Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Калі гэта ён?
— Учора ў абед. Вязу гэта я настрамачак вішаю, аж ідзе. Паздароўкаўся лагодна, нібы здзекуецца, і ўшчаў...
— Добра, тата, што сказалі. А напужаліся дарэмна. Яны ўжо нашых крывавых слёз папілі, хопіць. Кончылася іх свята. Ну, бывайце здаровы.— Аляксандр, сагнуўшыся, выйшаў з хаты і, грузаючы ў сумётах, падаўся ў воласць.
Марылька праз шыбіну доўга глядзела яму ўслед. Ёй рабілася страшна, што брат ідзе лесам адзін, што завіруха замятае яго сляды, што на іх сям'ю па-звярынаму зацята глядзяць усе засцянкоўцы. І раней тут Салаўям усе былі чужыя — ніхто не заходзіў у хату і іх не пускаў далей парога, а цяпер праходзяць унурыўшыся і нібыта не пазнаюць ні бацьку, ні Марыльку, ні мачаху. Здаецца, жыўцом праглынулі б. А вечарам выйдзеш з хаты, зірнеш на гэтыя трынаццаць прысадзістых дамоў за высокімі парканамі, пад бляшанымі дахамі, з шчыльна зачыненымі аканіцамі і здаецца — за іх тоўстымі сценамі чаўпецца нешта нядобрае і страшнае. Вельмі ж боязна Марыльцы за брата.
А ён, трошкі падаўшыся наперад, ідзе ў завіруху, бо ведае, што ў воласці яго чакаюць дзяды і салдаткі, бязрукія і бязногія мужчыны з медалямі на шынялях, падрэзаных на анучы яшчэ недзе ў мазурскіх балотах. Чакаюць, бо вераць яму, бо хочуць памагчы, каб хутчэй усё было так, як напісана ў тых дэкрэтах.
Аляксандр ка ганку воласці развязаў башлык, атрос шынель, абабіў чобаты.
На зборні, каля добра напаленай грубкі сядзелі Параска Кавалевіч і Мікодым Гошка. Жанчына крэсівам высякала іскры і дзьмухала на жоўтую губку. «Няўжо салдатка з гора закурыла?» — падумаў Аляксандр, але ўбачыў заткнуты за папругу пусты рукаў Мікодымавага шыняля і ўсё зразумеў. «Добрыя нашы кабеты, спагадлівыя. Гора прывучыла іх і араць, і касіць, і лапці плесці. А дай такой Парасцы выгоду, прыбяры ў шаўковую сукенку ды капялюшык, выведзі на Неўскі — раты паразяўляюць... Цяпер жа ёй і яе дзецям патрэбен хлеб, трохі ярыны, каб увесну абсеяцца...» Старшыня прысеў паміж Мікодымам і Параскаю, працягнуў чырвоныя закляклыя рукі да грубкі.
— Ну ж і мяце! — загаварыў Мікодым.— Зірнуў у акно, думаю — снегавік сунецца, а прыгледзеўся, аж — старшыня. І чаго табе ў тое Харомнае хадзіць? Начуй хоць у мяне. Любы цябе прыме.
— Гэта праўда, толькі старых з сястрою не хочацца крыўдзіць.
Параска слухала, апусціўшы прыгожыя вейкі, толькі часам зіркала на Салаўя і зноў апускала вочы.
Потым утраіх зайшлі ў старшынёў пакой. Збоку за сталом, заваленым тоўстымі прашнураванымі кнігамі, сядзеў Максім Ляўкоў. Ён гартаў кнігі і нешта выпісваў у школьны сшытак. Аляксандр павітаўся і падгартаваў:
— Сакратар не можа жыць без паперак. Ці не надумаўся рабіць рэвізію старой царскай воласці?
— Раблю. І самае цікавае — шнуравая кніга каморніцкага абмеру зямель нашай воласці,— ён адгарнуў шэрую вокладку з пакручастымі разводамі,— за 1910 год. У Ермаліцкіх і Перагудаў больш зямлі, чым у васьмідзесяці руднянскіх гаспадароў.
— Яно і без кніг відно,— уставіла жанчына.— Хіба ж зраўняеш нашы пяскі ды балаціны з тою, што шэршні пад сябе падгрэблі.
— Цяпер зраўняем, Параска. Ну, расказвайце, што вы з Мікодымам выявілі,— сказаў Салавей.
Мікодым выцягнуў з-за пазухі аркуш канторскай паперы, разлінаваны на два слупкі. Над адным было напісана насліненым алоўкам «каму», над другім — «што трэба». Пачаў чытаць і тлумачыць. Называліся прозвішчы ўдоў, салдатак, інвалідаў, спрадвечных парабкаў, у якіх не было ні каня, ні каровы, ні насення на вясну. Параска толькі ківала галавою ды часам дадавала ўголас:
— Ой праўдачка, ой бядота; мудрэй, як у мяне.
У спісах вельмі часта паўтараліся аднолькавыя прозвішчы: Кавалевічы, Гошкі, Падуты, Жулегі. Салавей часам перапытваў:
— Гэта каторы Кавалевіч, Кажушка ці Ёршык?
Мікодым называў мянушкі і чытаў далей.
— Трэба будзе ў кожным сяле арганізаваць камітэты беднаты. Яны будуць савецкаю ўладай на месцы. Няхай збяруць людзей і рашаюць, каму чаго і колькі даць. А цяпер трэба забраць усе лішкі збожжа ў панскім двары і ў засцянковай шляхты. Ссыплем у магазын і будзем раздаваць беднаце.
— Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа,— загаварыла Параска.— Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць.
— Хай паспрабуюць толькі! Кан-фіс-ку-ем,— па складах расцягнуў Салавей незнаёмае слова і тут жа паправіўся: — Сілаю возьмем.
— Узяць можа і возьмеш, а чым аддаваць будзеш? От прыпруцца легіёншчыкі ці яшчэ якая навалач, што тады,— выказала Параска свае трывогі.— Унь, калець, у Бабруйску палякі што хочуць, тое і робяць, і Саветы ад іх пахаваліся. Ты іх адзін раз папужаў, глядзі, каб яны табе гэта не прыпомнілі.