Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– З волі караля Тэядэна анікому нельга крочыць за гэтую браму, апрача тых, хто ведае нашую мову й сябра нам, – адказаў адзін з ахоўнікаў. – Анікога не вітаем мы цяпер, у дні вайны, апрача нашых суродзічаў ды тых, хто прыйшоў з Мундбургу, з Гондарскай зямлі. А хто вы такія, што рушыце бесклапотна праз роўнядзь у дзіўных чужынскіх апратках ды на конях, гэтак падобных да нашых? Доўгі час мы пільнуем тут, здалёк заўважылі вас. Аніколі ня бачылі мы ані вершнікаў дзівосьнейшых, ані каня цудоўнейшага за таго, які нясе двох з вас. Калі мае вочы не падманутыя чарамі, ён – адзін з мэярас. А мо вы чараўнікі, Саруманавы выведнікі, а мо прывіды ягонага вядзьмарства? Давядзіце ж нам, і хутчэй!
– Мы не прывіды, – адказаў Арагорн. – І вочы вам ня хлусяць.
Бо насамрэч мы едзем на вашых конях, як вы, мяркую, добра ведалі яшчэ да таго, як спыталі. Аднак нячаста злодзей вяртае скрадзенага каня да гаспадарскага стойла. Пад намі – Хазуфэл і Арад, якіх Эямэр, трэці маршалак Украйны, пазычыў нам усяго два дні таму. Як і абяцалі, мы вяртаем коней. Ці Эямэр не вярнуўся, не прынёс зьвестак пра нас?
Вартавы зірнуў заклапочана.
– Пра Эямэра я анічога ня чуў, – адказаў ён. – Калі ты кажаш праўду, тады, бясспрэчна, Тэядэну належыць выслухаць цябе. Магчыма, вас нейкім чынам і чакалі. Усяго дзьве начы таму Зьмеяроты прыбег да нас і папярэдзіў, што паводле Тэядэнавага загаду аніякага чужынца за браму пускаць нельга.
– Зьмеяроты? – перапытаў Гэндальф, пазіраючы пахмура на вартаўніка. – Ну, калі так, тады й гаворка залішняя! Не да Зьмеяротага я прыехаў – да гаспадара Ўкрайны! Я сьпяшаюся. Ці ты абвесьціш сам, ці пашлеш каго іншага паведаміць пра нашае прыбыцьцё?
Гэндальфавы вочы пагражальна заблішчэлі з-пад броваў.
– Так, я пайду й абвешчу, – павольна адказаў вартавы. – Але ж пра каго мне казаць? Якія імёны? А вашаць хто? На выгляд спадар стары й стомлены, але, адчуваю, насамрэч – надзвычай моцны й люты!
– Добра бачыш і кажаш слушна, – вымавіў чараўнік. – Бо я Гэндальф. Я вярнуўся. I зірні – я таксама вяртаю каня. Пада мною – Цяняр Вялікі, якога аніхто ня мог утаймаваць. А побач з мною – Арагорн, сын Араторна, нашчадак і спадчыньнік каралёў. Ён кіруецца ў Мундбург. Таксама з намі эльф Ляголас і гном Гімлі, нашыя сябры. Ідзі ж і паведамі свайму гаспадару, што мы чакаем ля брамы й жадаем сумовіцца зь ім, калі ён дазволіць нам завітаць у ягоны палац.
– Дзівосныя ж вашыя ймёны! Але я давяду іх, як прасіў спадар, і даведаюся волю гаспадара, – адказаў вэртавы. – Пачакайце крыху тут, і я прынясу адказ, які ён дасьць. Але ж на шмат не спадзявайцеся! Часы цяпер цяжкія.
I хутка рушыў прэч, пакінуўшы чужынцаў пад пільным наглядам сваіх паплечнікаў.
Неўзабаве вярнуўся.
– Хадзіце за мною! – загадаў. – Тэядэн дазваляе вам перамовіць зь ім. Але ж усялякую зброю, нават кій, пакіньце на ганку палацу. Вартавыя паклапоцяцца пра яе.
Змрочная брама расчынілася. Вандроўнікі рушылі за яе пешкі, цугам, сьледам за вартавым. Ішлі па шырокай вуліцы, брукаванай абчасанымі камянямі. Яна то вілася па схіле, то падымалася па кароткіх лесьвіцах з файна зробленых прыступак. Мінулі мноства драўляных дамоў з зачыненымі змрочнымі дзьвярыма. Побач з вуліцаю ў каменнай прорыні бег струменьчык чыстай, празрыстай вады, узбліскваючы й вуркочучы. Нарэшце сягнулі вяршыні пагорку, зялёнай і пляскатай. Пасярод яе ўздымаўся курган, ля ўзножжа якога зыркая крыніца вырывалася на паверхню з каменя, вычасанага на падабенства конскай галавы. Пад той галавою было шырокае азерца. Вада пералівалася церазь ягоны край і сьцякала далей у канаўку ўздоўж вуліцы. На курган вялі каменныя ўсходы, высокія й шырокія, а паабапал верхняй прыступкі стаялі вычасаныя з каменю лавы. На іх сядзелі ахоўнікі з аголенымі мечамі на каленях. Іх заплеценыя залатыя валасы косамі спадалі на плечы, сонца зіхацела ў зялёных тарчах, асьляпляльна зьзяла на доўгіх кальчугах. Калі вартавыя ўсталі, то падаліся вышэйшымі за сьмяротных людзей.
– Дзьверы палацу перад вамі, – сказаў вартавы-правадыр. – Цяпер я мушу вярнуцца да майго посту перад брамаю. Бывайце! I хай гаспадар Украйны будзе літасьцівы да вас!
Павярнуўся й хутка рушыў назад, да брамы. Вандроўнікі пад пільнымі позіркамі ахоўнікаў падняліся па доўгай лесьвіцы. Ахова стаяла моўчкі, нерухома, пакуль Гэндальф ня крочыў на забрукаваную вяршыню кургану. Тады ясныя, звонкія галасы выгукнулі словы вітаньня на роханскай мове.
– Вітаем дальніх вандроўнікаў! – і мечы павярнуліся трымальнамі да прышлых – на знак міру.
Зялёныя празрыстыя камяні на трымальнах бліснулі пад сонцам. Тады адзін з ахоўнікаў крочыў наперад ды абвесьціў на Агульнай мове: