Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— А каб ты скіс, Іван. Ну і змяніўся. Голас нібыта знаёмы, а аблічча — хоць забі, першы раз бачу, і толькі.
Яны павіталіся за руку, перакінуліся некалькімі словамі і селі.
— Дзялы такія, хлопцы. Доўбар-Мусніцкі са сваім корпусам акапаўся ў крэпасці, падняў мяцеж, заняў Бабруйск і рушыў на Асіповічы. Адмовіўся выконваць загады савецкай улады і разагнаў Саветы. Уком пайшоў у падполле, а работу вядзе, як і раней. Таварыш Равінскі прыслаў нашага глускага хлопца, Міцю Жыжкевіча, каб вам перадаць, што генерал не забыўся, як вы сустрэлі яго салдат, і хоча аддзякаваць — ударыць па Рудабельцы. І не абы-як — браняпоезд рыхтуе. У тупіку на Бярэзіне стаіць. Рамантуюць яго дэпоўскія хлопцы, ну і цягнуць, як толькі могуць. Можа б, яго ўжо і адправілі, каб не гэтая мяцеліца. Цяпер дарогу чысцяць. Так што хутка чакайце. Платон Фёдаравіч прасіў, каб і гэтых не горай сустрэлі. А яшчэ адрасок прыслаў: чайную па левую руку на Мураўёўскай, якраз супроць рынку, ведаеце? Калі хто з вашых зойдзе, садзіцеся за крайні столік пры дзвярах. Спытае падавальшчыца, што прынесці, прасіце тузіну вараных ракаў. Яна адкажа: «Ракаў у нас не бывае». «Тады дайце тры шклянкі чаю без сахарыны». Чай яна прынясе, а пад сподачкам будзе пісулька, куды трэба ісці. Платон Фёдаравіч чакае вашых вестак. От і ўсе мае навіны,— закончыў Мазалеўскі.
Ён зірнуў на падлогу. Каля ног нацякла ладная лужына вады, ён адсунуўся, каб не прамачыць вялізных залатаных валёнак.
— Як жа ты дабраўся? — запытаў Ляўкоў.— Гэта ж добры гаспадар у такую нягоду і сабаку не выганіць.
— А я сам сабе гаспадар. Склаў капылы, дратву, вар у торбачку, сказаў дома, што пайду па засценках у заработкі: каму падноскі падаб'ю, каму новыя пашыю. З адным пад'ехаў да Касарыч, другі да Халопеніч падвёз, а тут і прайсці недалёчка. Дома, хлопцы, мне аставацца няма як. Пазаўчора легіянеры ў Гарадку былі. Вілюга з рэўкомам выехалі ў Бярозаўку. Загад членам партыі — разысціся па сёлах. Хто з капыламі, хто з нажніцамі, а хто з рымарскім начыннем пайшоў. Партыйная работа пераносіцца ў масы. А я да вас, калі прымеце.
Ён падышоў да свайго мяшэчка, хуценька развязаў яго, дастаў старыя парудзелыя халявы і нечакана для ўсіх выцягнуў два наганы з поўнымі барабанамі патронаў.
— Канечне, кулямёт было б лепш, але і так не з голымі рукамі прыйшоў.— Ён паклаў рэвальверы на стол.
Аляксандр сядзеў засяроджаны і пахмуры. Потым ем кінуў наганы ў шуфлядку і замкнуў яе. Мазалеўскі залыпаў вачамі.
— Ты што ж, раззбройваеш мяне, таварыш Салавей?
— Ужо раззброіў,— спакойна адказаў Аляксандр і паказаў на мяшэчак з начыннем.— Вунь твая зброя. Яна цяпер надзейней за наганы.
Не зразумеў Салаўя і Ляўкоў.
— Што ты, Аляксандр? Івана я ведаю не адзін год, гэта ж наш чалавек.
— А хіба кажу, што чужы? Партыйны білет, таварыш Мазалеўскі, здасі Малаковічу, а сам...
— Партыйнага білета я нікому не аддам,— ускочыў Мазалеўскі.
— Што вы абодва, як дзеці! Не можаце даслухаць да канца,— працягваў Салавей тым жа спакойным тонам.— Пойдзеш са сваімі капыламі па кулацкіх хутарах і засценках. Шыць ты ўмееш?
— А як жа. Якія хочаш. Галоўкі, выцяжкі, хромавыя, юхтовыя, з рантамі і з рыпам магу. Бацька быў шавец, і я з дзяцінства шылам кармлюся.
— То і добра. Работы табе хопіць. Шляхта фарсіць любіць. Пажывеш у адных, у другіх, сходзіш да Пераждаў, да Вінярскіх. Шыць шый, а чым там пахне, прынюхвайся. Зразумеў?
— Чорт яго ведае. Я думаў, партыйную работу якую даручыце, можа разам з атрадам пайду.
— Гэта і ёсть партыйная работа. Нас ты не ведаеш і не бачыў. Лаяць можаш, колькі ўлезе. А маліцца ўмееш?
— «Ойча наш» і «Багародзіцу» ведаю.
— Не забывайся маліцца. Шляхта набожных любіць. Хоць сама д'яблу дагаджае, а богу моліцца.
Салавей глядзеў на глускага шаўца і чакаў, што той скажа.
— От ета ты хітра прыдумаў,— падняўся з месца Ляўкоў.— Зразу і я не расшалопаў. Аж тут план, страцегія.
— Разведку, значыць, даручаеш мне? — спытаў палагаднелы Мазалеўскі.
— Без разведкі ваяваць нельга. А ваяваць нам прыйдзецца яшчэ доўга і зацята. Адтуль легіянеры пруць, недабіткі белай арміі, тут шляхта прытаілася, маўчыць, а зубы вострыць. Як толькі пачуюць, што белапалякі ідуць, усходзяцца і яны, з-за вугла ў спіну біць пачнуць. Дні тры пасланяйся па Карпілаўцы і Кавалях. Можа каму маршчакі залатаеш. Лепшага абутку тут няма. Разнясецца слава пра добрага шаўца, і шляхта сама цябе пацягне на хутары.
Салавей устаў. Толькі цяпер Іван Мазалеўскі разгледзеў яго з ног да галавы. Калі сядзеў за сталом, здаваўся высокім і шыракаплечым, а ўстаў — мужчына сярэдняга росту, шчуплаваты, звычайны сялянскі хлопец з добрай вайсковай выпраўкаю. Ён моцна паціснуў Івану руку і пажадаў поспехаў.