Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 209
Перейти на страницу:

Анэта любіла выбіраць сабе ўборы... Яны з Богушам зараз хадзілі б па гэтай плошчы разам, і яна купляла б сабе падарункі да вяселля. Тонкі ядваб, зялёны, як першае бярозавае лісце... Гафтаваныя перлінамі чаравічкі, у якіх гэтак вольна бегаць-слізгаць па нацертай воскам да вадзянога бляску падлозе... Рукавічкі са срэбнага дзівоснага футра... Богуш ні ў чым ёй не адмаўляў. Навошта даражыцца, калі заўтра ці нават сёння на горад могуць напасці крымчакі, ці шведы, ці маскоўцы, і знікне кароткая радасць... Богуш заўсёды біўся ў першых шэрагах, яе слаўны рыцар... І ейная зялёная стужка была ў яго на шлеме. Іх каханне і нарадзілася ў бойцы... Богуша і Анэту сасваталі яшчэ малымі. Але дзяўчына зусім не была ў захапленні ад задзірастага хлапчука з непакорлівымі цёмнымі віхрамі...

Ён паехаў у Кракаўскі ўніверсітэт, вярнуўся... У стракатых штанах і дзюбастых чаравіках са званочкамі на насах. З плоймай лацінскіх выказванняў, якія ўстаўляў да месца і не. На бацькавы ўгаворы Анэта капрызіла: «Не хачу замуж за гэтага боўдзілу! З яго ж усе смяюцца!»

Пад сцены Старавежска прыйшлі татары. Да Вялікага князя паслалі па дапамогу. Але пакуль княскае войска падыдзе, даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы. Богуша прынеслі ў ратушу, дзе зладзілі лазарэт, калі напад быў ужо адбіты. Вялікі князь так і не прыслаў войска ў непакорлівы горад, што не прымаў ягонага войта і заключаў гандлёвыя дамовы з ягонымі ворагамі. Ганец вярнуўся са словамі: «Каму служыцьме, у таго і дапамогі прасіцьме».

А Старавежск не служыў нікому.

Паважныя воі расказвалі пра геройствы маладога Радчыца і шкадавалі, што такі добры ваяр памрэ. Анэта нахілілася над параненым... Ён быў зусім бледны, валасы прыліплі да скрываўленага лба. Раптам веі задрыжэлі, бліснула сінь вачэй... Ён пазнаў яе. І... паспрабаваў усміхнуцца. Каб падбадзёрыць сваю палахлівую дзяўчынку. «Не плач, Анэта, а то жабы ў пакоі развядуцца». Яна хутчэй адгадала, чым пачула яго ўлюбёную дражнілку.

І ўспамін пра тую ўсмешку на збялелых ад болю вуснах дасюль прымушае сэрца сціскацца...

Тады ён выжыў... Было кароткае шчасце. Анэта ведала — Богуш абраў бы лепей смерць ад варожага мяча, чым ад хваробы... Але пані Смерць дыспутаў не ладзіць.

Няма болей Багуслава Радчыца...

Сцелецца над брукаванкай горкі дым, карычневая лістота ўжо не шасціць, прыбітая дажджамі да зямлі. Толькі дзіўныя застрашлівыя постаці вартаўнікоў па краі плошчы. Захутаныя ў цёмныя плашчы, што напінаюцца зброяй, твары да вачэй абвязаныя белымі палотнамі — як у сарацынаў...

— Анэ-эта-а! — зноў мсціцца далёкі голас Богуша...

Цёмныя постаці ўнізе зварухнуліся, зрушыліся...

Моцныя рукі адштурхнулі дзяўчыну ад акна.

— Дурное дзяўчо! Пошасць прыходзіць з паветрам!

Бернацоні злосна зачыніў шыбы, нібыта за імі стаілася сама смерць. Шоргат крылаў прымусіў яго азірнуцца. Белы голуб сеў на плячо лекара. Анэта са здзіўленнем убачыла, што суровы твар італьянца прасвятлеў ад радасці. Бернацоні схапіў птушку, нешта адвязаў ад яе лапкі, няўважна падкінуў птушку ўверх, і тая, спалохана пакружляўшы, села на адзін з гадзіннікаў... Анэта здагадалася, што голуб прынёс чаканыя весткі. Можа, ад самога Вялікага князя. Відаць, бедная птушка зблудзіла ў смярдзючым дыме і не даляцела да адмысловага акенца на гарышчы. Але ўсё-ткі шкада, што прыляцеў не анёл.

Раптам Бернацоні раздражнёна ўскрыкнуў:

— Маледэтта! Я мушу гібець тут аж да пачатку посту! Ну які ёлуп увёў у вушы Яго Вялікасці, што гэтае панішчанае, няшчаснае мястэчка мае волю да супраціву! Ды тут яшчэ сто гадоў не будзе моцы нават зладзіць начную варту! А, гэта, відаць, Яго правялебнасць, шаноўны біскуп, пастараўся...

Анэта скаланулася. Чужынец казаў пра яе горад, пра яе ўлюбёны, вольны Старавежск.

— Наш горад аджыве! — дачка радцы не магла змаўчаць.— І пошасць была. І пскавічы нас палілі, і крымскі хан... Старавежск можна параніць. Але нельга забіць.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)