Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 174
Перейти на страницу:

– Адсюль далёка да Долага Яру, мой сябра. Але ж ты мудры, хутканогі й заўжды зьяўляесься, калі патрэбны. Цяпер рушым разам і не разьвітаемся болей у гэтым сусьвеце!

Неўзабаве дабеглі астатнія коні й пасталі спакойна, нібы чакаючы загаду.

– Мы выпраўляемся да Мэдусэльду, да залі вашага гаспадара Тэядэна, – сказаў ім Гэндальф сувора.

Яны нахілілі галовы.

– Нам трэба сьпяшацца, таму, з вашага дазволу, сябры, мы паедзем верхам. Калі ласка, бяжыце з усім магчымым спрытам. Хазуфэл панясе Арагорна, Арад – Ляголаса. Гімлі я пасаджу перад сабою, з дазволу Ценяра. Зараз толькі пап'ем крыху, а пасьля адразу выправімся.

– Цяпер я разгадаў частку загадак мінулае начы, – усьміхнуўся Ляголас, лёгка ўскокваючы на Арадаву сьпіну. – Ад страху коні зьбеглі ці не, але пасьля сустрэлі свайго правадыра, Ценяра, і павіталі яго з радасьцю. Ты ведаў, Гэндальф, што ён непадалёк?

– Так, бо ў думках паклікаў яго, просячы пасьпяшацца. Яшчэ ўчора ён быў далёка на поўдзень адсюль. Хутка ён вернецца туды з мною!

Гэндальф пагаварыў зь Ценяром, і конь пабег хоць і спрытна, але ж так, каб астатнія не адставалі. Неўзабаве раптоўна павярнуў і, абраўшы месца зь ніжэйшымі берагамі, перайшоў раку й рушыў на поўдзень па роўнядзі, бязьлеснай і бясконцай. Вецер гнаў шэрыя хвалі па бязьмежным моры травы. Ані прыкметы шляху ці сьцежкі не рысавалася на ёй, але Цяняр бег упэўнена й нястрымна.

– Ён кіруе напрамкі да заляў Тэядэна ля ўзножжаў Белых гор, – патлумачыў Гэндальф. – Так хутчэй. Глеба лепшая ў Прыўсходзьдзі, за ракой, дзе й праходзіць галоўная сьцяга на поўнач, але Цяняр знойдзе шлях празь любую багну й даліну.

Шмат гадзінаў ехалі па лугох і прырэчных панізьзях. Часьцяком трава сягала ажно каленаў вершнікаў, і коні нібы плылі праз шэра-зялёнае мора. Траплялася мноства прыхаваных азёркаў і суцэльныя валокі асоту, што калыхаўся над здраднаю багнай. Аднак Цяняр знаходзіў шлях, і іншыя коні крочылі сьледам. Сонца павольна каціла да захаду. Вершнікі пабачылі яго як барвовае полымя, якое згасала за роўнядзьдзю ў траве. На самым даляглядзе адблісквалі барваю далёкія адгор'і. Падавалася, уздымаўся дым, фарбуючы сонечны дыск у колер крыві – нібы сонца насамрэч запаліла траву, скатваючыся за край зямлі.

– Там – Брама Рохану, – паведаміў Гэндальф. – Яна зараз амаль проста на захад ад нас. Там стаіць Ізенградак.

– Я бачу вялікі дым, – сказаў Ляголас. – Што тое можа быць?

– Бітва й вайна! – вымавіў Гэндальф. – Рушым!

6. Кароль Залатой залі

Скакалі пад заходным сонцам, праз змрок, што паволі шчыльнеў, праз ноч. Калі нарэшце прыпыніліся й зьлезьлі з коней, нават Арагорн быў стомлены й змардаваны. Адпачыць Гэндальф дазволіў усяго некалькі гадзінаў. Ляголас з Гімлі заснулі, Арагорн ляжаў на сьпіне, выцягнуўшыся, а Гэндальф прастаяў увесь час, абапершыся на кій, пазіраючы ў цемру, на захад і на ўсход. Цішыня вісела, было не відаць й не чуваць аніводнай жывой істоты. Пранізьлівы вецер гнаў па небасхіле доўгія аблокі. Вандроўнікі абудзіліся пад халодным месяцам і рушылі зноў, гэтаксама хутка, як і ўдзень.

Ехалі гадзіну за гадзінай. Гімлі торкаў носам і, напэўна, зваліўся б, калі б Гэндальф не падхапіў яго й не патрос. Хазуфэл і Арад, стомленыя, але ганарлівыя, беглі за сваім нястомным правадыром – шэрым, ледзь бачным ценем перад імі. Вярста за вярстой заставаліся за сьпінамі. Малады месяц схаваўся ў аблокі на захадзе.

Схаладнела. Пакрысе на ўсходзе змрок танчэў і шарэў. Далёка леваруч чырвоныя промні выбліснулі над чорнымі сьценамі Эмін Мюйлу. Сьвітанак запаліўся ясны й зыркі. Вецер пранёсься па роўнядзі, узварушыўшы пахілую траву. Зьнянацку Цяняр спыніўся й заржаў. Гэндальф паказаў наперад.

– Зірніце! – выклікнуў Гэндальф, і вандроўнікі ўзьнялі стомленыя вочы.

Перад імі ўздымаліся горы Поўначы – белагаловыя, чарнабокія. Травяная роўнядзь, нібы мора, падступала да купы пагоркаў ля ўзножжаў, абцякала іх, уліваючыся ў шматлікія змрочныя й цёмныя, не кранутыя сьвятлом золку даліны, што заходзілі, віючыся, у глыбіню вялікіх гор. Найшырэйшы дол разьвінуўся перад вандроўнікамі доўгім залівам сярод узгор'яў. Далёка, ля вытоку таго долу, грувасьціліся пікі, а сярод іх высіўся адзін, які з роўнядзі падаваўся самотным вартавым у вышыні. Ля ягоных узножжаў срэбнай ніткай плынеў струмень і рабіўся ракой, якая выбягала з даліны. На вяршыні далёкага піку бліснула золатам узыходнае сонца.

– Скажы нам, Ляголас, што ты бачыш перад сабою! – загадаў Гэндальф.

Ляголас зірнуў наперад, даланёю прыкрываючы вочы ад касых промняў маладога сонца.

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)