзейнікаў, дэкламатарскія конкурсы і фестывалі рэвалюцыйнай песні. Для абслугі святкванняў, якія значыліся ў савецкім календары, прыцягваліся лепшыя музыканты, танцоры і спевакі.
Самым надзейным сродкам прапагандавання савецкай мадэлі жыцця і камуністычных вартасцей было кіно. У гарадах заходняй Беларусі ў 1939–1941 гадах колькасць кінатэатраў павялічылася ўтрая. Асаблівая роля ў галіне ідэалагізацыі вясковага грамадства адводзілася кінаперасоўкам. Большасць сялян рухомы вобраз на сцяне бачыла ўпершыню. Кінакарціна ўжо як тэхнічная з’ява так моцна ўздзейнічала на ўяўленне, што на яго дэманстрацыю сыходзіліся сяляне з аддаленых вёсак. Была гэта для іх вялікая інтэлектуальная прыгода, якую падаравала ім савецкая ўлада. Героі экрана, якія ігралі ролі чэкістаў часоў бальшавіцкай рэвалюцыі, перадавікоў індустрыялізацыі і калектывізацыі ставаліся маральныі ўзорамі для мясцовай моладзі.
Падобную ролю мелі выконваць літаратура і друк. У кожным раёне была свая газета. Спачатку большасць рэспубліканскіх, абласных і раённых перыядычных выданняў выходзіла на беларускай мове. Пад канец 1940 г. у друку пачала пераважаць руская мова. Выходзіла таксама 8 газет на польскай мове, у тым ліку дзве рэспубліканскія — «Піянер» («Pionier») і «Сцяг свабоды» («Sztandar Wolnosci»). Словы «свабода, вольнасць» віднеліся таксама i ў загалоўках двух польскамоўных лакальных газет — раённай «Свабодная Ломжа» («Wolna Lomza») і беластоцкай абласной «Вольная праца» («Wolna Praca»).
Падчас уступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай здарылася шэраг выпадкаў разбурэння цэркваў, касцёлаў, сінагог і манастыроў савецкімі салдатамі і мясцовымі партызанамі. Загінула некалькі дзесяткаў духоўных розных веравызнанняў. У першых месяцах савецкай улады, апрача канфіскацыі зямлі, не арганізаваліся масавыя акцыі супраць храмаў і рэлігійных абшчын. Багаслужбы ў цэрквах, касцёлах, сінагогах звычайна адбываліся без перашкод.
Вясною 1940 г. бальшавікі таксама і ў галіне веравызнанняў пачалі праводзіць палітыку падобную на тую, якую дзесяцігоддзямі ўкаранялі ў Савецкім Саюзе. Зыходзілі яны з пункту гледжання, што інтэграцыя краіны патрабавала ліквідацыі канкурэнтных светапоглядаў і ідэалогій. У сакавіку 1940 г. забаронена было выкладаць рэлігію ў школах. Неўзабаве многія духоўныя ўсіх веравызнанняў былі арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі да 1939 г. Найбольшым рэпрэсіям падвяргаўся праваслаўны клір, паколькі беларусы, якія складалі большасць вернікаў гэтага веравызнання, былі прызнаны найбольш падатлівымі светапогляднай пераарыентацыі. Часта арыштаваныя духоўныя замяняліся асобенямі, якіх паводзіны абражалі святарскі чын. Быў гэта адзін з метадаў кампраметацыі рэлігіі і інстытутаў Царквы ў вачах вернікаў. Большасць святароў была пазбаўлена права карыстацца прыхадскімі дамамі, якія перадаваліся ў распараджэнне арміі, райвыканкамаў ці сельсаветаў. Некаторыя настаяцелі прыходаў абкладаліся падаткамі, якіх яны нават з дапамогай прыхаджан не маглі заплаціць. Неўзабаве канфесійныя абшчыны мелі таксама плаціць арэнду за карыстанне сакральнымі аб’ектамі — цэрквамі, касцёламі, сінагогамі. Памеры арэнднай платы вызначалі райвыканкамы ў залежнасці ад таго, ці дадзены сакральны аб’ект планаваўся перадаць нейкай савецкай установе ці не. У першым выпадку вызначаліся вялікія аплаты, несуразмерныя да фінансавых магчымасцей прыхаджан. Задоўжанасць абазначала неадкладную канфіскацыю храма. Такім чынам цэрквы, касцёлы, сінагогі замяняліся на кінатэатры, дамы народнай культуры, участкі НКУС, стайні, майстэрні, фабрыкі, казармы або турмы.