Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
— Глядзі, як лупіць кашаль!..
Напоўзаўся да цемнаты,
Ссінеў, як пуп гусіны...
На печ залазь, бяры шманты,—
Загнала маці сілай.
— Накрыйся добра там, казак,
Грэй на чарэні пяты...
I што казаць?..
Я не сказаў —
Нікому. Нават тату.
Маўчком узгробся я на печ,
Адвару выпіў кубак...
Ну а сакрэт — такая рэч,
Што языкоў не любіць.
Маўчу... Няхай сабе, няхай
І не аб тым гаворка,
І памыліўся я няхай,
Ды крыўдна ўсё ж і горка...
Ішоў вусаты чалавек
I меў свае патрэбы.
Ішоў, як ходзяць з веку ў век
Пад гэтым вечным небам.
Як пасмяяўся: «Я не я,
Зусім не той, а гэты...
І хата з краю тут мая,
Што я вам не з партрэта».
Ішоў вусаты чалавек —
Ніхто і не прыкмеціў...
А нас пакінуў, як на здзек,
У гэтым страшным свеце...
Аднекуль вечарам кажух
З'явіўся.
Тата з краю
Прысеў, сказаў:
— Ягоны дух
Прастуду выганяе.
Ён з печчу, браце мой, радня
I самы першы лекар:
Прасмаліць косці — і да дня
Зноў станеш чалавекам...—
Накрыў мяне:
— Ну, грэйся, брат…
Я пяткі ўпёр у чэрань
I ўсім царам і кум і сват —
Забыўся на вячэру.
Я плыў, як рыба... Я ляцеў —
Бо хто ж плыве ў паветры...
Як ціхі спеў, як лёгкі цень,
Лунаў над светам светлым.
Мне сонца вогненны прамень
У крылы аддавала,
I праразаўся весні дзень,
Як сон у снезе талым.
Той сіні сон, што з-пад зямлі
Нясе вясны цяпельца
І ствол зімы трасе ў камлі,
Звініць вясёлым шкельцам.
І ўслед за кветкаю звінеў
Жаўрук у небе сінім,
І сонцакрылага мяне
Маўчком лугі прасілі:
«Ты ахіні і абагрэй
Чаканне траў застылых»,—
І я ляцеў — шырэй, шырэй
Узмах напятых крылаў.
I ахінаў, і саграваў
Вясновыя надзеі,
І абуджалася трава
I здзіўлена глядзела:
Паміж мяцеліц і снягоў
Лугі ўсе затапіла
Вясна! — ні меж, ні берагоў...
I дагараюць крылы...
І ападаю я ў траву,
Жыву яе дыханнем,
Яе вясновасцю жыву
I вольным калыханнем...
Схіліўся хтосьці нада мной...
Ды гэта ж Ён,— няйначай!..
Мне прахалоднаю рукой
Лоб астудзіў гарачы.
Не абманіў, не абмінуў,
Зайшоў і ў нашу хату —
Цераз бяду, цераз вайну...
Я прахапіўся...
— Тата?!.
— Цішэй, цішэй,— ляжы, сынок.
Накрыйся во дзяружкай —
Ачахні, дай мне кажушок,
Перавярні падушку:
Змакрэла ўся...
З-за каптура
Я выглянуў на хату:
На самым цэнтры акурат
Стаяў хлапец цыбаты
І з бацькам прымяраў кажух.
— Во, бачыш: як уліты,
Сядзіць — не трэба лепш, кажу:
Як на цябе пашыты.
А гэты фрыцаў макінтош,
Ці як там імянуеш,
Кідай на пудзіла.
— Ну што ж —
Цяпер перазімуем! —
І рукавамі па баках
Хлапец, як певень крыллем,
Заўзята лопнуў:
— Ну, сука,
Дастанем і ў магіле!
«Сука»,— во гэтак і сказаў
I памянуў кагосьці.
Кажух рамнём падперазаў,
Аж храбуснулі косці.
23
Вяртанне сухара
Калі за акном пачынае залець
Поўнач і тухне газніца,
Маўчком узыходзяць на нашым стале
Хлеб і з бяросты сальніца.
Да раніцы звыклі чакаць яны:
Вачэй не звядуць ніколі —
Сонца і воблачка ў небе вайны —
Бохан і жменька солі.
Чакаюць сустрэчы яны з сухаром,
З тым, што па лесе блукае...
Стук асцярожны ў шыбу, як гром,
Ударыць і пагукае.
Толькі калі — не знае ніхто:
Ні гэтыя двое, ні трэці,
Што чуе бяссонна, як снежным хвастом
Па вокнах шэрхае вецер...
Слухае бацька якую ўжо ноч...
Бохан чакае маўкліва,
Лічыць драбочкі сальніца наўзбоч...
Пытлюе мяцеліца мліва.
У сотні шуфляў да дня награбе
Сумёты роўныя з тынам...
Чаканне, як мех, нясеш на гарбе:
«Даўно б завітаць павінны...»
Жывеш двайніком — ахвоч не ахвоч,—
Разрэзаны напалавіну:
Нямецкі дзень, партызанская ноч —
Свая, хоць на дзве хвіліны.
Трывожная, похапкам, ды свая,
Як постук у чуйную шыбу.
Не ўспееш агледзецца, што і як,
А свет пацяплее нібы.
І пэўна-ткі праўда вялікая ёсць
У тым сухары скамянелым,
Што ў хаце заўжды, як жаданы госць,
Прывеціцца сэрцам збалелым.
Прывеціцца боханам на стале,
Прывеціцца жменькаю солі.
Хоць чорным быць сухару, але
Не быць адзінокім ніколі.
Свінцовая сіла — нявольнік-дзень,
Ды моцы ноч набірае:
Ад немца хлеб у зямлю ідзе,
А тут — на стале чакае.
Перейти на страницу: