Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ноччу Казік чуў, як круцілася і вохкала маці. Не спалася і яму. Чутно было, як бэльку тачыў шашаль, як у шыбіну біліся снежныя крупы і рыпеў над студняю вочап. Ён перавярнуў гарачую падушку, паклаў бліжэй да краю наган, заплюшчыў вочы, а ў галаве круцілася мяцеліца думак. Яму хацелася хутчэй убрацца ў свой афіцэрскі мундзір, ускочыць на каня і павесці з хутароў сотні хлопцаў і мужчын на гэтыя бальшавіцкія кодлішчы, а там падыдзе армія, верная трону, сатрэ ў пэтлахі чырвоную погань, ускладуць прапаршчыку Ермаліцкаму на плечы пагоны з двума прасветамі, тады можна будзе пачынаць сапраўднае жыццё. Ён перабіраў у памяці ўсіх хутаран і засцянкоўцаў, што пойдуць за ім, падумаў, што без кулямёта ім не абысціся, але дзе яго ўзяць? Няхай Мікалай Мікалаевіч расстараецца ў Доўбар-Мусніцкага для «аховы маёнтка барона Урангеля». Разабраўшы, можна будзе прывезці ў возе пад сенам. Казік шкадаваў, што адразу не дадумаўся і не сказаў пра гэта.
9...
Трое сутак круціла мяцеліца. Гнала ў полі доўгімі пакручастымі пасмамі снег, панамятала гурбы каля хат і парканаў, гула, скавытала, выла. Паперамятала дарогі — ні прайсці, ні праехаць.
— Няйначай, чэрці ўскруціліся,— атрасаючы ў парозе снег, сказаў Раман.— Як ты, сынок, дабярэшся да тае воласці. Пакуль вядро вады выцягнуў, да кален замяло, а гэта ж пяць вёрст ісці, і вецер якраз напроці.
Аляксандр даядаў гарачую бульбу з тоўчаным льняным семем, запіваў малаком і па даўняй звычцы збіраў у рот крошкі з кужэльнага, яшчэ матчынай работы, абруса. Мачаха, як магла, гадзіла пасынку, і не таму, што ён стаў у воласці нейкім там старшым, а любіла і шкадавала яго, як роднага сына. І як не шкадаваць? З маленства ж пагадавала чатырох Раманавых сірот: хлопцы ўжо на сваіх нагах былі, а Марылька яшчэ ў калысцы кідалася. Меншыя хутка прывыклі да мачахі, звалі яе мамаю, а Ляксандра, хоць і слухаўся, хоць і памагаў, а ўсё выкручваўся, каб ніяк не называць. Калі ж трэба было яе пагукаць і паблізу нікога чужога не было, зваў цёткай Ганнаю. Ведаў, што ёй рабілася крыўдна. Яна ж шкадавала сірот больш, чым іншыя родных дзяцей. Каторага з іх і трэба было хвастануць паўрозамі, але не было таго, не было.
Аляксандр у дзяцінстве колькі разоў памыкаўся сказаць гэтай добрай жанчыне, што абмывала і абшывала іх, «мама», але язык не слухаўся і гаварыў сваё: «цётка Ганна». А яна ж не збаялася пайсці на чацвёра чужых дзяцей за беззямельнага, але разумнага і добрага Рамана Салаўя. Гаравала разам з ім, лепшы кавалак берагла меншым — Косціку і Марыльцы. Усё гэта бачыў і разумеў Аляксандр. Але ён добра помніў родную мамку, яе курляндскія песні і казкі, ведаў і любіў яе пявучую мову. Часам бегаў да маўклівага высокага дзеда Крыштана. Той смактаў піпку і падоўгу не спускаў палінялых вачэй з унука. Пэўна, пазнаваў у ім сваю нябожчыцу Луізу. І гаварыў з Аляксандрам толькі па-латышску, нібы баяўся, што ўнук, выракшыся матчынае мовы, забудзе і пра маці.
Ці ж мог ён тады здрадзіць памяці маці і называць хоць і добрую, але чужую жанчыну так, як называюць толькі адзінага чалавека ў свеце,— мама.
А як вярнуўся з вайны, адразу назваў цётку Ганну мамаю. Тая аж заплакала...
Аляксандр устаў з-за стала, падзякаваў і пачаў збірацца.
— Нічога, тата. На фронце не ў такую завіруху спалі ў акопах і чорт не браў. А тут да воласці рукою падаць.
Сястра пачала ўпрошваць, каб завязаў башлык, а мачаха дастала з пячуркі свае кажушныя рукавіцы, хоць і цеснаватыя, але ўсё ж цяплейшыя за салдацкія.
— На ноч не чакайце. Заначую ў воласці ці ў каго з нашых хлопцаў. Работы цяпер па самую завязку. Так што калі не прыйду колькі дзён, ведайце, што цэл. Трэба будзе трохі паездзіць па гэтых шляхецкіх засценках.
— Ой, сынок, глядзі. Звярэе шляхта. Талочацца, у госці пачалі часта ездзіць адзін да аднаго, шэпчуцца ды на мігах паміж сабою гавораць. А надоечы запыняе мяне Банэдык Гатальскі і пытае: «Ці скора, Раман, твой каміцетчык прыйдзе рабаваць нас?» Я і кажу: «Мой сын ніколі нікога не рабаваў і рабаваць не збіраецца. Народ яго, кажу, выбраў, дык ён і робіць усё па закону». А ён як наліецца крывёю ды як усходзіцца: «Які там народ выбіраў? Мы ж не выбіралі. І Перагудаў там, і Цлышэўскіх, і Ермаліцкіх не было. А мы хіба гавяда? Не народ?» Мы цябе, кажа, Раман, пашкадавалі, прытулак далі, у свой засценак пусцілі, зямлі ад сябе па шматку адарвалі, каб з голаду не апруцянеў, а ты, замест дзякуй, са сваім анціхрыстам хочаш на нас шворку закінуць і зашмаргнуць, дзяцей па свеце з торбамі пусціць. А трасцу, кажа! Лопне ваша слабода, яшчэ крывавымі слязьмі ўмыецеся.
Аляксандр слухаў, сцяўшы зубы. Толькі жаўлакі хадзілі на худым і вострым твары.