Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
— Памерай, калі ласка,— папрасіў Колька.
Надзя прыклала гадзіннік да свае тонкае рукі, сама паглядзела на яго з усіх бакоў і паціху сказала: «Добра».
— Пры-гожа! — неяк мнагазначна пацвердзіў Колька.
Яны выйшлі на людную вуліцу. Надзя разглядала незнаёмы горад. Ён увесь быў новы, прасторны і нават у гэты асенні дзень здаваўся светлым і чыстым. А Надзі калісьці ён уяўляўся старым і замшэлым, з вузкімі вулачкамі і змрочнымі саборамі часоў Сімяона Полацкага, Івана Грознага або Скарыны. Пра даўніну нагадвалі толькі стромкія белыя званіцы Сафіі, а пашчапаныя вежы колішняга кадэцкага корпуса — пра пекла апошняй вайны. Вось і ўсё, што засталося ад старога Полацка.
Надзя і не заўважыла, як яны апынуліся ў маладзенькім скверыку. У ім было светла ад асенняй пазалоты, здавалася, недзе ў вяршалінах таполяў і ліп прытаілася затуманенае сонца. Над клумбамі звесілі чырвоныя і сінія галоўкі прыбітыя дажджом буйныя астры, апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. На душы было па-святочнаму светла.
— Давай пасядзім хвілінку. Зірні, як тут хораша.
— Хіба толькі хвілінку,— адказала Надзя, і яны пайшлі да зацішнай лавачкі, што стаяла паміж кустамі парудзелай акацыі.
— Надзя, я нават не ведаю, як табе дзякаваць, што ты ледзь не ўвесь выхадны...— Колька не знаходзіў патрэбнага слова,— ну, ходзіш са мною.
— Па-мойму, ніхто б не адмовіўся выбраць падарунак для мамы.
— Думаю, што будзе рада. Яна ж ад мяне мела толькі непрыемнасці. З трэцяга класа яе цягалі ў школу за мае фокусы, а потым і ў міліцыю не раз «запрашалі». Цяпер і самому смешна, якія дурні былі. Разумееш, вучыліся ў сёмым. У кіно хочацца, а грошай няма. Думалі, думалі і дадумаліся. Непадалёк ад нас ларок стаяў. Так, фанерная будачка, штурхні — паваліцца. Віно, кілбасу, цукеркі і кансервы там розныя прадавала цётка Сіма. Нагледзелі мы гэты ларок. Як добра змеркла, падкапаліся пад яго. Залез туды адзін пацан, падняў маснічыну і падае нам пляшку за пляшкаю... Пакаштавалі, віно — кіслае, як воцат, аж у роце сцягвае, пакаштавалі з другой — крыху саладзейшае, пацягнулі ўсе па разу, а рэшту вылілі. Носім бутэлькі да канаўкі, адкаркоўваем і выліваем, а пляшкі ў сетку складаем. Штук дванаццаць так апаражнілі. Сетку схавалі ў густых лопухах за нашым агародам. А назаўтра панеслі здаваць бутэлькі. Тут нас і застукалі. Ну — міліцыя, КПЗ, допыты: «Хто кіраваў? Куды схавалі грошы?» — «Якія грошы?» — пытаемся. Мы ж яшчэ не паспелі іх выручыць за пляшкі. А нам кажуць, што мы дзве тысячы з касы забралі. Ну ж і пакруцілі нас вакол гэтых дзвюх тысяч. Гэта таўстуха Сіма выдумала — разбагацець хацела. А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Патрабуюць выдаць кіраўніка, у камеры трымаюць. Ледзь выпуталіся. Добра, што школа ўступілася. А мама пасівела за гэтыя дванаццаць бутэлек. І ў мяне жыццё пайшло з перакосам. У школе «ларочнікам» пачалі дражніць. Двойку схаплю, зноў папракаюць: «Гэта табе не бутэлькі цягаць». І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. А сёлета да Сымона Пятровіча паступіў. Харошы ён мужык, справядлівы...
Надзя слухала, прыцішаная і задуменная. Пасля зірнула з-пад густых залацістых вейкаў на Кольку. Ён быў наіўны і лагодны, паслухмяны і мяккі, а ўчора здаваўся ваўчанём, задзірыстым, нахабным і непачцівым. Бадай самым непрыемным і самым прыкметным у брыгадзе.
Надзя нават пабойвалася яго. А сёння зусім іншы. Ён нібы ўгадаў Надзіны думкі.
— Вось і дзякую, што згадзілася пайсці з «падонкам», як некаторыя мяне называюць. А чаму? За язык. Ведаю, што не пушкінскім стылем гавару.
Надзя ўстала з лавачкі, і яны пайшлі па замеценых лістамі дарожках. Над імі кружыліся і коса падалі пад ногі пажоўклыя асінавыя лісты.
Кольку было лёгка і добра, што ён ідзе з гэтаю харошаю, светлаю дзяўчынаю. Яму хацелася, каб іх убачылі знаёмыя, каб пазайздросцілі сябры. І ён павёў Надзю да аўтобуса па самай люднай вуліцы. Яны ішлі каля магазінаў. Колька скоса пазіраў у вялікія вітрыны. У іх ён бачыў сябе і Надзю.
— Коля-я! — пачулася зусім блізка. Яны азірнуліся. Следам бегла невысокая жанчына з поўнаю сеткаю і з тортам у руках.
— Гэта мама,— паспеў сказаць Колька.
— Добра, што цябе ўбачыла, а то не данясу адна,— і яна падала сыну набітую пакупкамі доўгую сетку.
— Пазнаёмся, мама, гэта Надзя... з нашай брыгады.
Колева мама сказала, што яе завуць Кацярына Рыгораўна і што ёй вельмі прыемна. Яна радавалася, што вырас сын, што побач з ім гэтая дзяўчынка. Маці агледзела яе з ног да галавы. Надзя заўважыла гэта і пачырванела. Яна гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам».