Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Ад лязгату ключа ў жалезным замку амаль падскочыла маладая дзяўчына, але Райнер, які грузна ўваліўся ў пакой, на шчасце, не ўбачыў таго, бо ў паядынку, які пачынаўся між імі, першы крок, першае слова маглі вызначыць усё.
— Дзе яна тут? — прамармытаў ён невыразна, і Жывена зразумела: той гран* парашку балігалову, які яна дала Казінце, ужо дзейнічае. — Агню! — закрычаў ён.
* Гран (лац.) = 0,062 г.
Не падаючы голасу, палонніца стаяла за полагам, і крыжак, спатыкаючыся ў цемры, расставіўшы рукі, пайшоў да ложка. Але Жывена лёгка слізганула да дзвярэй, намацала ключ.
— Нашто тут агонь? — голасна сказала яна, каб заглушыць рыпенне замка, заміраючы ад думкі, што Казінты не акажацца за дзвярыма. Але тая, як толькі прыадчыніліся дзверы, вёрткай ласіцай праціснулася ўнутр, шчыпнула дзяўчыну.
— Зжалься, рыцар! — хуценька прагаварыла жрыца, зразумеўшы, што ёй цяпер трэба як мацней замацаваць свой вобраз і голас у свядомасці гвалтаўніка. — Пашкадуй мяне! Дзеля нашага дому, у якім цябе прымалі як дарагога госця, дзеля майго дзеда Агапія!
Райнер, які, абмацаўшы ложак, ішоў да дзвярэй, на імгненне прыпыніўся. Здавалася, у яго замутнелай галаве нешта праяснілася. Ды толькі на імгненне. Ён зласліва засмяяўся.
— Ты думаеш абагнаць мяне і тут? — прагаварыў крыжак. — Не спадзявайся. Я мужчына і воін, не горшы за астатніх! Не горшы, чуеш ты!
Постаць Казінты захіліла сабою Жывену, якая здолела выціснуцца з дзвярэй і тут жа прыкрыць іх за сабою.
— А-а, ты думала збегчы ад мяне? — перахапіўшы Казінту ля дзвярэй, крыжак растапыранай пяцярнёй ледзь не ўпаяў яе ў сцяну, правай жа рукой зноў павярнуў ключ у замку і на гэты раз апусціў яго ў кішэню каптана. Кабета, як бы змагаючыся з ім, нахілілася, укусіла яго за плячо. Тады раз'ятраны мужчына кінуўся на яе, як раззлаваны доўгай пагоняй коршун падае на зняможаную зайчыху, когцячы яе без жалю і спяшаючыся глытнуць свежай, гарачай крыві…
Скурчыўшыся ў камяк пад цёмным сваім карзном у кутку калідора, ледзь асветленага смаляком, і кожную хвіліну чакаючы, што нехта з п'яных крыжакоў альбо вартавы, што тырчаў ля лесвіцы, якая вяла ўніз, заўважыць яе, чакала маладая жрыца, калі выйдзе Казінта, і ці ўдасца ёй ашукаць Райнера, замглёнага моцнай медуніцай і парашком.
— А што, калі не атрымаецца? — пыталася яна ў сябе і не знаходзіла адказу. Не для таго доўгія гады вучылі яе ў храме, каб у найгоркі час яна шукала смерці як выбаўлення. Колькі разоў паўтараў ім, юным, шапаткі, як стончаны часам кляновы ліст, Святазар, што ўсе жахі жыцця прыцягваюцца самім жа чалавекам, і ў сабе, верачы багам і светламу пачатку жыцця, трэба шукаць паратунку. Але адным не валодае чалавек — уласным жыццём, бо яно даецца багамі па іхняму, невядомаму смяротнаму плану і не можа абрывацца па прыхамаці самога чалавека.
— Але калі здзекуюцца, калі хочуць зламаць душу? — помніцца, наіўна запыталася аднойчы Жывена, ніколі не думаючы, што некалі сутыкнецца з тым сама.
— Калі ты сама не пагодзішся на тое, душу не зламаюць ніколі! — цвёрда адпрэчыў вярхоўны жрэц.
Тады, помніцца, гаворка цягнулася доўга, але менавіта гэтыя словы ўсплылі зараз у Жывене, і чамусьці стала лягчэй дыхаць. Якраз тады ціха расчыніліся дзверы; пільна агледзеўшы калідор і вызначыўшы, дзе Жывена, Казінта, тулячыся да сцяны, падкралася да яе.