Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
А нейкі жартаўнік затупаў на месцы, нібы даганяючы. Апошнія легіянеры хапаліся за парэнчы дрызіны і куляліся ў адчыненыя дзверы.
Салаўёўскія хлопцы аж за жываты браліся. Дзядзькі адзін перад адным частавалі іх самасадам, хвалілі і распытвалі, адкуль і чые яны.
Анупрэй палічыў трафеі: дваццаць карабінаў, тры наганы і дзве скрынкі патронаў.
Салавей ссунуў шапку на патыліцу, як робіць кожны, закончыўшы важную работу, і падышоў да натоўпу.
— Дзякуем, што памаглі. Без вас бы нам не ўправіцца з гэтакай араваю. Выходзіць, што цяпер уся сіла ў вас.
Воддаль стаялі перапалоханыя тэлеграфіст і дзяжурны па станцыі.
8...
Ермаліцкія прагналі Івана на пачатку зімы. Андрэй адважыў яму мяшэчак жыта — от і ўся плата за парабкоўства.
— Ты ж толькі вельмі злосці не затойвай. Так яно скруцілася. Шэльма гэтая вінавата. І чым ты толькі, хе-хе-хе, яе прысушыў? — Андрэй набраў шуфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех.— Так што мы з табою квіты і жаліцца няма за што.
Іван дастаў з-за пазухі кажушныя рукавіцы, моўчкі паклаў свой заработак на маленькія саначкі і падаўся за вароты.
Ад'ехаўшыся да лесу, ён спыніўся, паглядзеў на хутар. Як тут усё агоркла яму! Даўно плюнуў бы на гэтую ласку, каб не яна. Ён дзівіўся, што ў такім воўчым кодлішчы ўрадзілася прыгожая, добрая і ласкавая Гэлька. Можа таму такая, што радасці не бачыла ў гэтым бязлюддзі. Зімою хутар замяталі снягі, увосень па даху нудна барабаніў дождж, а яна сляпілася за кудзеляю ці абдзірала пер'е, а з вясны да замаразкаў пласталася на поліве, жніве ды на сене. Прасілася вучыцца — не пусціў, скнара! Гэля ўсім спагадала, жалілася часам, як ёй нудна тут. Потым неўпрыкметку палюбіліся, ды так, нібы хто любіснікам апаіў. От вярнуўся б, каб зірнуць на яе, ды дзе там, справадзілі ў засценак да цёткі, каб і не бачыла і не чула пра яго. Яшчэ гэты афіцэрык сыскаўся, каб яму пуста было. Ці не ўцёк, што хаваецца ад людзей? Але Іван падцікаваў, калі той бег за пуню. У бравэрку адзеўся, каб не пазналі.
Калі праўда, што зямлю наразаць будуць, узяць бы дзе якую дзесяціну, дзве. Можа і лесу дадуць, хату агораць? От тады б зажылі з Гэлькаю! Каб толькі яе сілаю за якога шляхцюка не выпхнулі.
Іван яшчэ раз зірнуў на хутар, увагнуўся і пацягнуў саначкі.
...Прыцемкам да Ермаліцкіх пад'ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Андрэй загнаў у будку Пірата, вазок паставіў пад паветку, каня прывязаў у стайні да карыта з аўсом.
Ён ніяк не мог уцяміць, якая патрэба прывяла да яго самога Мікалая Мікалаевіча. Ніколі ж не быў, а то прыляцеў на ноч гледзячы. Са шляхтаю той вялікага хаўрусу не вадзіў. Так, вітаўся тады-сяды, а часцей не пазнаваў. Ведама, поўны гаспадар такога маёнтка, што хоча, тое і робіць. Толькі грошыкі кожны месяц у Петраград пасылае, раней самому Іваненку, а цяпер ягонаму зяцю, барону. Ведама, і сябе не крыўдзіць. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; хто мераў, колькі каровы малака далі, колькі спірытусу выгналі; хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. А цяпер, бач ты яго, сам прыджгаў; мабыць, нешта прыспічыла.
Андрэй увайшоў у хату. На кухні гарэла невялічкая лямпа, а ў камору прасочвалася святло толькі праз адчыненыя дзверы. Там на доўгай драўлянай канапе сядзелі Мікалай Мікалаевіч і Казік.
— Чаго ж у той хаце лямпу не запаліш? — забурчаў стары на японку.
— Запальвала, дык не хочуць.
— Так яно лепей, Андрэй Фядотавіч,— азваўся з цёмнае каморы ўпраўляючы і зноў прыглушана загаварыў Казіку: — Банда гэтага Салаўя-разбойніка ні ў якім разе не павінна ведаць пра нашу з вамі сустрэчу.
Мікалай Мікалаевіч весела захіхікаў, радуючыся сваёй дасціпнай прыдумцы. Ён тут ужо адчуваў сябе не госцем, а гаспадаром: падсунуў гнутае вепскае крэсла і арыстакратычным жэстам прапанаваў старому садзіцца. Той прымасціўся на краёчку, нібы сам быў у гасцях. Мікалай Мікалаевіч працягваў ціха, але горача і катэгарычна:
— Не сёння-заўтра гэтае дзікае, выпушчанае на волю быдла ўварвецца ў маёнтак і па зярняці, па цвічку расцягне ўсё, што набывалася вякамі. А потым возьмуцца і за ваш хутар. Але, але, возьмуцца! Вы сумняваецеся? Чытайце дэкрэт гэтых самазванцаў. А слова якое прыдумалі: дэ-крэт! Мужыччо, а ў інтэлігентаў гуляюць, на французскі пранонс захварэлі. Тожа мне, дэкрэтнымі! Дык у гэтым дэкрэце так і пішуць, што ўсе панскія, удзельныя, царкоўныя і манастырскія землі з усёй маёмасцю пераходзяць у распараджэнне Саветаў. Разумееце, што гэта значыць? Саветаў! Савет галадранца з бандытам!
Казік некалькі разоў памыкаўся ўскочыць перад старэйшым па званню, хоць і без формы, афіцэрам. Мікалай Мікалаевіч велікадушна яго прытрымліваў за руку і казаў: