Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Так і парашылі. Максім Ус выйшаў з рэўкома разам з Зянонам Раговічам. Ім было ў адну дарогу. Максім жыў у маленькай лясной вёсцы Грабінка, а Раговіч — у Старой Дуброве.
Прыцярушаная тонкім сняжком зямля зноў добра ўмерзла, закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Высокі шыракаплечы Максім, у абмотках і салдацкім шынялі, спыніўся, адвярнуўся ад ветру, прыкурыў і яшчэ раз зірнуў на рэўком. Над дахам трапятаў чырвоны сцяг, трымцела і калыхалася ад ветру дрэўка. На хатах віселі большыя і меншыя, шырокія і вузкія чырвоныя палотнішчы.
— Бачыш, вісяць.
— Калі не будзем разявакамі, заўсёды вісецьмуць,— адказаў матрос, і яны спорнай хадою пайшлі па вуліцы. Ззаду затарахцелі колы, гулка зацокалі конскія капыты. Іх нагнала і пакацілася па дарозе лёгкая брычка, запрэжаная паркай сытых коней. За кучарам, на глыбокім скураным сядзенні разваліўся Мікалай Мікалаевіч. Ён быў важны і незалежны, у чорным казачыне, круглай рудой шапцы, сівыя вусы звісалі аж на каўнер. Ён ледзь павярнуў галаву, абвёў хлопцаў халодным позіркам, і брычка пакацілася па дарозе.
— Колькі ж ён тут яшчэ будзе ездзіць? — запытаў Максім.
— Пакуль не дадзім па карку і не спорам з панскага седала.
— Як ты думаеш, куды ён ляціць, а?
— Мабыць, на Ратміравічы. Куды ж яшчэ па гэтай дарозе? Можа паехаў прасіць, каб легіянераў паставілі ў двары, а можа і так чаго,— спакойна разважаў матрос..
— Пачакай трошкі. Збегаю Аляксандру з Пракопам скалеў. Гэта ж не так сабе ён паехаў.— І Максім, грукаючы па сцежцы падкоўкамі салдацкіх чаравікаў, вярнуўся ў рэўком.
7...
На досвітку Салавей, а з ім яшчэ адзінаццаць чалавек, выйшлі з сяла. У некаторых на плячах віселі вінтоўкі і двухстволкі, у дваіх пры баку целяпаліся шаблі, на папругах калыхаліся падобныя на таўкачы, бляшаныя, з драўлянымі ручкамі гранаты. Ішлі па тры-чатыры чалавекі.
За ноч яшчэ паядранеў марозік. Нібы капусны ліст, парыпваў пад нагамі свежы сняжок. За чорнымі зубцамі лесу хаваўся тоненькі маладзік.
Салавей, прывычны да далёкіх пераходаў, ішоў паперадзе, лёгка і вельмі спорна. Якаў Гошка, заплятаю-
135.
чыся ў крыссі шыняля, ледзьве паспяваў за ўсімі. Калі добра вывіднела, яны выйшлі з маладога асінніку на палявую дарогу. На ўзгорку паказаліся хаты, хлявы, азяроды і пуні.
Хлопцы сталі вакол Салаўя. Ён ссунуў на патыліцу зялёную вайсковую шапку, правёў пальцам па маленькіх падстрыжаных вусіках і ціха, зусім па-сяброўску, сказаў:
— Яша з Анупрэем пойдуць прама на станцыю. Садзіцеся сярод людзей і маніце, колькі ўлезе. Можаце сказаць, што едзеце ў войска пасля ранення ці шукаеце фурманку, каб даехаць дадому. Часцей заходзьце да дзяжурнага, пытайцеся, калі прыйдзе поезд. Глядзіце і нюхайце, чым там пахне. А мы загуменнямі, агародамі, хто як, разыдземся па сялу. У кожнага ж тут ёсць ці сваяк, ці знаёмы. Я буду ў Пракопавага швагра. Калі што якое пачуеце на станцыі, адразу ж дасце знаць. А к вечару і мы па адным, па два прыйдзем туды. Трэба, каб ніхто не ведаў, колькі нас і хто мы такія.
Дні позняй восені кароткія і шэрыя: адразу пасля паўдня пачынае змяркацца. Аляксандр, не разуваючыся, прылёг на палок за печчу — мінулаю ноччу не спаў і ў гэтую наўрад ці засне. У сенцах вішчаў галодны парсюк, на дрывотні цюкаў сякераю гаспадар, на лаве маленькая мурзатая Манька калыхала анучную ляльку, спявала ёй «ката», крычала і біла за тое, што «не спіць», і зноў спявала.
Аляксандр ляжаў з заплюшчанымі вачыма, але сон не браў яго. «Якою ты будзеш, Манька, праз дзесяць гадоў? — думаў ён.— Будзеш вучыцца. Усе тады будуць вучыцца ў вялікіх новых школах. Бацька паставіць прасторную хату, з электрыкаю, як у горадзе. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць і сеяць. Эх, дажыць бы да тае пары, паглядзець бы на нашу Рудабелку, на гэтую мурзатую Маньку гэтак гадоў праз дзесяць?»
Непрыкметна ён нібы паплыў у сінім тумане. Ужо здавалася, не гаспадар грукае на дрывотні, а чуваць далёкія глухія стрэлы, трэба ўскакваць, сагнуўшыся, бегчы па полі, паўзці пад калючы дрот, страляць і некага калоць штыхом. Каго і за што? Невядома.
Праз нетрывалую дрымоту ён пачуў, як у сенцах ляпнула клямка, нехта абабіў ногі і ўвайшоў у хату. Аляксандр сеў на палку, працёр вочы, але ў змроку не мог пазнаць чалавека, пакуль той не загаварыў:
— Ці е тут хто жывы?
— Тата на дрывотні, а мама ў хляве,— бойка адказала Манька.
— А дзядзькі ў вас ніякага не было?
Аляксандр пазнаў Цярэшку па голасе, саскочыў з палацяў і падышоў да яго.
— Каго вы шукаеце, дзядзька?