Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Яна абвяла позіркам цьмяныя сцены. На цвічках віселі авоські з полуднем. А яна ж нічога не ўзяла з сабою — і пачырванела. Прыйдзецца хлусіць, што зусім не хочацца есці. Яна яшчэ раз абвяла позіркам усіх хлопцаў і падумала: пройдзе тыдзень, ну няхай месяц, і яна будзе ведаць і характары, і звычкі, і біяграфію кожнага, напэўна, пасябруе з імі. І тут жа дала сабе слова — быць аднолькаваю да ўсіх. «Буду весці дзённік,— думала яна,— а пасля напішу нарыс пра сваю брыгаду». Яна яе ўжо называла сваёю.
Сымон Пятровіч разгарнуў на стале складзеную ў дзесяць столак сіньку. Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом.
Брыгадзір кожнаму сказаў, што рабіць, зірнуў на наручны «будзільнік» і скамандаваў: «Пайшлі».
Надзю ён паставіў разбіраць арматуру. Чула гэтае слова і раней. Ведала, што ёсць арматуршчыкі, арматура, а ніколі не думала, што гэта ржавыя пераплеценыя жалезныя прэнцікі.
Колька мімаходзь кінуў ёй свае брызентавыя рукавіцы:
— Трымай, намесніца, а пальчатачкі схавай — не па сезону.
Надзя нагнулася над іржавымі жалезнымі пляцёнкамі і пачала іх разбіраць. Было ветрана і няўтульна. Нізка вісела шэрае неба. Добра яшчэ, што не ішоў дождж. Успомнілася матчына цёплая хата вось у такія дні позняй восені. Патрэскваюць дровы ў печы, вецер дзынкае шыбінаю, чэкаюць ходзікі на сцяне. І так зрабілася сумна, так захацелася дамоў, аж нешта даўкае заказытала ў горле.
Яна глядзела на рабочых у пакамечаных, заляпаных глінаю спяцоўках, бачыла напружаныя постаці і твары без «газетных» усмешачак. Усе спяшаюцца, мітусяцца, цягнуць бярвенні і дошкі ў нейкі катлаван, грузаюць у перамешанай трактарамі багне. Гэта нялёгка. Вось і пісалі б так, як ёсць. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу.
Надзя ўспомніла, што сёння субота, кароткі дзень. Яна рана прыйдзе дадому, скіне цяжкія боты, гаматную целагрэйку і ў лёгкіх туфельках пабяжыць у кіно. І тут жа ловіць сябе на думцы: гэта ж першы рабочы дзень у яе жыцці, а ўжо хочацца хутчэй у цёплы пакойчык у інтэрнаце, яна марыць пра свой беленькі ложак, пра туфелькі і кіно.
Можа, сумна таму, што яна яшчэ нічога не ўмее рабіць, што ніколі не рабіла і не любіць аднастайнай работы, пра якую кажуць: «паднімі і кінь».
* * *
Перад самым канцом работы да брыгадзіра прыбег пажылы чалавек і пачаў упрошваць разгрузіць чатыры вагоны шчэбеню.
— Дзве гадзінкі — вашых нет,— угаворваў ён.— А то прастой запішуць, акты складай, штрафы плаці, а вам раз плюнуць, і вашых нет. Ды і шчэбень (ён правёў далонню па шыі) во як патрэбен.
Брыгадзір згадзіўся.
Рухавы чалавек, што так упрошваў брыгадзіра, выскачыў на дарогу, спыніў самазвал, усю брыгаду Красікава пасадзіў у мокры халодны кузаў, сам прыляпіўся недзе каля шафёра, і... паехалі.
— Я так і думаў, што кіношка сёння пойдзе бортам,— абураўся Колька.— Тар-р-ракан гэты вусаты! Апрача нашай брыгады, нікога больш не ведае. Ішакоў знайшоў!
— А якое кіно сёння? — спытаў хтосьці з хлопцаў.
— Каляровы ў дзвюх серыях: «Разгрузка шчэбеню»,— выпаліў Колька.
У тупіку каля складаў, прыцярушаных цэментавым пылам, стаялі скрэмзаныя крэйдаю вагоны.
— Начальнічак, а плаціць колькі будзеш за каробачку? — не стрымаўся ўсё той жа языкаваты Колька.
— Ёсць дзяржаўная расцэнка,— нехаця буркнуў дзесятнік.
— Ты не цямні, баця, кажы праўду.
Пакуль Колька часаў языком, Юрка з Алёшам адсоўвалі цяжкія вагонныя дзверы, хлопцы падцягвалі трапы, пад колы падкладалі калодкі, здымалі целагрэйкі і хавалі іх пад вагоны, каб не замачыў дождж.
— Гэта ж не ваенная тайна. Ну, скажы, баця.
— Сціхні ты, Маневіч, без цябе разбяромся,— сунімаў яго брыгадзір.
Надзі было сорамна за гэтага настырнага хлапчука, за яго жаргон, за непачцівасць да старога чалавека.
— Сем дваццаць за вагон, і адчапіся, смала,— злосна кінуў дзесятнік.
— Фю-і-і-ць,— свіснуў Колька.— Дык ты да раніцы, баця, можаш адхваціць 28 рублёў і яшчэ 80 капеек. Перабіваць не будзем. Разгружай сам, а ў нас няма дурных. Праўда, хлопцы? — ён прытупнуў і заспяваў: «Субота, субота, харошы вечарок».
— Ніяк не пайму, Красікаў, цырк ці вар'яцкі дом у тваёй хвалёнай брыгадзе.
Брыгадзір маўчаў.
Хлопцы ўсцягвалі трапы, разбіралі насілкі, разыходзіліся па вагонах. Колька стаяў збоку адзін. Ён падміргваў то Алёшку, то Юрку, нібы гаварыў: «Давайце папалохаем старога». Але ніхто на яго не зважаў.