Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Але яна тут жа зразумела, што гэтага не зробіць. І не таму, што можа не справіцца з кабетай — яна, Жывена, лоўкая і хуткая, на скаку дастае галавой зямлі і вяртаецца назад у сядло. Проста нават дзеля свабоды яна не можа ўчыніць гвалт над нявіннай. «Нявіннай?!» — загаварыла ў ёй абурэнне. «Ды яна ж прадажная жанчына, віслена, альбо, як казалі агнішчане і простая чадзь, прасталытка!» І нейкі ўнутраны, спакойны, як сумленне, голас сказаў рашуча, як убіўшы кол у разгарачанае месіва думак: «Не!»
Казінта ўнесла гляк, паставіла яго на стол і накіравалася да дзвярэй. Жывена ўстала на яе шляху.
— Дапамажы мне. Ты ж славянка, як і я. Адчыні мне дзверы. Я заплачу табе. Дай мне збегчы адсюль!
Зеленаватыя вочы жанчыны шырока раскрыліся:
— Ты хочаш бегчы?!
Яна гаварыла на мове, якая была зразумелая Жывене, хаця асобныя словы вымаўляліся іначай.
Дзяўчына хутка заківала галавой, а душа яе рванулася прабіць сцяну непаразумення паміж ёю і гэтай жанчынай, ад якой магло залежаць яе выратаванне. І нешта як скранулася ў Казінце, вочы яе пацяплелі:
— Мне сказалі, ты застанешся ў нас. Можа, будзеш таксама абслугоўваць гасцей. А ў мяне дзеці — хлопчык і дачушка. Ты — прыгажэйшая, і ў цябе няма дзяцей…
Тады Жывена зразумела прычыну варожасці Казінты, і шкадаванне заліло ёй грудзі варам:
— Я лепей памру — ты верыш мне, Казінта?
Жанчына няпэўна паціснула плячыма, пасля, павагаўшыся, дадала:
— Мабыць, так… Але я не магу табе памагчы — мяне заб'юць.
— Я звяжу цябе… ты скажаш — я заспела цябе знянацку!
Але цяпер Казінта сказала цвёрда:
— Яны заб'юць мяне, а куды дзенуцца мае дзеці? Я шкадую цябе, я была такая ж маладая і гордая. Але мне хацелася жыць — хай у палоне, сярод насільнікаў… Толькі б жыць. І вось жыву.
Жывена зняла з грудзей запаветны залаты медальён з выявай Ашвінаў — «Яны даруюць мне святатацтва, яны добрыя».
— Я не вазьму яго, — Казінта адхіснулася. — Мае дзеці…
— Тады замяні мяне, — патрабавальна глянула на яе Жывена. — На сённяшнюю ноч. І прынясі кварту медавухі.
Медальён вісеў перад вачыма Казінты, яна пераводзіла позірк то на яго, то на Жывену.
— Ты… ты атруціш яго, Райнера?
— Абяцаю табе… як называецца ваша багіня прыгажосці? Ляля?
— Красопані альбо Лада…
— Клянуся ёю і маці-Зямлёй, што ён застанецца жывым і нават здаровым. Можа, будзе піць разам з усімі — кінь шчопцю ў кварту. Тады ён не здолее адрозніць цябе ад мяне. Памажы мне — і нашы славянскія багі дапамогуць і табе. Ты згодная, калі я не памру да вечара альбо не збягу адсюль, легчы замест мяне ў гэты ложак?
Казінта асцярожна пагладзіла медальён. Уздыхнула.
— Яны не ўзялі ў цябе нават твой сярэбраны бранзалет, — яна дакранулася да запясця жрыцы. — Падары мне яго і пажадай калі-небудзь выбрацца адсюль. — А медальён, — дадала кабета, — пакінь сабе. Я не хачу крыўдзіць багоў-блізнят — ім пакланяліся і мае продкі.
Яны абгаварылі прыдуманы Жывенаю план і, здаецца, зразумелі адна адну. Жрыца не памылілася: тут, сярод глухой пушчы, заезны дом-карчма прызначаны быў для ліхіх малайцоў, хто хацеў хутчэй збыць нарабаванае. Сюды звозілі палоннікаў, каб прадаваць іх далей — у краіны ісламу, Міжземнамор'е. Разлік крыжакоў на тое, каб, ад'язджаючы з земляў сваіх былых саюзнікаў, пацешыцца там вайною і рабаўніцтвам, не вельмі выяўляючы сябе, быў хітрым: як разбірацца на папялішчы, хто яго ўтварыў — разбойнікі, татары альбо крыжакі? Тым болей што Міндоўг хітрыў: адпісваў немцам землі, якія яму не належалі, часам паказваў, можа, і не хочучы таго, як апрыкралі яму пагрозліва-буйныя германцы, якія, аднак, пагардліва глядзелі на новаахрышчанага князя, што не хаваў сваёй даўняй адданасці язычніцтву. Жывена ведала пра тое, таму не хацела, як спярша збіралася, раскрыць таямніцу свайго нараджэння рыцару Райнеру. Падумаўшы, яна вырашыла, што можа тым толькі пашкодзіць сабе.
Вечар густа мазаў спачатку барвовымі, пасля ружова-бледнымі, затым сіне-шэрымі фарбамі вапнавую сцяну насупраць акна. Цені сцякалі па ёй туды, дзе нараджаюцца ўсе формы быцця, што прыходзяць спраўджвацца на зямлю. Знізу паднімаліся ўсё гусцейшыя пахі цыбулі, кропу, смажаніны і дымнага, п'янага застолля, чуўся грукат посуду і рогат, загудзела валынка. Пасля, мабыць, з падзямелля вывелі дзяўчат і маладзіц — заенчылі, заскуголілі, як прапашчыя душы, тонкія галасы. Але хто мог дапамагчы няшчасным тут, дзе кожная бэлька і дошка крычма крычалі аб пакутах і злыбедзе, гвалце і крыві? Пітво рабіла сваё: дзікія крыкі мацнелі, яны паднімаліся наверх — мабыць, немцы цягнулі пакутніц па пакоях-логавах. Плач і лаянка, хрыплае галёканне, тупат і рыпенне дошак напоўнілі, здаецца, усё навокал. Яна ціха сядзела ў цёмным пакоі, дзе чорнымі струменямі мільгацелі па кутах злыдухі, якія так любяць спажываць чалавечую нянавісць і страх, ад таго селяцца толькі там, дзе яны ёсць. Мышыны іх, зласлівы піск выразна чула Жывена, але не было ў яе ні агню, які прымушае адступаць усе чорныя сілы, ні магічнага жазла, а самае галоўнае — душа яе ніяк не магла сабрацца ў адно і адкінуць прэч дробную калатню страху, а без таго не справіцца ёй з пошасцю, якая кіруе і гэтымі нячысцікамі, і ўчынкамі Райнера. Спалоханай душы не дадзена прабіць і варожую каламуць хмараў, што шчыльнай заслонаю ахінулі гэты злашчасны дом і яго насельнікаў… Усё разумела Жывена, але глядзела на амаль непрыкметны ў цемрадзі жоўты круг месяцовага святла і пачувала сябе звязанай путамі чужой, варожай чалавеку волі, пакінутай светлымі сіламі, такімі спачувальнымі да яе раней…