Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Друцкі ззяў, вітаючы яе.
— Як жа я рады! — ён пачціва пацалаваў ёй руку і сардэчна павітаўся з адвакатам.
— «Аргенціна», — прамовіла Аліцыя, — супакойвае нервы… А між тым… ружы ўжо завялі.
Служкі здымалі з яе бабровае футра, таму Друцкі адказаў толькі красамоўным позіркам, і ў той жа момант у люстэрку ён убачыў, што ўваходзіць Бруніцкі.
Ён папрасіў прабачэння ў Аліцыі і сардэчна павітаўся з прафесарам:
— Ну, брава! Я ўжо трымаю для цябе столік ля самай сцэны. Служба!
Бруніцкі здымаў футра і аглядаўся з паблажлівым здзіўленнем, з якім бацькі назіраюць за гульнямі дзяцей, як раптам заўважыў утаропленыя ў сябе вочы Аліцыі і ўсмешку на яе твары.
«Ого!» — падумаў ён і адразу спытаўся ў Друцкага, ці не мог бы ён размясціць яго лепей дзе-небудзь у куточку? Можа, ёсць ложы?
Друцкі задумаўся. У яго не было ніводнай вольнай ложы. Да таго ж, Аліцыя невядома чаму, свідравала прафесара поглядам. Урэшце Друцкі ўзяў яго пад руку, праводзіў у залу і да той пары ўгаворваў, пакуль Бруніцкі не згадзіўся заняць зарэзерваваны для яго столік.
— Добра тут у цябе, нічога не скажаш, — падзяліўся ён уражаннем, — толькі аркестр грае надта гучна.
— Асвоішся, дарагі Караль, толькі табе, канечне, трэба трохі падняць настрой. У мяне ёсць усяго некалькі бутэлек сапраўднага перадваеннага «Бенедыкціна»… Ці, можа, шампанскага?
— Не, даражэнькі, — з усмешкай запярэчыў прафесар, — калі ўжо я тут, то павінен паспытаць, што такое кактэйль.
— Вось і выдатна!
Друцкі сеў побач з ім, выбраў з карты кактэйль «Стары Тоні» і пачаў знаёміць прафесара з арганізацыяй клуба. Праз хвіліну на століку з’явіліся фрукты, чорная кава і два плазаватыя кілішкі мутнай вадкасці з моцным водарам.
Бруніцкі паспытаў — і яму спадабалася:
— Ведаеш, гэта ўвогуле нядрэнна.
Сцэна запоўнілася танцорамі. Голыя плечы жанчын зіхацелі цёплай белізной, жорсткія карсеты мужчын адсвечвалі блакітна-фіялетавым. Мужчыны прыязна ківалі Друцкаму галовамі, жанчыны пасылалі яму тонкія ўсмешкі і страсныя погляды.
— А зараз, Караль, вып’ем кактэйль маёй уласнай вытворчасці: «Буль-буль».
Тут і там з агульнага гоману выстрэльвалі вясёлыя смяшкі, аркестр перайшоў да рэфрэну, каляровае асвятленне напоўнілася густым, здавалася, датыкальным паветрам.
— Моцны, але добры, — пахваліў прафесар, — я не разбіраюся ў спіртным, але ў гэтым напоі, відаць, шмат каньяку.
Друцкі ўводзіў Бруніцкага ў курс, указваючы на розных мужчын і жанчын, тлумачыў, хто гэта, радаваўся здзіўленню Бруніцкага, што такія сур’ёзныя і высокапастаўленыя людзі бываюць у падобнага роду клубах. Нарэшце ён заўважыў, што набліжаецца Казя і сказаў:
— Караль, ты не будзеш супраць, калі тут сядзе гэтая малышка?
— Для чаго? — скрывіўся Бруніцкі.
— Гэта адна з зорак, майстар аргенцінскага танга, донна Фіямета, калі проста — панна Казя. Мілая дзяўчына. Дазволіш?
Не чакаючы адказу, Друцкі ўстаў.
— Сеньярыта Фіямета.
Казя грацыёзна кіўнула галавой і працягнула ззяючую бранзалетамі руку.
Бруніцкі, не маючы дарогі назад, павітаўся з ёй і ўказаў на крэсла:
— Калі ласка!
— Ах, — павярнулася да яго Казя, — мне вельмі прыемна. Што гэта? Вы п’яце кактэйль «Муза»?
— Не, мілая, гэта «Буль-буль», — з павагай адказваў прафесар.
Панна Казя таксама хацела «Буль-буль», а Друцкі, які нецярпліва зіркаў у ложу № 9, нарэшце мог устаць.
— Я на хвіліну, — прабачыўся ён.
Друцкі пайшоў у кабінет і загадаў паклікаць кветачніцу. Папляскаў па шчочцы Тэцю, якая перапісвала рахункі, і, калі кветачніца ўвайшла, запытаўся:
— У вас ёсць што-небудзь для «дзявяткі»?
Дзяўчына з хітра-мудрым выглядам адказала:
— Я ўжо занесла, пан дырэктар.
— Што? Ужо?..
— Я падумала, што пан дырэктар і так…
— Вялікі табе, малышка, дзякуй. Ты амаль такая ж здагадлівая, як і прыгожая.
Дзяўчына бессаромна глядзела яму ў вочы.
— Ты хоць выбрала штосьці лепшае? — запытаўся ён.
— Найлепшае, — сказала яна, не спускаючы вачэй з дырэктара.
— Ах ты шэльма! — не вытрымаў Друцкі, прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў у вусны і імкліва выбег на калідор.
Тэця акінула кветачніцу зневажальным позіркам:
— Навошта вам спатрэбілася выбіраць найлепшыя кветкі ў «дзявятку»?
Кветачніца надзьмула вусны:
— Не ваша бабская справа! Будзе тут яшчэ кожная ўмешвацца.
— А далікатней можна? — зачырванелася панна Тэця.
— О! Куды ўжо далікатней? Такая важная дама? Што да Вінклера ліпне…
— Выйдзіце, калі ласка! — крыкнула Тэця.