Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 89
Перейти на страницу:

– Нам? Каму – нам?

– Кіраўніцтву. Людзям. Усім нам, – Рыгор паважна счакаў і, не пачуўшы пярэчаньняў, перайшоў да дзелавой часткі, – За дапамогу мы гатовыя ўзнагародзіць цябе хоць якім спосабам. Я асабіста буду прыглядаць за тваім агародам. Дэтэктываў новых дастану. А раз на тыдзень буду прыносіць табе па магнітафону. У мяне ёсьць сувязі, і ў цябе будуць вылучныя, адметныя магнітафоны! Пальчыкі абліжаш! – ён пасмактаў паветра. – Ну дык што? Можа, табе яшчэ чагосьці хочацца? Я цяпер працую ў адміністрацыі, зраблю ўсё, што душы тваёй заўгодна!

– Ну... – я сумеўся, бо прапанова была занадта нечаканай. – Мабыць... Ведаеш... Так. Адзінае, чаго мне хочацца – дык гэта павандраваць. Аніразу за мяжою ня быў.

– Выдатна! Вось і дамовіліся! Наладзіш сувязь – выправім цябе ў камандыроўку, хочаш – у Эўропу, хочаш – у Азыю, – лёгка паабяцаў Рыгор і дзеля падмацаваньня дадаў: – Давай пашпарт, адразу візу афармляць пачнем, каб часу не губляць.

Я памаўчаў, круцячы ў руках бутэльку, а потым раптам пачырванеў. Рыгор зь цікаўнасьцю глядзеў на мяне, чакаючы наступных пажаданьняў. Нарэшце я мовіў, падняўшы на яго вочы і адразу ж апусьціўшы іх:

– Калі ўжо пра пашпарт гаворка зайшла... Я хацеў бы зьмяніць прозьвішча.

– Зьмяніць прозьвішча? – Рыгор зьдзівіўся. – Без праблем! Зробім! Але чаму ты яго раней не зьмяніў, калі карцела?

– Думаеш, усё так проста? Яны там значныя падставы патрабуюць, аднаго жаданьня нядосыць. Іх таксама зразумець можна: інакш кожны пачне сабе прозьвішча мяняць, штогод новае. Вось я і ня рыпаўся...

– Зразумела. Дык якое ты хочаш прозьвішча?

– Ліпень.

– Ліпень? Дзіўнае. А зараз якое?

Я сказаў. Рыгор паціснуў плячыма: няўжо адно лепей чымся другое? Я патлумачыў, што новае гучыць хораша, асабліва ў спалучэньні з імём. Ацэньваючы гучаньне, Рыгор пару разоў вымавіў «Піліп Ліпень», і яму здалося, што імя нейкае знаёмае. Кагадзе ён чуў падобнае, але дзе?

Але доўга Рыгор ня думаў, ён паабяцаў, што прозьвішча неўзабаве будзе зьмененае, на працягу тыдню. Мой твар асьвяціўся ўсьмешкай дзіцяці, якое атрымала навагодні падарунак, і я паабяцаў пайсьці на АТС і пачаць разьбірацца з праблемай наўпрост заўтра.

На наступны дзень адбылося чарговае плянавае паседжаньне ў кабінэце міністра. Міністар сказаў невялікую прамову да праблемы аднаўленьня таварова-грашовых зносінаў, першым крокам да вырашэньня якой было стварэньне ў людзей станоўчае матывацыі да працы. Ён выказаў меркаваньне, што на дадзеным этапе трэба ў першую чаргу падымаць з руінаў аўтамабілебудаваньне. Ён менавіта так і выказаўся – «з руінаў». На адказнага выканаўцу, зразумела, быў прызначаны Рыгор, адзіны чалавек, які знаўся ў аўтамабілях.

