Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Кветачніца паціснула плячыма і адчыніла дзверы, але затрымалася на момант на парозе, каб выпусціць ядавітую стралу:
— А калі вы такая разумная, то скажу вам, што ў «дзявятцы» сядзіць такая, што дырэктар ляціць да яе як пчала на мёд. І варта!.. Прыгожая неверагодна, і важная дама. Не такая сабе, прабачце, што клац-клац-клац на машынцы.
Ляпнула дзвярыма і знікла.
— Гадзіна! Подлая гадзіна! — праенчыла панна Тэця.
— Ох, калі б я магла ў гэтай шэрай сукенцы выйсці ў залу і зазірнуць, хто там сядзіць у гэтай «дзявятцы». Няўжо яна настолькі прыгожая?.. Відаць, ён цяпер там з ёй і «ляціць да яе як пчала на мёд»…
Зразумела, Друцкі сядзеў каля Аліцыі і пытаўся, што зрабілася з доктарам.
— Ён мне надакучыў, — сказала Аліцыя.
— Бедалага! — са шчырым жалем уздыхнуў Лэньчыцкі, ужо на падпітку.
— Я б патанцавала, — неспадзявана пажадала Аліцыя.
Друцкі сарваўся з месца. Яго вочы іскрыліся радасцю.
— Не, не зараз. Цяпер граюць танга, а мне б хацелася вальс. Звычайны стары вальс.
— Ну дык загад! Зараз дам загад!
— Не, не, — затрымала яна яго. — Спачатку мы павінны выпіць па келіху віна.
— З задавальненнем.
— Адсутнасць умення танцаваць, — па-філасофску заўважыў Лэньчыцкі, — гэта безнадзейна. Што зробіш, калі я абсалютна пазбаўлены пачуцця рытму!
— Вас, відаць, здзівіла, — звярнулася Аліцыя да Друцкага, — што я адважылася? Я сама сабе дзіўлюся, але я так даўно не танцавала. Давайце вып’ем!..
Сёння вочы Аліцыі блішчалі па-асабліваму, і рухі яе былі больш жвавымі, чым звычайна.
— Вы маеце шалёны поспех у жанчын, — лёгка выпаліла яна.
— Відаць, так, — сказаў Друцкі, падумаўшы хвіліну.
— Думаю, — працягвала яна, — што вы няшмат сустрэлі ў жыцці такіх, хто б вас не хацеў?
Друцкі падняў бровы:
— Не, я такіх зусім не сустракаў, — упэўнена сказаў ён.
— Ад сціпласці вы не памраце.
— Памыляецеся. Проста я сустракаюся толькі з такімі жанчынамі, якія хочуць, каб я іх заваяваў. А іншыя… мяне абмінаюць. Праходзяць міма. Я не існую для іх, а яны не існуюць для мяне. Калі нехта шукае ў лесе маліны, ён не заўважае кветак, і наадварот. Проста не заўважае. Калі ён вернецца з лесу, а мы ў яго спытаемся, ці шмат там было кветак, ён адкажа: вельмі шмат малін.
— Я не пра тое, — схіліла галаву Аліцыя, — я пыталася, ці, збіраючы маліны, вы не захацелі кветак, якіх вам не ўдалося здабыць?
— Я бачыў іх здалёк, але не затрымліваўся ля іх, бо яны гэтага не хацелі. Іх пах вабіць матылькоў або працавітых пчол. А я труцень.
Аліцыя на гэта нічога не адказала, але калі зайгралі вальс і яны сходзілі ў залу, яна запыталася:
— Чаму ж тады вы мяне не абмінулі?
— Таму што… таму што і вы міма мяне не прайшлі.
Ён моцна схапіў яе за талію і яны закруціліся сярод паўтара дзясятка іншых пар.
Ён адчуваў яе кожным нервам і кожнай мышцай. Пах яе валасоў і скуры напаўняў яго ноздры. Яго плячо пружыніла пад цяжарам такога прыгожага, гнуткага цела, у якім — ён ведаў — кроў павінна была таксама пульсаваць часцей.
— Мы не маглі не спаткацца, — працадзіў ён праз сціснутыя зубы, — гэта было б вар’яцтвам…
Аліцыя падняла на яго палаючыя вочы і павольна раскрыла вусны. Яна спакушала яго, правакавала, і абодва добра ўсведамлялі гэта.
Ён так прыціснуў яе да сябе, што выразна адчуў пругкія грудзі, паднятыя хуткім, паспешлівым удыхам. Яна не пратэставала, не адхілілася ад яго.
Друцкі пабляднеў, пульс стукаў яму ў скроні, ноздры раздзьмуліся. Калі б ён мог зараз думаць не пра яе, сам бы сабе здзівіўся, што танцуе і не губляе рытм.
— Праўда? — шаптаў ён. — Праўда? Нашы дарогі павінны былі перакрыжавацца…
Аркестр перастаў граць, і яны сталі пасярод сцэны. Друцкі пляскаў разам з іншымі, і яны зноў пачалі танцаваць.
— Так… — перарывістым голасам сказала Аліцыя. — Натуральна… Для таго перакрыжаваліся… каб… я магла вам падарыць адчуванні, якіх у вас яшчэ не было.
— Мая… мая… — утаропіўся ў яе вочы.
— Не, — патрэсла яна галавой, — не ваша.
— Павінна быць!
— Не! Я, уласна, і хачу быць той адзінай жанчынай, ля якой вы павінны прайсці супраць сваёй волі.
— Не дражніце мяне, — нахмурыў бровы Друцкі.
— Таму што?..
— Я не з тых, з кім гэта можна рабіць беспакарана.
— Вы народжаны перамагаць? — запыталася Аліцыя амаль іранічна. — Утаймавальнік?
— Так! Сто разоў так! І нікуды вы ад мяне не дзенецеся… Самі ведаеце… Павінна… павінна…
Ён бачыў яе цудоўныя вочы, і іх захапленне, і прагу.
— Павінна…
Яна засмяялася: