Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Пяршак-мароз быў у гульбе —
Учэпісты і прыткі:
У горле дзёр і на гарбе
Тапырыўся пад світкай.
Ступаў мацком ад берагоў,
Лёд мацаваў на стрыжні,
А потым коўзацца бягом
Імчаўся з промнем рыжым.
Як бы адгульваўся траскун
Пасля адлігі млявай
I ў Начы выганяў з пяску
Пячкурыкаў-малявак.
Не грукатаў у сто грамоў,
Ваду не тоўк у ступе —
A ладзіў нам падлёдны лоў
I шчупакоў вышчупваў.
Яны хадзілі, як пад шклом,
У прозелені сіняй...
Вось тут злаўчыся — і калом
Лупі, што маеш сілы!
І скаланецца звонкі лёд,
І ў цішыні працятай
Хіснецца белізной жывот —
Надзей рыбацкіх свята.
Пакуль аглушаны шчупак
Не ладзіць з плаўнікамі,
Лёд прабівай — і проста так
Бяры за хвост рукамі.
Ён момант нейкі паляжыць,
Як выхапіш з палонкі,
Ды нібы ўспомніць: «Трэба жыць!»
Пачне ірваць пастронкі.
Спружыніць, выгнецца дугой,
Джганецца на паўметра
Ўверх маланкаю тугой,
Як дасць нырца ў паветра.
Ударыць моцным плаўніком,
Шукаючы апоры...
Яшчэ раз узляціць рыўком —
I аціхае ў зморы...
Хоць не сказаць, што шчупакі
Ішлі пад кол пудамі,
Ды мелі ўлоў такі-сякі
Мы з дзядзькавым Адамам.
Я выглядаў, а ён глушыў,
На спробу лёд падзыбваў:
Калі ўжо той на ўвесь аршын —
Якая, браце, рыба...
Тут гэтак толькі і лавіць:
Па першаку-марозу,
Калі пакрэктвае, звініць
І гнецца лёд з пагрозай.
A ўжо як дно праз дым відно —
Дарма калом не бухай:
Шчупак не чуе на адно,
Другое — глуха вуха.
Цяпер жа — самая пара
Была на гэты спосаб:
Лёд — пальцы ў два, а на вірах
Таней, ды моцы досыць.
Трымае, як нічком паўзеш:
Лёд з восені — хаўруснік,
Надзейны лёд.
Ды абамрэш,
Калі пад локцем лусне.
I ў суцяшэнні сэнс малы —
Як пачынае вухкаць:
«Вясною тоўсты, ды гнілы,
А зараз крэкча пругка...»
Дыханне здрадлівай мяжы:
Ляжыш, а жылкай белай
Па лёдзе трэшчына бяжыць —
Як адразае бераг.
I не стрываеш: нібы рак,
Хутчэй назад пластуеш...
А што шчупак? А ён і так
Пакіне прорву тую.
Ён выйдзе жыраваць на плёс,
Як цень, з віроў цямнотных,—
Яно не лішняе ў мароз...
Ды й пагуляць ахвота,
І пасваволіць, і пакпіць
На дне з карча старога,
I сонца трошачкі ўхапіць —
Няхай сабе й скупога.
Плыве — і я над ім паўзу.
Прыціх — і я спынюся.
Цікуе ўклейку-драбязу...
Не, перадумаў, мусіць...
Ну што ж, яшчэ не ўгаладаў,
Чакае большы кавал...
А гэта што за барада?
Дзе і каго шукала?..
Шчупак узнаў. А я дык не.
Гляджу... А каб ты згінуў! —
Ды гэта ж корань-плывунец
Зашыўся так у ціну.
Сам травяны, але ж усмак
Жучкоў глынуць умее:
Лісткі нацэліў наўскасяк
Многаязыкім змеем.
Плыве далей шчупак на мель,
Здабычу выглядае,
Пажухлай раскі жаўтазель
Хвастом тугім гайдае.
I ўжо, здаецца, на мяне
Ўставіў хіжа вока.
I ўжо Адам акамянеў
I кол занёс высока...
I тут — вусаты чалавек.
Ішоў сабе па грэблі,
А нас ад лову як адсек...
— Дамоў збірацца трэба...—
Няпэўна працягнуў Адам.—
Ці ўсю паловіш хіба?
І я — рашучасці паддаў:
— А чорт з ёй, з гэтай рыбай!..
Сабе во большую бяры,—
Я знаў, што дзядзька Змітра
Спытае: «Як там, у віры? —
Застаўся самы хітры?»
Дык хай не думае, што мы
Такія ўжо разявы:
Хоць шчупакі і не самы,
Ды ёсць во для заправы.
Прыспешваў, падганяў сакрэт:
Сігалі мы з Адамам —
I ўсё каб трапіць след у след
З Ягонымі слядамі.
За ім — ляцелі стрымгалоў,
Як ветрам несла ногі.
Прыбеглі з тайнаю дамоў,
А там — ніхто нічога...
А там — усё як і было,
I знаць не знаюць нашы,
Што Ён ішоў цераз сяло...
Перейти на страницу: