Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— А куды яны едуць? — узбурылася Жывена. — У Сіцылію, далучацца да крыжовага паходу? Праз нявольніцкія рынкі ў Дэбрцэне і Венецыі?
— Не ведаю, — спагадліва прамовіла Казінта. — Адно скажу — нічога добрага ад іх чакаць нельга. Я ўжо іх ведаю…
Яна яшчэ некалькі разоў заходзіла да жрыцы — то прынесла паесці, то падарыла ёй маленькія, як цацачныя, абцугі, якія, відаць, засталіся ад кагосьці з нявольнікаў-палонных, то папрасіла бронзавую спражку і скураны пояс, якія надта ўпадабала. А пасля абеду, калі сонца схавалася за вершаліны змрочных навакольных дубоў, у пакой завітаў Бруна. Ясныя вочы яго вінавата зіркнулі на Жывену.
— Збірайся! — коратка кінуў некуды ўбок і паспяшаўся за дзверы, не адказаўшы на яе таропкія пытанні. Адтуль ужо, з калідора, праз хвіліну гаркнуў па-нямецку:
— Ком!*
* Сюды! (ням.)
Двор быў амаль пусты, толькі ля брамы стаяла фурманка з расцярушаным па дошках сенам. Звераваты каваль ладзіў над ёю заслону з палатна і выгнутых арэшын, забіваючы апошнія цвікі. Знаёмы ўжо крыжак — вёрткі, рыжы, як ліс, — вывеў з будынка таго параненага юнака, які падтрымаў маладую жрыцу. Збіты на горкі яблык юнак, аднак, усміхнуўся Жывене разбітымі вуснамі, патрос звязанымі наперадзе рукамі. Рыжы моцна штурхнуў яго да фурманкі, падхапіў за ланцугі на нагах і падсадзіў у воз, ды так груба, што хлопец тыцнуўся тварам у драўляную сценку. Жывена падскочыла да фурманкі, дапамагала юнаку сесці. Рыжы змрочна сачыў за ёю. Коратка сказаў нешта кавалю — той стаў таропка біць малатком па канцы доўгага, больш цяжкага ланцуга, да якога як прыкляпалі юнака, а потым Жывену, на ногі якой таксама надзелі калодкі. Апошнім пасадзілі ў фурманку каваля, які ўласнымі рукамі накінуў на сябе калодкі, а ключ ад іх узяў, замкнуўшы ўжо самога каваля, рыжы крыжак. Ён жа ўладкаваўся ў фурманку, каб сцерагчы палоннікаў, а Бруна сеў за фурмана. Тады прывялі Роса, якога прывязалі ззаду.
Калі ўжо расчынялася, як нехаця, брама, да вазка падскочыла Казінта, якая паклала на ногі Жывене скрутак.
— Тут хлеб і сыр. Маліся за маіх дзяцей, жрыца, як я буду маліцца Багародзіцы за цябе, — шапнула яна, а на пагрозлівы рык рыжага выцягнула вусны трубачкай, як бы цалуючы яго:
— Der Schurke!* — буркнуў той, аднак падабрэў і, разгарнуўшы скрутак, вярнуў назад кавалак жоўтага круглага сыру і паўбохана.
* Шэльма.
Жывена не зводзіла вачэй з любімага каня, а Рос бег, лёгка перабіраючы нагамі ўслед за вазком, і час ад часу, нібы перагаворваючыся з ёю, коратка іржаў.
— Ты сапраўды чараўніца, — заўважыў юнак. — Аднак жа немцы, мабыць, мацнейшыя за нашых славянскіх багоў. А як цябе завуць, дзяўчына?
Яны пазнаёміліся. Юнака клікалі Заяц, ён, як і Жывена, быў язычнікам, лепшым гаршкалепам у селішчы, дзе крыжакі ўзялі і каваля Няжылу, што ехаў разам з імі. Іх абодвух забраў сабе Бруна, які, як і Ота, служыў камандзіру крыжакоў — высокаму, з нейкім нежывым тварам.
На першым жа прывале, калі Бруна, адамкнуўшы калодкі Жывены, стаў даглядаць яе, пакінуўшы абодвух мужчын Ота, а той шпурнуў ім толькі сухі праснак, які яны ламалі звязанымі рукамі і прагна глыталі, Няжыла мармытнуў:
— Хай бы мне лепей памерці, як я перажыў сваіх сыноў. Хай бы Веляс уцягнуў нашых ворагаў жыўцом у сваё падземнае царства да нячысцікаў, а тыя б распорвалі ім жываты так, як яны паролі нашым. І дзеўцы гэтай туды ж дарога…
Бруна, пакінуўшы Жывену, якой ён даваў вады з біклагі, падышоў да каваля, ударыў яго ў жывот, той сагнуўся, заенчыў.
— Не гавары пры ім нічога, ён разумее па-нашаму, — з жалем да няшчаснага прамовіла жрыца. Заяц жа злосна таргануўся:
— Што ў славян за звычка — каб кожны побач няшчаснейшым за цябе рабіўся! Ты ж паглядзі, якая яна прыгажуня — няўжо і ёй праснак коўтаць, як нам?!
Але ў Жывены зноў, як і ў падзямеллі, звяло сутаргай горла, і яна настояла, каб тое, што было ў скрутку, падзялілі пароўну паміж усімі палоннікамі.
— Куды вы везіцё нас? — каторы раз задавала яна пытанне старому дзядзьку-зброяносцу, і той нарэшце неахвотна прамовіў, што Райнер загадаў везці ўсіх траіх у ягоны родавы замак, бо старэйшы брат — уладарнік баронскага тытулу і сеньёр — не будзе клапаціцца ні пра разбураныя часам масты і равы вакол замка, ні пра паўднёвую сцяну, прабітую падчас вайны з князем Манфрэдам, калі той паўстаў супраць улады Ордэна.
— А дзе ваш замак? — пыталася Жывена, і Бруна, ізноў адмаўчаўшыся, урэшце працадзіў, што на мяжы з франкамі. Куды больш ахвотна апавядаў ён на другім прывале, зробленым пад вечар, аб сыне Фрыдрыха II — Генрыху VIII, які паўстаў супраць свайго бацькі, праклятага папам Інакенціем IV. Пракляцце тое лягло, як злавесны водгук, і на сына Генрыха, Конрада Чацвёртага, які загінуў зусім нядаўна, якіх тры гады назад, і на ўсю Германію, дзе цяпер пануе вялікі Інтэррэгнум*, калі гарады набываюць сілу і сплочваюцца ў саюзы, якія не хочуць падпарадкоўвацца манархам. Рыцарам цяпер таксама цяжка — вольнасць іх моцна абмяжоўваюць уладары ўдзельных княстваў, бадай што, свабодным па-сапраўднаму застаўся толькі Нямецкі Ордэн, Тэўтонскаму ж, які пануе паблізу ад славянскіх земляў, пакуль не пагражае княжая ўлада, і ён дапамагае папе ператвараць язычнікаў у хрысціян.