Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 140
Перейти на страницу:

— Спіць, — прашаптала ледзь чутна. — Не бойся ўжо…

Можна было разгледзець пад плашчом разарваную кашулю і пісягі на шыі, але жанчына, махнуўшы рукой, паказала: «Ідзі!» Толькі калі жрыца схавалася за дзвярыма, прыслужніца выпрасталася і пайшла да выхаду, дзе, убачыўшы яе, ажывіўся і радасна загергетаў вартавы. Калі ж ён, пажадліва ўхапіўшы за плячо, запытаўся ў Казінты, ці спадабаліся ёй нямецкія мужчыны і ці прыйдзе яна да яго пасля вахты, жанчына, шчыльней кутаючы плашчом грудзі, адказала па-нямецку клічам, які неаднойчы вечарам ужо гучаў унізе, у карчме, дзе яны пілі напачатку:

— Sturm und Drang!*

* Штурм і націск! (ням.)

Тады вартавы жартоўна адсалютаваў, падняўшы ўгору меч, а кабета дадала:

— Пасля вахты прыйду, але гэта будзе каштаваць тры манеты!

Ён зморшчыўся, павагаўся, кіўнуў, а яна, гідліва моршчачыся, пачала спускацца ўніз, у сваю каморку, дзе спалі дзеці. Але, падышоўшы да дзвярэй, пайшла ў двор, да студні, дзе доўга і захлёбіста піла ваду з драўлянага цэбра, абкаванага вобадам, ад якога ў яе чамусьці, нібы ў сцюжу, мерзлі рукі…

Жывена, наадварот, уся як палымнела, заходзячы ў пакой, дзе пад чорным полагам ложка чулася соннае булькатлівае дыханне Райнера. Той спаў цяжкім, пакутлівым сном, стогнучы праз зубы, так што, асвойтаўшыся з цемрай, дзяўчына паклала яму ў кішэню каптана, што валяўся побач, узяты ключ — паклала з горкім шкадаваннем, з надзеяй усё ж выкарыстаць яго дзеля волі. Пераканаўшыся, што крыжак не прачнецца да раніцы, яна стала на калені перад акном і, сціскаючы ў руках медальён, з адчайным маленнем стараючыся прабіць імгліста-непрыветную цемрадзь, стала, гімн за гімнам, звяртацца да Ашвінаў. Сілы пакрысе вярталіся да яе. Першая, хаця і маленькая, зусім няпэўная перамога акрыліла жрыцу. Яна не ведала, колькі прайшло часу, аднак у нейкі момант, калі малітва зрабіла яе лёгкай, як пёрка, гатовае ўзляцець ад непрыкметнага подыху ветру, між вязкімі, як шэрая гразь, аблокамі выбліснула сузор'е Ашвінаў* — дзве яркія, як агні ў начы, зоркі глянулі ў пакой. Тады рыданне вырвалася з грудзей жрыцы, і яна распасцёрлася на падлозе. Калі ж падняла галаву, сузор'е зноў зацягнулі хмары, але цяпер ёй не было страшна, яна ведала, што знойдзе сілы, каб змагацца.

* Сузор'е Блізнятаў.

Таму, даручыўшы сябе боскім блізнятам, яна, захутаўшыся ў карзно, лягла ў куце далей ад ложка і неўзабаве заснула таксама. Была страпянулася, калі ўставаў Райнер і няўцямна мармытаў не то праклёны, не то малітвы, апранаючы даспехі, а пасля, не падышоўшы да яе, грузна патэпаў да калодзежа, дзе ўжо рыпеў калаўрот, але тут жа заснула ізноў, ажно пакуль не загукаў да ўсіх рог і нейчы голас унізе не пракрычаў, што прыехалі купцы.

Тады дзяўчына ўстала, зазірнула ў акно, адкуль чуліся іржанне коней, рыпенне падэшваў, лязганне ланцугоў. З будынка выводзілі першых палоннікаў. Дзяўчынку, што сядзела побач з Жывенай у падзямеллі, пазнаць можна было толькі па сарафане ды скураной шапачцы — твар яе, ссінелы і распухлы, здаваўся маскай глумца, рухі былі запаволеныя; маці ж, наадварот, увесь час торгалася, нібы ад узмётнага нядужання*. Светлавалосая маладзіца закрывала далонямі голыя грудзі — апратка яе вісела рыззём. Каваль Пуціла ішоў скасабочаны, пачарнелыя плямы крыві на кашулі закарэлі. Каржакаваты, у чорным валоссі, нібы жук-гнаявік, чалавек біў молатам па маленькай накавальні, заклёпваючы на нагах нявольнікаў першыя цяжкія ланцугі. Адзін з мужчын-нявольнікаў, што стаяў непадалёку ад сцяны, вялізнымі скачкамі, мабыць, разарваўшы вераўчаныя путы, ірвануўся да яе, спадзеючыся пераваліцца праз перашкоду, але вартаўнік заспеў яго на сярэдзіне — гакнуў меч, перасечаны амаль напалам чалавек асунуўся на зямлю, таргануўся колькі разоў і заціх. Крыжакі адабральна зараўлі. Захадзілі па плячах і сцёгнах знямелых людзей цяжкія бізуны. Купцы аглядалі жывы тавар, таргаваліся, завязвалі ў вузлы тканіны і мяхі, бразгацелі манетамі і сярэбранымі брускамі. Жывена выглядала Роса, але яго не было відаць, і яна зразумела, што яе не стануць прадаваць разам з астатнімі.

* Падучая.

Звонку ў дзвярах павярнуўся ключ, і ўвайшла Казінта.

— З цябе трэба было б яшчэ пару манет, надта ён дурны, — азірнуўшыся, прашаптала карчмарка. — Што, ні разу не быў з жанчынай?

Жывена паціснула плячыма, вымавіла з горыччу:

— Ты магла б мне дапамагчы. Загавары вартавога, я праслізну міма, а там…

— Маю папярэдніцу засеклі толькі за тое, што развязала ногі цяжарнай жанчыне, якую трое сутак трымалі ў падзямеллі без ежы. Усё, што я магу — прынясу табе абцугі, можа, спатрэбяцца ў дарозе. Бруна сказаў, што павязе цябе следам за атрадам.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)