Рыгор паспрабаваў высьветліць, з чаго лацьвей пачаць, і ці ёсьць хоць якісьці, хай нават прыблізны плян дзеяньняў, але ні міністар, ні Юрась анічога зразумелага сказаць не змаглі а мо не захацелі. Міністар намякнуў, што з гэткімі практычнымі дробязямі Рыгор мусіць пыніцца самастойна, а кіраўнік прадпрымальнікаў прамаўчаў з такім выглядам, быццам Рыгор задаў нетактоўнае пытаньне ці пажартаваў на недарэчную тэму. Потым, у прыватнай гутарцы за бутэлькай каньяку, міністар сказаў фразу, над якой Рыгор доўга цяміў: «Спачатку машыны, а потым ужо і да баб недалёка». Як ён масьціўся падымаць з руінаў жаночую папуляцыю, было незразумела, але Рыгор кінуў адцягвацца і засяродзіўся на выкананьні свайго наступнага заданьня.

Рыгор ведаў, што ў горадзе ёсьць аўтазавод, але дрэнна ўяўляў дзе, і ня меў там аніводнага знаёмага. Наведацца ў лазьню і распытаць мужыкоў пра аўтазавод ён не рызыкнуў, асьцерагаючыся новых боек з буфэтнікамі і лазеньнікамі. За больш простае выйсьце ён палічыў наведацца на Трактарны завод, да свайго даўняга таварыша, які даўно ўжо клікаў яго папалуднаваць разам. «Бо трактары – гэта таксама ў сваім родзе аўтамабілі», – разважыў Рыгор.

Не адкладаючы візыт на доўгі час, Рыгор выправіўся на Трактарны ў той жа дзень. Ён забег на паўгадзіны дахаты – ён ужо называў сам сабе кватэру на Плошчы Перамогі хатай – падсілкавацца яечняй ды бутэрамі з маслам і сьлівавым джэмам, і а другую гадзіну папаўдні ўжо праходзіў міма Дома культуры Трактарнага завода. На тэатральнай тумбе, што стаяла недалёка ад уваходу, вісела адзінокая афіша, і Рыгор, зьвярнуўшы на яе ўвагу, раптам успомніў, што ўжо бачыў падобную ў дзень рабаваньня, і што масьціўся абавязкова схадзіць у опэру, але зусім пра яе забыў. З дакоры ён ляпнуў сябе рукой па лбе і, паскорыўшы крок, наблізіўся да тумбы. Сапраўды, афіша абяцала «Лятучага Галяндзца», і ўжо ня ў нейкай няпэўнай будучыні, а шаснаццатага. Гэта значыць наўпрост сёньня! «Чорт, – вылаяўся пра сябе Рыгор, – І як я цяпер усё пасьпею? Добра хоць сёньня, а ня ўчора. Не, трэба ўсё адкласьці дый трапіць на опэру».

Думка, што часу ў яго засталося зусім мала, страсянула і ўзбадзёрыла Рыгора. Мэтлівы, з насупленымі бровамі, ён прасунуўся праз турнікеты на прахадной, напружана ўспамінаючы, як клічуць таварыша-трактаразаводца. Імя ўзгадалася неўзабаве – Зьмітрок – але акрамя таго, што Зьмітрок быў кухаром, хадзіў па суботах у Чыжоўскую лазьню і запрашаў Рыгора на бліны, у памяці не захавалася нічога. Выйшаўшы з прахадной, Рыгор апынуўся на абсаджанай па пэрымэтру дэкаратыўным хмызьняком невялікай плошчы, ад якой у тры розныя бакі разыходзіліся дарогі. Спыніўшыся ў нерашучасьці, як волат на ростанях, Рыгор толькі зараз зразумеў, што знайсьці Зьмітрака на вялізарным заводзе будзе няпроста.

Ён накіраваўся наперад. Раней Рыгору не даводзілася бываць на заводах, і цяпер яго зьдзівіла, што ўнутранае ўладкаваньне заводу падобнае да вонкавага гораду: дарогі з праезнай часткай, перакрыжаваньні і пешаходныя пераходы, дрэвы, кусты, ліхтары, лаўкі. Толькі замест жылых дамоў і крам уздоўж ходнікаў цягнуліся двухпавярховыя цагляныя цэхі зь зялёнымі брамамі. Ля ўваходу ў адзін з цэхаў ён спыніўся і пацягнуў прарэзаныя ў створцы брамы невялікія весьнічкі, да нізу якіх прымацавалі шырокі кавалак чорнае гумы, ці дзеля зьмякчэньня ўдараў, ці дзеля выратаваньня ад скразьнякоў. Усярэдзіне цэха было зусім цёмна; сьвятло з адчыненых дзьвярэй намалявала на падлозе скрыўлены жоўты прастакутнік. «Эээй!» – паклікаў у цемру Рыгор. Адказу не было. Ён адступіў, адпусьціў дзьверцы, і яны ціха зачыніліся, зьлёгку спружыніўшы на сваёй гуме.

Рыгор мінуў яшчэ адзін цэх, потым яшчэ адзін, і ў ім ужо пачаў быў зараджацца роспач, але раптам наперадзе выразна намалявалася зялёная зь белымі літарамі шыльда «Сталовая». Ля ўваходу, прыхінуўшыся плячом да сьцяны, ляніва курыў мажны хлапец у белым халаце.

– Чуеш, браценік? Я Зьмітрака шукаю. Ведаеш Зьмітрака? – зьвярнуўся да яго Рыгор і дастаў цыгарэты, заманіўшыся пакурыць у кампаніі.

Хлапец, выпускаючы дум адначасна са словамі, сказаў, што Зьмітрок працуе вунь там, далей – ён махнуў рукой наперад – у бліннай. Ідзеш-ідзеш-ідзеш, а калі ўпрэшся ў зялезную браму, дык зьвернеш налева і адразу ўбачыш. Яны сынхронава зацягнуліся, і Рыгор дзеля падтрыманьня гутаркі спытаў, ці шмат людзей наведвае сталоўку. Сур'ёзна падняўшы бровы, хлапец адказваў, што людзей зусім мала, бо ўсё на летніх вакацыях.

Праз хвіляў пяць Рыгор сапраўды дасягнуў жалезнае брамы й, павярнуўшы налева, убачыў невялікую сінюю шыльду «Блінная». Мімаволі глытаючы, ён увайшоў і апынуўся ў паўцёмным буфэце зь пяцьцю-шасьцю высокімі столікамі і паліцай есьці ўздоўж сьцяны. Густа пахла гарачымі блінамі. За кароткай парэпанай раздаткай важдаўся таўстун Зьмітрок, таксама, як і хлопец са сталоўкі, у ярка-белым кухарскім халаце, з чорным каўнерам кашулі з-пад яго. Ён азірнуўся на грук дзьвярэй і пляснуў рукамі.

– Оооо! Рыгору! Заходзь, даражэнькі! Нарэшце ты прышоў! Столькі абяцаў! Як той казаў, абяцанага тры гады чакаюць, – ільсняны твар Зьмітрака выказваў шчырую пашану.

Ён зараз жа паклаў пару пышных румяных аладак на вялікую талерку і спытаў Рыгора, чым іх нашмараваць – сьмятанай, маслам альбо павідлам. Рыгор папрасіў памазаць кожную аладку чымсьці розным, каб можна было параўнаць. Зьмітрок з разуменьнем кіўнуў і неўзабаве выйшаў з-за раздаткі, несучы ў руках талерку з аладкамі, шклянку яблычнага ўзвара, відэлец і дзьве сурвэткі. Яны ўладкаваліся за столікам, і Рыгор з палёгкай узяўся за аладкі, пачаўшы са сьмятанавага варыянту. Зьмітрок, усьміхаючыся, назіраў і балбатаў пра нейкія свае справы.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)