Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
"Мой заўсёдны лёс – быць тваёю ношай, верны мой сябра", – сказаў я.
"Ношай ты быў калісьці, – азваўся ён, – але ж не цяпер. Лягчэйшы за лебядзінае пёрка ты ў маіх кіпцюрох. Промні сонца працінаюць цябе. Насамрэч, падаецца, я й не патрэбны табе болей: выпушчу з кіпцюроў – і ты паляціш зь ветрам".
"Не выпускай! – усклікнуў я, бо зноў адчуў у сабе подых зямнога жыцьця. – Аднясі мяне ў Латлорыйн!"
"Гэтак і загадала мне панна Галадрыель, калі паслала шукаць цябе", – адказаў ён.
Гэтак сягнуў я Карас Галадхану й вынайшаў, што вы толькі выправіліся. Я затрымаўся там, у нестарэлым часе той зямлі, дзе новыя дні прыносяць гаеньне, а не распад. I я ацаліўся там, і быў апрануты ў белае адзеньне. Даваў парады й атрымліваў іх. Тады я прыбыў сюды таемным шляхам і прынёс некаторым з вас весткі. Арагорну мяне прасілі сказаць такое:
Ляголасу яна даслала такія словы:
Гэндальф змоўк і заплюшчыў вочы.
– А мне яна не перадала аніякіх словаў? – спытаў Гімлі сумна, павесіўшы галаву.
– Змрочныя яе словы, – сказаў Ляголас, – і няшмат яны кажуць тым, хто атрымаў іх.
– Ну, дык што? – прабурчэў Гімлі.
– Што? Ты хацеў бы, напэўна, каб яна ўпрост прадказала табе сьмерць? – спытаўЛяголас.
– Так, калі ёй няма анічога іншага сказаць мне.
– Пра што гэта вы? – спытаў Гэндальф, расплюшчыўшы вочы. – Так, па-мойму, я магу здагадацца пра сэнс яе словаў. Прабач, Гімлі! Я зноўку задумаўся над пасланьнямі. Але ж ёсьць і для цябе, і ня цьмянае, і ня сумнае. "Гімлі, сыну Глойна, – казала яна, – вітаньне ад ягонай Панны. Носьбіт маёй кудзеркі, куды ні рушыш ты, думкі мае заўжды з табою. Але ж пасьцеражыся: прыкладвай сваю сякеру толькі да адпаведных дрэваў!"
– У шчасьлівы час вярнуўся ты, Гэндальф! – загаласіў гном дый пусьціўся ў скокі, сьпяваючы ўголас на дзівоснай гномскай мове. – Наперад, наперад! – крычаў, махаючы сякерай. – Гэндальфава галава цяпер недатыкальная, дык знойдзем жа тую, якую мажліва й трэба сячы!
– Далёка шукаць не спатрэбіцца, – сказаў Гэндальф, падымаючыся. – Хадзем! Досыць ужо бавіць час гамонкаю старых сяброў. Цяпер трэба сьпяшацца.
Зноў загарнуўся ў стары падраны плашч і пайшоў. Увасьлед за ім астатнія хутка спусьціліся з тэрасы й крочылі назад празь лес, берагам Энтуі. Рушылі моўчкі, пакуль не сягнулі травы на ўскрайку Фангарну. Коней анідзе не было відаць.
– Яны не вярнуліся, – пажаліўся Ляголас. – Стамляльны ж будзе шпацыр!
– Няма часу для шпацыру, – пахітаў галавою Гэндальф. – Асабіста я – паеду.
Падняў галаву й працягла сьвіснуў, і так гучна й пранізьліва, што астатнія аслупянелі ад зьдзіўленьня: гэткія гукі з вуснаў старога! Тройчы ён сьвіснуў, і падалося: усходні вецер даносіць здалёк іржаньне. Крыху пачакалі. I вось – пошчак капытоў, спачатку лёгкія дрыжыкі зямлі, якія мог успрыняць толькі Арагорн, легшы на траву, а тады – гучны, выразны, хуткі перастук.
– Не адзін конь набліжаецца, – заўважыў Арагорн.
– Вядома, – пацьвердзіў Гэндальф. – Для аднаго мы ўсе – надта цяжкая ноша.
– Тры кані, – прыгледзеўся Ляголас. – Як шпарка бягуць! Хазуфэл, так, і мой сябра Арад побач. I іншы зь імі, надзвычай вялікі конь. Я падобных да яго ня бачыў.
– І ня ўбачыш, – сказаў Гэндальф. – Бо гэта Цяняр, правадыр статку мэярас, паноў над усімі коньмі, і нават Тэядэн, кароль Рохану, ня бачыў лепшага. Ці ж ня зьзяе ён срэбрам, ня рушыць, нібы хваля? Да мяне ён імкнецца, бо ён – конь Белага Вершніка. Разам мы выправімся на бітву.
Не пасьпеў стары чараўнік прамовіць, як вялікі конь ужо мчаў угару па схіле да яго. Поўсьць каня блішчэла, грыва вілася па ветры. Два кані беглі за ім. Пабачыўшы Гэндальфа, Цяняр запаволіў хаду й гучна заржаў. Тады асьцярожна крочыў наперад, схіліў ганарлівую галаву й крануў носам шыю старога.
Гэндальф пагладзіў яго й сказаў: