НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на эскалацыю запалохвання сялян шляхам чарговых вывазак багацейшых сем’яў у глыб Расіі, павелічэння падаткаў і іншых павіннасцей у карысць дзяржавы тэмпы калектывізацыі не паскараліся. У красавіку 1941 г. Цэнтральны Камітэт ВКП(б) вызначыў максімальныя нормы плошчы сялянскіх гаспадарак у заходніх абласцях БССР на 10, 12, 15 гектараў, у залежнасці ад класа зямлі. Раней было забаронена наймаць рабочую сілу або здаваць зямлю ў арэнду. Не вядома як доўга дзейнічаў бы гэты закон, але несумненна быў ён больш лагодны за сістэму, якая панавала на ўсходзе Беларусі.
Паралельна з калектывізацыяй вёскі пачалася акцыя стварання рамесніцкіх кааператываў, якая ліквідавала маламестачковую дробную вытворчасць, паслугі і гандаль. У выніку знішчэння структуры дробнага гандлю пагоршылася таксама сістэма забеспячэння гарадскога насельніцтва прадуктамі. Нацыяналізаваны гандаль хутка давёў да перманентнай нястачы тавараў і чэргаў ля магазінаў.
Некалькі дзесяткаў тысяч рамеснікаў былі напраўлены на працу ва ўсходнюю Беларусь, дзе былі яны прыняты на работу на заводах Мінска, Оршы, Гомеля, Віцебска. Некаторыя прадпрыемствы ў гэтых гарадах ад паловы 1940 г., у выніку прытоку рабочай сілы з заходніх абласцей, былі вымушаны працаваць на тры змены. Адначасна, па ідэалагічных прычынах, вяліся намаганні знайсці дадатковыя працоўныя месцы ў заходняй частцы краіны. Тут таксама амаль адзіным спосабам было ўвядзенне трохзменнай сістэмы працы. Такім чынам без ніякіх інвестыцый некаторыя заводы Беластока, Гродна, Баранавіч, Брэста ўтрая павялічылі колькасць працоўных месц, прымаючы на работу беспрацоўных, сялян і колішніх рамеснікаў.
Асветная, культурная і канфесійная палітыка
У адпаведнасці з пастановай Савета Народных Камісараў БССР «Аб метадах арганізацыі асветы ў заходніх абласцях Беларускай Рэспублікі» ад снежня 1939 г. раённыя ўлады былі абавязаны ствараць школы з такой мовай выкладання, якая адпавядала б нацыянальнаму складу дадзенай тэрыторыі і спадзяванням насельніцтва. У канцы 1939 г. у выніку рэарганізацыі структуры школьніцтва на 713 павялічыўся лік падставовых школ. Паводле даных Камісарыята асветы БССР ад жніўня 1940 г. у навучальным 1939/1940 годзе ў заходніх абласцях працавалі 5633 школы, у тым ліку з беларускай мовай навучання 4268, польскай — 923, рускай — 173, ідыш — 150, літоўскай — 61, украінскай — 49. Сетка школ у прынцыпе адпавядала нацыянальнаму складу насельніцтва. У Беластоцкай вобласці, дзе большасць насельніцтва складалі палякі, 58,7 % школ працавала на польскай мове, а на беларускай — 33,8 %, ідыш — 4,5 %, рускай — 1,7 % і літоўскай — 1,3 %. Для беларускамоўных католікаў Сакольскага раёна і некаторых раёнаў Гродзеншчыны былі створаны польскія школы, зыходзячы, так як калісьці польская адміністрацыя, з пункту гледжання, што аб нацыянальнасці на гэтай тэрыторыі вырашае веравызнанне.
Арганізаваная ў 1939 г. сетка школ з нацыянальнымі мовамі як выкладовымі не была вынікам заклапочанасці савецкіх улад ні развіццём гэтых моў, ні пашанай для культур мясцовага насельніцтва. На тэрыторыі ўсходняй Беларусі школьніцтва ў той час амаль поўнасцю працавала на базе рускай мовы. Палітыка ў заходніх абласцях краіны вынікала з існуючай кан’юнктуры. У сувязі з планаваным далучэннем прыбалтыйскіх краін бальшавікі імкнуліся даказаць, што савецкая ўлада не пагражае нічыім нацыянальным інтарэсам, а яе інтэрнацыянальны характар не падлягае сумненню. У 1940/1941 навучальным годзе сістэматычна скарачалася колькасць школ з беларускай мовай, якая замянялася рускай. Кіраўнікамі школьнай адміністрацыі і дырэктарамі школ назначаліся людзі, якія выводзіліся з Расіі і не ведалі ні беларускай, ні польскай, ні яўрэйскай моў. Напрыклад, у Беластоку было 13 польскіх падставовых школ, у якіх дырэктарамі было адзінаццаць прышэльцаў з Расіі і двое мясцовых рабочых. Ва ўсіх тыпах школ уведзена было навучанне гісторыі СССР, а выкладалі гэты прадмет перш за ўсё партыйныя актывісты, якія прыбылі з Расіі, усходняй Беларусі і Украіны. Спачатку ўва ўсіх нацыянальных школах абавязкова выкладалася беларуская мова, а з восені 1940 г. — руская.
У адпаведнасці з пастановай Камісарыята асветы БССР школьніцтва ў памеры сямі класаў падставовай школы на тэрыторыі ўсёй рэспублікі было бясплатнае і абавязковае. Улады дбалі, каб апошняе патрабаванне выконвалася бацькамі. У сувязі з гэтым савецкія школы наведвала на 25 % дзяцей больш, чым польскія ўстановы да 1939 г. З мэтай ліквідацыі непісьменнасці арганізаваліся курсы чытання і пісання для старэйшай моладзі і дарослых.