Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– З Дрэвабародам і энтамі.
– Энтамі! – выгукнуў Арагорн. – Дык старыя паданьні пра лясных жыхароў і волатаў, якія пасуць дрэвы, – праўда? Яшчэ засталіся ў сьвеце энты? Я думаў, яны – толькі памяць мінулых дзён або ўпрост роханскія казкі.
– Роханскія казкі! – выклікнуў Ляголас. – Ды кожны лясны эльф у Дзіказем'і сьпяваў песьні пра старых анадрымаў і іхнюю доўгую тугу. Але й сярод нас яны – усяго далёкі спомін. Калі б толькі я сустрэў такога пад нашымі нябёсамі, я насамрэч зноў пачуўся б маладым! Адылі Дрэвабарод – гэта ж толькі пераклад слова Фангарн на Агульную мову. А ты ж, напэўна, казаў пра асобу. Хто такі гэты Дрэвабарод?
– Не пра малое ты запытаўся. Расповед нават той дробкі, што я ведаю пра ягонае доўгае, павольнае жыцьцё, заняў бы зашмат часу. Дрэвабарод і ёсьць Фангарн, вартавы лесу, старэйшы за ўсіх жывых, якія яшчэ ходзяць пад сонцам гэтага сусьвету. Спадзяюся, Ляголас, што ты калі-кольвек насамрэч сустрэнесься зь ім. Мэры й Піпіну пашанцавала. Яны спаткалі яго прама тут, дзе мы сядзім зараз. Сюды ён прыйшоў два дні таму, а тады зьнёс хобітаў да свайго жытла. Далёка адсюль, ля караніскаў гары. Дрэвабарод часьцяком заходзіць сюды, асабліва калі непакоіцца й весткі з навакольля турбуюць яго. Я бачыў, як чатыры дні таму ён крочыў між дрэваў. Мяркую, ён заўважыў мяне, бо прыпыніўся. Але я ня стаў размаўляць, бо глыбока задумаўся й быў надта стомлены пасьля барацьбы з Вокам Мордару. I ён не загаварыў, не паклікаў.
– Верагодна, і ён палічыў, што бачыць Сарумана, – сказаў Гімлі. – Але ж ты гаворыш пра яго як пра сябра. А нас папярэджвалі: Фангарн небясьпечны!
– Небясьпечны? – выклікнуў Гэндальф. – Так, і я таксама небясьпечны, болей за любога, каго ты можаш сустрэць. Хіба толькі цябе жыўцом прывалакуць да стальца Чорнага Ўладара. I Арагорн небясьпечны, і Ляголас! Цябе акаляюць небясьпекі, сын Глойна, бо й сам ты небясьпека, і яшчэ якая. Безумоўна, Фангарн такі, і не ў апошнюю чаргу для тых, што махаюць сякерамі, але ж ён і мудры, і добры, нягледзячы на тое. Ягоная павольная доўгая злосьць намнажалася й закіпала, і лес паўнюткі ёю. Хобіты й прынесеныя імі зьвесткі выплеснулі яе вонкі. Неўзабаве яна пабяжыць струменем, бы навала патопу, і захлісьне Ізенградак і ягоныя сякеры. Здарыцца рэч, пра якую ня чулі ад Даўніх дзён: энты абудзяцца й спазнаюць сваю моц.
– I на што ж яны здольныя? – зьдзівіўся Ляголас.
– Ня ведаю. Мяркую, ня ведаюць і яны самі. Ну, пабачым, – адказаў Гэндальф і змоўк, нахіліўшы галаву ў задуменьні.
Сябры глядзелі на яго. Сонечны прамень, прабіўшыся праз аблокі, упаў на ягоныя далоні – і падалося, яны поўныя сьвятлом, як келіх вадою. Тады Гэндальф зірнуў угору, проста на сонца.
– Раніца праходзіць, – вымавіў ён. – Неўзабаве павінны йсьці й мы.
– Ці выправімся мы шукаць нашых сяброў да Дрэвабарода? – спытаў Арагорн.
– Не, ня гэтым шляхам вы мусіце рушыць. Я абнадзеіў вас. Але ж гэта толькі надзея, не перамога. Вайна прыйшла да ўсіх нашых сяброў. Вайна, у якой толькі карыстаньне пярсьцёнкам гарантуе перамогу. Цяжкі тое сум для мяне й вялікі страх, бо шмат будзе зьнішчана й магчыма страціць усё. Я – Гэндальф, Гэндальф Белы, але Чарноцьце пакуль дужэйшае за мяне.
Ён падняўся й зірнуў на ўсход, прыкрыўшы вочы, нібы бачыў у далечыні рэчы, якіх аніхто іншы згледзець ня мог. Тады пахітаў галавою й сказаў ціхенька:
– Не, ён ужо недасягальны для нас. I гэтым нам, нарэшце, трэба задаволіцца. Болей думка скарыстаць пярсьцёнак нас не спакушае. Перад намі яшчэ пагроза, амаль неадужная, адчайная, але ад пагрозы страціць сябе мы пазбаўленыя.
– Не сумуй, Арагорне, сын Араторна, – дадаў, павярнуўшыся. – Не шкадуй пра свой выбар у даліне Эмін Мюйлу, не называй пагоню дарэмнай. Ты абраў сярод сумневаў шлях, які падаўся слушным. Справядлівы выбар – і ўзнагароджаны. Бо менавіта таму мы сустрэліся ў патрэбны час – інакш было б надта позна. Але ж твае сябры цалкам выканалі свой абавязак. Далейшы твой шлях будзе абраны абяцаньнем, якое ты даў. Цябе перад табою – Эдорас і Тэядэн у залі продкаў. Ты патрэбны там. Няхай зязьзяе сьвятло Андарыля ў сечы! Меч доўга чакаў яе. У Рохане вайна й горшае ліха: з Тэядэнам блага.
– Дык мы не пабачым зноў нашых вясёлых маленькіх сяброў? – спытаў Ляголас.
– Я не казаў таго, – вымавіў Гэндальф. – Хто ведае? Май цярплівасьць. Імкні туды, дзе ты патрэбны, і ня траць надзеі! У Эдорас! Я таксама рушу туды.
– Доўгі шлях туды чалавеку, старому ці маладому, – заўважыў Арагорн. – Баюся, бітвы скончацца яшчэ да таго, як я дабяруся датуль.
– Пабачым, пабачым, – сказаў Гэндальф. – Ці з мною ты?