Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 174
Перейти на страницу:

– Я ахоўнік Тэядэнавых дзьвярэй. Хама маё ймя. Я прашу вас: пакіньце зброю тут перад тым, як увайсьці.

Тады Ляголас працягнуў яму свой корд з срэбным цаўём, сагайдак ды лук.

– Пільнуйце ўважліва, – папрасіў эльф. – Бо яны – з Залатога лесу. Панна Латлорыйну дала мне іх.

Подзіў адбіўся ў вачох ахоўніка, і ён пасьпешліва паклаў зброю ля сьцяны, нібы баючыся нат кранаць яе.

– Аніводны чалавек не кране іх, я абяцаю, – сказаў ён.

Арагорн вагаўся.

– Не ў маёй волі, – сказаў ён, – адкладваць мой меч ці перадаваць Андарыль у рукі іншаму чалавеку.

– На тое воля Тэядэна, – заўважыў Хама.

– Я ня ўпэўнены, што воля Тэядэна, сына Тэнгела, хоць ён і гаспадар Украйны, стаіць вышэй за волю Арагорна, сына Араторна, нашчадка Элендыля й кароны Гондару.

– Гэты палац – дом Тэядэна, а не Арагорна, нават калі б ён ачоліў Гондар замест Дэнэтара, – Хама адсунуўся да дзьвярэй і перагарадзіў шлях.

Зараз ягоны меч паглядаў вастрыём на чужынцаў.

– Пустая гаворка, – зазначыў Гэндальф. – Марны й Тэядэнаў загад, але ж няма сэнсу адмаўляць і пярэчыць. Кароль вольны ў сваёй залі, мудрасьць тое ці глупства.

– Слушна, – пагадзіўся Арагорн. – I я, як госьць, зрабіў бы тое, што пажадаў гаспадар жытла, няхай і апошняй лясной хаціны, калі б мой меч ня быў Андарыль.

– Як ні называўся б меч, – запярэчыў Хама, – спадар пакіне яго тут альбо застанецца біцца на самоце супраць усіх ваяроў Эдорасу.

– Не на самоце! – прабурчэў Гімлі, мацаючы пальцам лязо сякеры й змрочна ацэньваючы ахоўніка, нібы маладое дрэўца, якое гном ужо прымерыўся сячы. – Не на самоце!

– Досыць! – спыніў Гэндальф. – Мы ўсе тут сябры. Ці мусім быць, бо нашыя сваркі толькі на радасьць Мордару. Ня маю часу на глупства. Вось табе мой меч, шаноўны Хама. Пільнуй яго добра. Гламдрынг клічуць яго, бо даўна ён скаваны эльфамі. Цяпер дазволь мне ўвайсьці. Ну, давай жа, Арагорн!

Арагорн павольна расшпіліў пас і сам паставіў меч ля сьцяны.

– Тут я пакідаю яго, – абвесьціў ён, – і загадваю: не кранаць яго і не дазваляць анікому крануць. Бо ў гэтых эльфавых похвах жыве Зламаны клінок, які быў адкаваны наноў. Тэльчар першы скаваў яго ў пракаветныя дні. Сьмерць знойдзе кожнага, апрача нашчадкаў Элендыля, хто выцягне гэты меч з похваў.

Ахоўнік адступіў, узрушана пазіраючы на Арагорна.

– Падаецца, на крылах песьні зьявіліся вы з забытых дзён. Усё будзе так, як загадаў спадар!

– Добра, – сказаў Гімлі. – З Андарылем за кампанію й маёй сякеры тут ня сорамна застацца.

I паклаў сякеру на дол.

– Ну, цяпер, калі ўсё па-вашаму, – дадаў, – дык дазволь нам увайсьці й перамовіць з гаспадаром палацу.

– А кій? – нерашуча спытаў ахоўнік у Гэндальфа. – Прабачце мне, але ж ён таксама мусіць застацца тут.

– Ну, якая бздура! – абурыўся Гэндальф. – Асьцярожнасьць – адно, але ж няветлівасьць – цалкам іншае. Я стары. Калі мне не дазволяць абаперціся на маю кульбу, дык я тут і буду сядзець, пакуль Тэядэн мяне не ўшануе, сам прыкульгае сюды й пагутарыць з мною.

– У кожнага ёсьць найдаражэйшая рэч, якую іншым не даверыш, – засьмяяўся Арагорн. – Ці вы пазбавіце старога ягонай апоры? Што яшчэ, дазвольце ж увайсьці!

– Кій у руках чараўніка, напэўна, ня простая падпорка, – засумняваўся Хама, паглядаючы сувора на ясеневую палку, на якую цяжка абаперся Гэндальф. – Але ж у час сумневу годны чалавек мусіць давяраць уласнай мудрасьці. Я веру, што вы – сябры нам, годныя пашаны, і не задумалі ліхога. Я дазваляю вам увайсьці.

Ахоўнікі паднялі цяжкія засаўкі на дзьвярох, і тыя марудна расчыніліся ўсярэдзіну, вялізныя завесы цяжка загрукаталі, паварочваючыся. Вандроўнікі зайшлі. Там падалося цёмна й надта цёпла пасьля сьвежага горнага паветра звонку. Доўгая шырокая паўзмрочная заля палацу поўнілася ценьмі. Высокі дах трымалі моцныя калёны. I паміж імі тут і там з-пад даху, з высокіх, пад самай стольлю, усходніх вокнаў падалі зіхоткімі слупамі сонечныя промні. У прахоне сярод даху, куды выходзілі вітыя кольцы дыму ад вогнішча, сьветла блакітнелі нябёсы. Калі вочы звыкліся з паўзмрокам, вандроўнікі разгледзелі, што падлога забрукаваная камянямі мноства колераў і адценьняў (руны й дзівосныя гербы перапляталіся пад нагамі), а калёны, багата аздобленыя разьбою, бліскаюць сьцьмелым золатам і напаўбачнымі фарбамі. Мноства габеленаў і дываноў зьвісала зь сьценаў, і на іх, пацямнелыя ад гадоў, паўсхаваныя ценем, паўставалі героі старажытных паданьняў. Толькі на аднаго зь іх падала сонечнае сьвятло – у промнях залаціўся юнак на белым кані. Юнак дзьмуў у вялізны рог, ягоныя саламяныя валасы струменілі па ветры. Конь жа ганарыста ўскінуў галаву, наздрыны ягоныя былі шырокія й чырвоныя – конь іржаў у прадчуваньні бітвы. Зялёная вада бурліла ля яго капытоў, пырскала белай пенай.

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)