Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
— А ўбачылі і расчараваліся? — спытаўся Красікаў.
Дзяўчына не паспела нічога сказаць. Яе перабіў начальнік аддзела кадраў:
— Адразу б так і сказала. Даўно б аформілі, і быў бы поўны парадак.
— Баялася, што пашляце ў іншую брыгаду. Вось і чакала Сымона Пятровіча.
Брыгадзір заўважыў, што як толькі гэтае дзеўчанё перастала быць яго «сваячкаю», адразу знікла ўсё далікацтва кадравіка. Ён ужо да яе звяртаўся на «ты», тон стаў службовы, нібыта аднекуль пацягнула скразняком.
— Як вас хоць завуць? Адкуль вы? А то прыбег да «сваячкі» і нічога пра яе не ведаю.
— Надзя. Прозвішча Радкевіч. Родам з Баранавіч. Скончыла адзінаццаць класаў, паступала на факультэт журналістыкі, але туды без стажу не бяруць. Кажуць, жыцця не ведаеш. Вось я і прыехала да вас вывучаць яго.
— А можа, вам толькі даведка патрэбна?— нахмурыўся Красікаў.
— Мне трэба работа... у вашай брыгадзе. Я многа ў газетах чытала пра вас, па радыё чула... вось і прыехала.
— У газетах пра нас складна пішуць. Кожнага такім анёльчыкам размалююць, што самому сорамна чытаць. Эх, і ўмеюць жа яны: «Усмешачка, здымаю! Дзякую. Наступны». Вось і выглядаем мы, як тыя Мурамцы, з-пад мантажніцкага шалома. І адзяём мы яго толькі, калі фатограф прымусіць ды на дэманстрацыю. А так нязручна ў ім. Начытаецеся і думаеце — рамантыка. А вы зірніце ў акно на гэтую рамантыку: гразь па самую рэпіцу, мокнем, як тыя вадзянікі, і «ўкалваем», бо ведаем, што за нас ніхто не зробіць. План ёсць план, а дзеці ёсць дзеці, яны есці хочуць. А вам стаж патрэбен і моднае імя «будаўнік Нафтаграда». Гучыць! Пачуе камісія і растане. А да нас праз некалькі год прыедзе яшчэ адзін карэспандэнт. З магнітафонам ці фотаапаратам?
Надзя зразумела ўсё і, хаваючы крыўду, сказала:
— Я працаваць хачу, а даведка — неабавязкова. Вазьміце мяне, Сымон Пятровіч.
— Памокнеце, памерзнеце разам з намі, пабоўтаецеся ў гразі, тады сапраўднаю журналісткаю станеце. Душу рабочую зразумееце. А яна не такая просценькая, як некаторыя думаюць.— Брыгадзір падвёў Надзю да акна. Асмаловіч нецярпліва барабаніў худымі валасатымі пальцамі па стале. Яму хацелася хутчэй аформіць і выправадзіць гэтую дзяўчыну, а Красікаў ёй чытае лекцыі:
— Зірніце, у якой багне працуем. Вунь электразваршчыцы ідуць. Бачыце? Слаўныя дзяўчаты, прыгожыя, начытаныя, сціплыя, ім бы ў туфельках на шпілечках, у капронах ды ў нейлонах там розных хадзіць, а яны ў брызентавых робах ды ў гумавых ботах гразь месяць. Для стажу, думаеце? Тут нешта вышэйшае ёсць. Папрацуеце — зразумееце...— Яны памаўчалі.— Ну, дык як, не страшна? Людзі нам патрэбны. Афармляй, Леанід Кандратавіч.
— Не тушуйцеся — навучым. Класная бетоншчыца выйдзе, а там і журналістка будзе свая.
* * *
Праз два дні Надзя выйшла на работу. На пляцоўку яе вёў брыгадзір.
Зграбная, лёгкая і чысценькая, яна пераскоквала калюжыны, каб не вельмі перавэдзгаць свае блішчастыя гумавыя боты.
Хлопцы сядзелі ў бытоўцы, курылі і пакеплівалі адзін з аднаго. Праз акно нехта ўбачыў брыгадзіра з «новым папаўненнем». Сказаў хлопцам. Колька ўсхапіўся першы:
— Нішто тавар. Цікава толькі, каму дастанецца.— Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на яго доўгім дакорлівым поглядам, а Юрка папярэдзіў:
— Ты, хлопец, свае блатныя кепікі кінь і не палохай дзяўчыну. Разумець трэба.
— Няўжо паспеў урэзацца? — зарагатаў Колька, але ўсе сурова маўчалі. Збянтэжаны рагатун «папоўз на тармазах».— Будзьце спакойны, забяспечым галантарэйнае абыходжанне,— ён зняў маленькую кепачку і нязграбна, як у дрэнным спектаклі, зрабіў рэверанс.
Дзверы адчыніліся, і Сымон Пятровіч спачатку прапусціў Надзю. Яна прывіталася і стала ў парозе.
— Знаёмцеся, хлопцы. Папаўненне нашай брыгады, Надзя Радкевіч.
— Да ручкі падыходзіць па старшынству ці па алфавіту? Хоць так і так Акінчыц першы,— не вытрымаў Колька. Хлопцы пырснулі ад смеху. Усміхнулася і разгубленая Надзя. Яна працягвала сваю маленькую чысценькую ручку і кожнаму гаварыла «Надзя». Апошні падышоў Колька. Ён цырымонна расшаркаўся перад ёю: «Мікола. Да сённяшняга дня лічыўся «новенькім», а цяпер «новенькая» ты. Дзякую. Выручыла. Адзью!» — ён тэатральна крутнуўся, дастаў з-за вуха папяроску і закурыў.
Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Усё было не так, як ёй здавалася. Яна бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей. І панарама зусім не такая. Больш прастору і ўсё сапраўднае: і дождж, і раскоўзаная гліна, і луг за рэчкаю, і Красікаў зусім не волат, а чалавек ніжэй сярэдняга росту. А хлопцы? Вось пазнаёмілася з імі, а ўсіх не запомніла. Вунь той, у акулярах, здаецца, Аляксей, гэты, з прыгожымі цыганскімі вачыма,— Юрка, а вяртлявы жартаўнік, зусім хлопчык, Коля. Іх яна запомніла. А каторы Роберт, Валодзя і другі Валодзя, Антон і Стась — не разбярэш адразу.