Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Надзя ў інтэрнат бегла адна. Яна апусціла галаву, схавала ў кішэні рукі. Пальцы з непрывычкі набраклі, смылелі і нылі ад стомы і першых мазалёў. У новым, толькі што заселеным доме было асабліва светла і шумна. Гармонікі стараліся заглушыць адзін аднаго, «Падмаскоўныя вечары» перапляталіся з «Агурочкамі», а на чацвёртым паверсе ўжо «Шумеў камыш». Відаць, увесь дом спраўляў наваселле.
Надзя прайшла паўквартала і пачула, што нехта яе даганяе. Зрабілася страшнавата, але яна азірнулася.
— Надзя, пачакай, гэта я... Хвіліначку.
Яна не спынілася, а толькі прыцішыла крок.
— Ты мяне можаш лаяць, колькі хочаш. Ведаю, што па глупству затрымліваю, але, апрача цябе, мне няма з кім параіцца. Ты ж у шмотках сячэш?
— У чым, у чым? — перапытала Надзя.— Наогул, цябе, Мікалай, без перакладчыка не зразумееш.
— Ну, як табе растлумачыць? Адным словам, у бабскім абмундзіраванні ты ж разбіраешся. Мне трэба купіць нейкую добрую рэч, а што, і сам не ведаю.
— Нічога не разумею, Коля. Кажы толкам, навошта табе жаночыя рэчы?
— Хоць бы адну добрую. Толькі паміж намі. Заўтра ў мамы маёй дзень нараджэння. Разумееш?
— Разумею.
— Мы яго заўсёды адзначаем удваіх, чаем з пячэннем або тортам, але ніхто ніколі ей нічога не дарыў.
— Колькі гадоў тваёй маме?
— Сорак адзін.
— А якая яна?
— Вельмі харошая,— зусім па-дзіцячы адказаў Колька.
— Мамы ўсе харошыя. Але каб купляць завочна, трэба ведаць, якія ў яе валасы, высокая яна ці нізкая, поўная ці худая, нават які колер вачэй, трэба ведаць, ну і размер, канечне.
— Адбіткі пальцаў не трэба? — змрочна пажартаваў Колька.— Ну дык як, паможаш? І дай слова — нікому ні гу-гу. Заўтра ў дванаццаць каля магазіна. Добра?
— Калі так, прыйду. Пакуль! — Надзя павярнулася, прабегла яшчэ некалькі крокаў і знікла ў доўгім калідоры інтэрната.
Колька пастаяў каля ганка, пакуль не рыпнулі за Надзяю дзверы. Праз хвіліну загарэлася яшчэ адно акно. Колька падышоў да яго.
— Ага, значыць, у восьмым пакоі.
* * *
Назаўтра яны сустрэліся каля магазіна. Здалёк Надзя ледзь пазнала Кольку. На ім было моднае кароценькае паліто, чорны касцюмчык і белая хрусткая кашуля. Старанна прычасаныя валасы здаваліся не рудымі, а проста светлымі. Ну, хто яго цяпер пазнае?
Чакаў ён, відаць, даўно, хадзіў каля дзвярэй, курыў і паглядаў на ўсе бакі. А ўбачыў — пабег насустрач. Сёння ён увесь быў нейкі далікатны і стрыманы. Яны хадзілі ад прылаўка да прылаўка, пераходзілі з аддзела ў аддзел, разглядалі нейлонавыя блузкі і шарсцяныя кофтачкі, модныя туфелькі і імпартныя сумкі. А Надзя так нічога і не выбрала. «Гэта не модна», «гэта не практычна», «вельмі ж маркая», «для сталай жанчыны — легкадумна», «абутак, не памераўшы, купляць нельга».
Колька пачынаў трывожыцца, што так яны нічога не купяць.
На іх пазіралі дзесяткі вачэй. Адны дакаралі, другія спачувалі, трэція двухсэнсоўна падміргвалі Кольку, а ён чырванеў і адварочваўся. «Падлабуніўся рыжы да новенькай», «Глядзі, глядзі, ужо і падарункі купляе», «За што б гэта?!» — перашэптваліся дзяўчаты. Ад іх поглядаў Колька бянтэжыўся, рабіўся нязграбны і маўклівы, хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў. Ён баяўся, каб іх не заўважыла Надзя і не пакінула яго аднаго. І хацелася, каб усе бачылі яго поруч з гэтаю дзяўчынаю, светлаю і чыстаю, прыгожаю і не падобнаю на тых, што шапталіся і з дакорам пазіралі на іх.
Яны выйшлі з магазіна, нічога не купіўшы.
— Ну, што будзем рабіць? Без падарунка мне ніяк нельга.
— Ты ж сам бачыў: купіць абы-што — толькі грошы выкінуць. Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была.
— Прыдумаў! Толькі давай з'ездзім у горад...
Колька заўважыў, што Надзя насцярожылася, і пачаў упрошваць яе, як малое дзіця:
— Гэта ж зусім побач, аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін, сёння ж выхадны, толькі зойдзем купім, і прыедзеш назад. Ну, прашу.
Надзі было шкада часу. Хацелася сёння напісаць пісьмы, схадзіць у бібліятэку і наогул крыху агледзецца. Ды і няёмка адной ездзіць з гэтым малазнаёмым хлопцам. Але хіба можна адмовіцца? Гэта ж не абы-што, а падарунак маме. Надзі ўспомнілася яе маці і зрабілася крышку сумна.
Яны дабеглі да прыпынку і на хаду ўскочылі ў аўтобус. У ім было людна, весела і шумна. Ехалі такія ж, як і яны, юнакі і дзяўчаты і, мабыць, былі рады, што ў аўтобусе цесна і што ён не вельмі спяшаецца ў горад.
Надзя з Колем прыйшлі ў ювелірны магазін. Яны прабегліся вачыма па радочках маленькіх гадзіннікаў, раскладзеных у вітрыне. Надзя глядзела на форму, марку, на цыферблат, а Колька яшчэ прыглядаўся і да цаны. Нарэшце яны выбралі маленькі зіхатлівы гадзіннік «Слава», купілі і раменьчык да яго.