Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Чайкі з крыкам кружыліся над берагам, імкліва падалі на ваду, састрыгалі крыламі загусцелую плынь, узляталі ў пабляклае неба, губляючы з пер'я буйныя кроплі вады.
Вузкая паласа пляжа пераходзіла ў хвалістыя пясчаныя дзюны, зарослыя чырвоным ракітнікам, ядлоўцам і старымі счарнелымі хвоямі. Зменліва-хісткі прастор затокі зачароўваў кожнага: хацелася ісці і ісці, глядзець, як мяняецца марское бязмежжа, і дыхаць настоем жывіцы.
Насустрач мне ішоў невысокі, заўсёды маўклівы Іван Фёдаравіч. Мы з ім тройчы на дзень сустракаліся за адным сталом, жадалі адзін аднаму прыемнага апетыту, раіліся, што заказаць на заўтра, і разыходзіліся да наступнай сустрэчы ў сталовай. Пагаварыць ці бліжэй пазнаёміцца ўсё неяк не выпадала. Часцей за ўсё ў дамах адпачынку людзі разгаворацца і пасябруюць, калі пара ўжо раз'язджацца.
Было Івану Фёдаравічу гадоў сорак пяць. Густыя бровы крыламі разляталіся над круглымі антрацытавай чарнаты вачыма, а густа прыселеная сівізною галава здавалася ўціснутаю ў шырокія плечы. Землякі з Іванам Фёдаравічам віталіся з падкрэсленаю павагаю, а ён часцей трымаўся ў сціплай адзіноце.
Па беразе мы пайшлі разам. Гаварылі пра надвор'е, любаваліся зменлівымі фарбамі затокі, сачылі за лётам чаек. Я прызнаўся, што ніколі не даводзілася бываць у вугальных шахтах і не ўяўляю сабе працу сучасных шахцёраў.
— Усё механізавана з верху да нізу. Я і працую якраз галоўным механікам шахты,— коратка адказаў ён і змоўк.
Хацелася разгаварыцца, пачуць нешта цікавае, невядомае мне.
— Скажыце, а цяпер часам здараюцца аварыі ці выбухі ў шахтах?
— Бываюць... хоць не часта.
Памаўчаўшы, Іван Фёдаравіч паглядзеў на мяне і загадкава ўсміхнуўся:
— Мне, напрыклад, ужо была заказана труна, пірамідка з імем і прозвішчам і дзве даты праз рысачку. Вянкі з чорнымі стужкамі стаялі ў шахткоме. Адным словам, нарабіў я клопатаў прафсаюзу: доўга не маглі спісаць сродкі, адпушчаныя на маё пахаванне.
Я зірнуў на Івана Фёдаравіча як на жартаўніка ці чалавека з таго свету. Мне ўпершыню давялося гаварыць з тым, хто бачыў сваю дамавіну. А ён не спяшаўся расказваць — заінтрыгаваў і маўчыць сабе. Прыспешваць пытаннямі не выпадала, хоць ведаў, што не адступлюся, пакуль усё не распытаю.
Моўчкі прайшлі па вільготным пругкім пяску, і Іван Фёдаравіч загаварыў:
— Выклікалі мяне неяк да сапсаванага камбайна. Палазіў, пакорпаўся. Бачу, аднаму не даць рады. Загадаў хлопцам разбіраць транспарцёр, а сам пайшоў да тэлефона выклікаць слесара. Толькі ўзяўся за трубку, чую — стойкі трашчаць і накочваецца глухі гул. Не паспеў азірнуцца, а яно як вухне, як загрукоча, і — і паляцеў я адразу ў самае пекла. Хацеў крыкнуць хлопцам,— язык адняло, ні рук, ні ног не чую, толькі ўсярэдзіне агнём смаліць. Сам не ведаю, жывы ці мёртвы. Але калі смаліць, значыць, жывы. А хлопцы? Што з імі? Думаю, а крыкнуць не магу.
Потым ужо даведаўся, што іх дасталі ў той жа дзень. Ні сіняка, ні драпіны не было ні на адным: парода асунулася на камбайн, а яны як ляжалі каля транспарцёра, так і засталіся ў закутку. Да мяне ж дабіраліся аж трое сутак. Ніхто і не спадзяваўся, што жывы механік. Нават дамавіну да клеці падвезлі. Тады і ўбачыў яе.
— Уяўляю, колькі за гэтыя дні перажыла ваша жонка,— не ўтрымаўся я. Іван Фёдаравіч нібы не пачуў мяне.
— А замест могілак прыйшлося везці ў бальніцу: разрыў страўніка, пералом чатырох рэбраў... Што хаджу з вамі і любуюся гэтаю прыгажосцю, абавязаны нашаму хірургу Алегу Карпавічу. Тры аперацыі мы вытрымалі з ім: я пад наркозам нічога не чуў, а ён, казалі, з ног валіўся. Дзесяць дзён нават кроплі вады не давалі. Вось гэта была разгрузачка. Язык зашэрх, як суконка, смага агнём паліла, але трываў. Доктар папярэдзіў: «Глыток вады — смерць». Калі з пекла вылез, другі раз паміраць неахвота. А трохі ачуняў, першымі прыйшлі хлопцы, з якімі разам заваліла. З парткома, з прафсаюза наведвалі. Не прыходзіла толькі жонка. Пачаў дапытвацца, што з ёю. Кажуць, з перапалоху занядужала. Гавораць, а самі адварочваюцца.
Аднойчы зайшла ў палату мая былая практыкантка, выпускніца горнага інстытута. Тоненькая — двума пальцамі перашчыкнеш. Сядзе на табурэцік, расказвае пра шахту, бядуе, што мой намеснік закруціўся зусім, што ўсе чакаюць мяне. Зачасціла, ледзь не кожны дзень: булёны і кампоты прыносіць, кветкі на тумбачку ставіць. Прычэша, часам так пяшчотна правядзе далонькай па маёй асцюкаватай шчацэ, што аж дрыжыкі проймуць. Але, бачу, і яна нечага тоіцца.
Калі трохі акрыяў і пачаў садзіцца, Алег Карпавіч паляпаў па плячы і кажа: «Вы, відаць, у кальчузе радзіліся. Дзякую, што добра нам памагалі выцягваць вас з таго свету. Каб не ваша вытрымка, наўрад бы справілася медыцына. Цяпер вам жыць і жыць. Лічыце, другі раз нарадзіліся... Спадзяюся, хопіць у вас вытрымкі яшчэ на адзін удар. Не хвалюйцеся, не такі і страшны, як першы... Бачыце, сябры вашы не адважваюцца сказаць, таму даручылі мне гэтую непрыемную місію. Адным словам, жонка вашая не вартая турбот і хваляванняў. Як толькі здарылася гэтае няшчасце, яна забрала дачку і рэчы, замкнула кватэру і некуды з'ехала з нейкім чалавекам. Так што трымайцеся, Іван Фёдаравіч...»