Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— А чыя ж? Раз у дзякрэце запісана, значыць — наша.
У пакойчыку старшыні сабралася восем рудабельскіх бальшавікоў: худы, з запалымі вачамі, з пасмамі шэрых валасоў, дзюбаносы Якаў Гошка, высокі, з магутнымі шырокімі плячамі, з невялічкімі вусікамі на ружовым твары Максім Ус, чарнявы, заўсёды спакойны Лявон Адзінец, Максім Ляўкоў, Пракоп Малаковіч, у чорным бушлаце і шырокім матроскім клёшы, зусім яшчэ малады балтыйскі марак Зянон Раговіч і разважлівы, хоць і малады, Нічыпар Званковіч.
Яны расселіся на лаўках каля сцен і чакалі, што ім скажа Салавей. А той агледзеў знаёмых з дзяцінства сяброў, успомніў парэпаныя пяты і пасівераныя рукі, зрэбнікі, пафарбаваныя альховай карою, закарэлыя насы і толькі вачамі ўсміхнуўся. Цяпер перад ім сядзелі абветраныя дужыя мужчыны. Яны не раз глядзелі ў вочы смерці пад Сувалкамі і Баранавічамі, у некаторых яшчэ нылі раны ад нямецкіх куль і шрапнелі. Гэта яго самыя блізкія сябры і аднадумцы, першыя бальшавікі Рудабельшчыны.
Усе гэтыя думкі імгненна пранесліся ў галаве. Салавей абсмыкнуў палінялую гімнасцёрку, паправіў шырокую папругу і загаварыў спакойна і ціха:
— Таварышы, нас тут усяго восем бальшавікоў. Не многа, але мы ўжо арганізацыя, сіла. Максім,— звярнуўся ён да Ляўкова,— прыйдзецца пісаць пратакол.
Максім выцягнуў аркуш паперы, што засталася ад колішняй воласці, паспрабаваў, ці добра піша пяро, і акуратна, буйнымі круглымі літарамі вывеў: «Пратакол № І сходу Рудабельскай валячэйкі РСДРП бальшавікоў».
— Таварышы, нам прыйдзецца ваяваць не толькі з панамі і падпанкамі, не толькі з багатаю засцянковаю шляхтай, але і з узброенымі сіламі контррэвалюцыйнага корпуса Доўбар-Мусніцкага,— працягваў Салавей.— Цяпер кожнаму відно, что Часовы ўрад Керанскага стварыў гэты корпус для таго, каб яго рукамі душыць рэвалюцыю, ахоўваць панскія маёнткі і распраўляцца з бальшавікамі і беднатою. Відаць, і Мухель чакае не дачакаецца легіянераў, каб яны пільнавалі ўрангелеўскае дабро.
— Што ты! — перабіў яго Ляўкоў.— Мухеля даўно па свеце няма. Даўся ж ён табе ў знакі, што і мёртвага ўспамінаеш. Атруціўся Мухель на самым пачатку вайны. Прамантачыў панскія грошыкі, а ў цюрму садзіцца фанабэрыя не дала, усыпаў нешта ў чай, выпіў шклянку на вачах ва ўрадніка і апруцянеў.
— Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік. Сам барон яго прывёз. Мікалаем Мікалаевічам завуць, а хвамілію ніхто і не ведае. Цюцька, якіх свет не бачыў,— дадаў Якаў Гошка.
— А я і не ведаў. Што ж, і гэты Мікалай Мікалаевіч не сядзіць склаўшы рукі. Нам трэба не дапусціць акупантаў у Рудабелку, трэба пакласці ўсе сілы, каб тут жыла Савецкая ўдасць. А для гэтага трэба што?
— Падняць і ўзброіць народ,— дадаў Ус.
— Так то яно так. А дзе ўзяць вінтоўкі, патроны, гранаты і хоць бы адзін кулямёт?
Пашукаем, дык можа і знойдзем. У мяне е карабін і наган,— прызнаўся матрос.
— Хіба ў аднаго цябе? У кожнага нешта знойдзецца,— сказаў Званковіч.
— Заўтра з раніцы кожны ў сваім сяле выявіць усю зброю. Вечарам збярыце людзей, усё раскажыце ім, запішыце гатовых уступіць у атрады самаабароны. Я думаю так: легіянеры праз Глуск не пойдуць. Яны ж пехатою хадзіць не прывычныя. Прыкоцяць у Ратміравічы па чыгунцы. Значыць, нам трэба мець сваіх людзей на станцыі і недзе недалёка паставіць баявую групу такіх хлопцаў, каб маглі сустрэць як трэба. Я пайду з імі. Жыць будзем у Оземлі. Людзі там нашы, бедната ўсё. Калі спатрэбіцца, памогуць. Згодны, хлопцы?
— А мяне возьмеш? — запытаў Раговіч.
— Возьмем, калі адзенеш світку і лапці абуеш, каб ніхто не пазнаў, што матрос.
Зянону не хацелася здымаць сваю форму, на якую ўсе так заглядаліся, але нічога не зробіш.
— І яшчэ адно, хлопцы. Трэба нам звязацца з Бабруйскім укомам. Цяпер разыходзьцеся, браткі, і за работу.
— Пачакай, Раманавіч,— падняўся Малаковіч.— Колькі нас сазнацельных бальшавікоў-парцейцаў, гатовых за рэвалюцыю ў агонь і ў ваду? Восем душ. Усе тут. Я думаю, етага мала.
— Канечне, мала,— падтрымалі яго.
— Што ж, людзей у нас добрых няма? Прыгледзецца толькі трэба, пагаварыць з чалавекам, і ён сам прыйдзе да нас. Узяць хоць бы Антона Кісяля ці Аляксандра Раговіча. Ды яны, яны ў пекла пойдуць за савецкую ўласць.
— А Мацвей Калінковіч чым не бальшавік, хоць і беспарцейны? — дадаў Максім Ус.
— От я й кажу, трэба, каб у нас была добрая баявая парцейная арганізацыя.
— Я думаю, хлопцы, парцейнаю ячэйкай няхай зоймецца Пракоп Малаковіч, баявыя атрады арганізоўваюць Салавей з Драпезам, а ў рэўкоме, пакуль суд да дзела, Максім Ляўкоў пабудзе,— прапанаваў Якаў Гошка.