Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Цябе, прысядацель.
— Адкуль жа гэта, на ноч гледзячы?
— Па соль у Ратміравічы бегаў. Шпігулянты туды прыязджаюць мяняць. А без солі якая яда? І бульбіну ў рот не ўваб'еш. Дык от хунты са тры разжыўся. Можа да посту як і дацягнем. Думаў, на станцыі заначую, ды Анупрэй сюды выправіў. Кажа, каб ты конча пад раніцу быў там; ягамосцяў, кажа, чакаюць, дык старшыня хлебам-соллю сустракаць павінен.— І ён хітранька захіхікаў.— Добра, што зразу знайшоў цябе. А цяпер пайду ў каго-небудзь заначую.
— Дзякую, дзядзька, за навіну. А на станцыі людзей багата?
— Чаго добрага, а людзей, як гразі... Ты ж скажы Анупрэю, што заходзіў Цярэшка і ўсё чын чынам пераказаў. Ну, памажы табе, божа.
Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў.
...На досвітку група Салаўя была на станцыі. У невялікім драўляным будынку свяцілася толькі адно акно. У халоднай цёмнай зале на лаўках і проста на падлозе спалі мужчыны, кабеты і дзеці, праходы былі завалены клункамі, куфэркамі, торбамі. Аляксандр зайшоў да дзяжурнага. Стары, хударлявы, даўно не голены чалавек у чырвонай шапцы, драмаў над сталом. Каля тэлеграфіста гарэў ліхтар, павольна круцілася колца апарата, і з яго спаўзала вузенькая пакручастая стужка.
— Дзень добры, таварышы,— прывітаўся Салавей.
— Я ж вам казаў: калі будзе поезд, ніхто не ведае. Палучым дзяпешу, тады скажам. Ідзіце чакайце,— узлаваўся тэлеграфіст.
— А калі прыбудуць легіянеры?
Прахапіўся дзяжурны, палыпаў лупатымі вачамі і запішчаў асіплым фальцэтам:
— Хто ты такі, каб табе дакладваць?
— Старшыня Рудабельскага рэўкома. Прыбылі сустракаць гасцей.
Салавей перайшоў за парэнчы, стаў каля тэлеграфіста, спакойна і цвёрда загадаў:
— Апошнія дэпешы!
Дрыжачымі рукамі тэлеграфіст падаў тоўстую кнігу. Салавей пачаў чытаць тэлеграмы. Адна з іх: «Са станцыі Беразіна выйшла дрызіна вайсковага назначэння. Аб прыбыцці далажыць начальніку станцыі Беразіна».
Ён адгарнуў некалькі старонак назад і ўбачыў уклеены лісток цупкай гербавай паперы, на ёй прыгожым пакручастым почыркам было напісана:
«Камандуючаму І польскім корпусам генералу Доўбар-Мусніцкаму.
Пакорліва прашу яснавяльможнага пана генерала ўзяць пад ахову Вашых доблесных войск усю маёмасць і маёнтак барона фон Урангеля. Маёнтак знаходзіцца ў дваццаці вярстах ад станцыі Ратміравічы, каля вёскі Рудабелка.
Поўнае ўтрыманне афіцэраў і салдат будзе забяспечана.
Ваш пакорны слуга,
упраўляючы маёнткам Рудабелка, М. М. Бістром».
— Усё ясна! — Салавей злосна паглядзеў на тэлеграфіста.— Вы зрабілі злачынства перад рэвалюцыяй, адправіўшы гэтую тэлеграму. Дзе цяпер дрызіна?
Тэлеграфіст замітусіўся, закалацілася сківіца.
— Выйшла з раз'езда, праз гадзіну будзе.
Аляксандр адчыніў дзверы і паклікаў Якава:
— Пастаіш тут. Каб ні адзін з іх нічога не перадаваў. Не паслухаюць, сам ведаеш, што рабіць.
Каля станцыі ляжалі штабялі старых сапрэлых шпал. Сваіх хлопцаў Салавей схаваў за штабялямі, а сам пайшоў у памяшканне.
Праз вокны прабівалася слабае сіняватае святло. Твары здаваліся шэрымі, а вочы — глыбокімі чорнымі праваламі. Многія пасажыры паўставалі, длубаліся ў сваіх клунках і торбах. Румзалі дзеці. Дымілі самакруткамі мужчыны.
Аляксандр стаў пасярэдзіне невялічкага зальчыка:
— Паслухайце, таварышы, што я вам скажу,— пачаў ён.— Зараз з Бабруйска прыйдзе дрызіна з легіянерамі. Чаго яны едуць сюды? Запрасіў іх рудабельскі ўпраўляючы, каб не давалі дзяліць панскую зямлю, каб задушылі савецкую ўладу. Мы іх тут як належыць сустрэнем. А вы, як толькі пачуеце першы стрэл, чым мацней крычыце «ўра!». Нікуды не выходзьце і адсуньцеся ад вокан.
— Мамка, я баюся,— заскуголіла дзяўчынка.
— Не бойся, дачушка, мы за печ схаваемся.
— Каб хоць якая бярданка была, дык і мы б вам падсабілі,— сказаў высокі дзед у белай свіце.
— Чым галасней будзеце крычаць, тым лепей падсобіце. Добра?
— Чаму ж не!
— Пакрычым!
— Гэта не цяжка.
Калі Аляксандр выйшаў, усе з трывогаю пачалі прыслухоўвацца і паглядаць у вокны.
— Чый гэта такі камандзір? — спытала старая кабета.
— Хіба лі не ведаеш? Рамана Салаўёвага сын.
— Ета мо той, што кажуць латышок?
— Эге, ён самы. У бальшавікі ўпісаўся. Пераварот, кажуць, рабіў, а цяпер у воласці за старшага.
— Чорт яго і разбярэ, якому цяпер богу маліцца: бальшавікі, палякі, ерманцы. А чаго таўкуцца, каб спытаў? Дажыліся, што і солі няма, а тут яшчэ ім глотку дзяры. «Ратуйце» крычала, а гэтак зроду не даводзілася.
— Калі трэба, бабка, кукарэку заспяваеш,— засмяяўся малады хлапец.