Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Ужо тарахцелі па шчэбню шуфлі, угіналіся трапы, калі хлопцы праходзілі па іх з цяжкімі насілкамі. Толькі Надзі не было пары. Яна ўзяла вялікую саўковую лапату і спрабавала ёю дакінуць шчэбень да вялікай кучы. Калі вярталіся хлопцы паражняком, яна хуценька загружала іхнія насілкі. Страшэнна ныла спіна, на далонях ускочылі і палопаліся вадзяныя пухіры. Яны прыліпалі да цубкіх брызентавых рукавіц, а калі аддзіраліся ад іх, здавалася, з рук злазіць скура.
Вечарэла. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска, потым выкацілася вялікае барвовае сонца і павісла над далёкім задзвінскім борам. Ад вагонаў, ад слупоў электралініі, ад штабеляў дошак пацягнуліся доўгія цені. Праз шчыліны ў вагон прабівалася чырвонае святло, і твары хлопцаў заружавелі, нібы ад полымя кавальскага горна. За стосам мяхоў з цэментам мільгануў нечы цень. Гэта Колька. Яго кепачка. Значыць, ён бачыць, што Надзя засталася без напарніка, што пустуе яго месца. Не разгружае і не едзе дахаты.
Потым Колька павольна ўвайшоў у вагон. Відаць, яму было няёмка туляцца за мяхамі і сорамна адступаць. Але ён здаўся. Павольна ўвайшоў у вагон, узяў насілкі і пачаў у іх насыпаць шчэбень.
— Панеслі,— сказаў ён Надзі такім тонам, нібы яны ўжо аднеслі не адну сотню насілак. Яна ўзялася за доўгія ручкі і пайшла ўслед за Колькам.
— Прыдумалі машыны, што кніжкі перакладаюць, у космас лётаем, аўтаматыка і кібернетыка кругом, а шчэбень насілкамі цягаем. Гэта яшчэ маліна. А цэмент, вось гэта разгрузачка. Родная мама не пазнае. Лёгкія бетоннымі плітамі робяцца. Дзве гадзіны разгружаеш, а месяц растворам плюешся. Любата! А што б падвесці шланг — і пампуй з вагона ў бункер.
Цэмент жа, як вада. Зручна, выгадна і надзейна, як у ашчадкасе.
— Ты б падаў рацыяналізатарскую прапанову. Гэта ж сапраўды здорава,— ажывілася Надзя.
— Ха-ха-ха! Колька Маневіч рацыяналізатар, першая прэмія, партрэт у газетцы: «Раўняйцеся на перадавіка вытворчасці!» Цырк, дый толькі.
— Што ж тут смешнага?
— Давай пайшлі. Пасля разбяромся.
Неяк адразу насунулася асенняя ноч. У вагонах запалілі ліхтары. Ад іх на сцены і на столь падалі вялізныя зламаныя цені. Мітуслівымі агеньчыкамі паблісквалі Алёшкавы акуляры, ды было чуваць, як грукаюць у апусцелых вагонах насілкі. Постаці знікалі ў чорнай прорве ночы. Высока ў небе дрыжалі блакітныя зоры, але ад іх не станавілася ні святлей, ні цяплей.
Гразь пад нагамі падшэрхла і пацвярдзела. Лягчэй дыхалася і хадзілася. Па дарозе перад грузавікамі паўзлі доўгія снапы святла, а за імі, нібы даганяючы, беглі чырвоныя агеньчыкі. З цемрадзі выпаўзаў вялікі светлы аўтобус. Ён здаваўся ўтульным і цёплым.
— Ну, як у вас? — зазірнуў у вагон змакрэлы брыгадзір. Валасы выбіліся з-пад кепкі і прыліплі да светлай палоскі лба.— Можа, памагнуць?
— Спасібачкі, заканчваем. Па руб восемдзесят адхапілі, і вашых нет.
— Твая работа і тры капейкі не варта. «Прафілоніў» за штабелем, ды яшчэ руб восемдзесят.
— А ўнутраная барацьба, брыгадзір? Пакуль вырашыў «быць або не быць», Надзя ўкалвала за мяне. Ёй і пішы дзве нормы. З першага дня — ударніца.
Сымон Пятровіч памахаў высока паднятым ліхтаром. Брыгада сабралася каля апошняга вагона. Хлопцы закурылі і, пабліскваючы ў змроку цыгаркамі, пайшлі па шпалах на дарогу. Праз кюветы, па калюжынах, праз бетонныя бэлькі, раскіданыя тут і там, брыгада прыйшла на аўтобусны прыпынак. Яго пазналі толькі па чорным сілуэце слупа. Хлопцы засланілі Надзю ад ветру. Яны моўчкі курылі. Маўчаў і Колька.
У аўтобусе Надзя ледзь не задрамала. Здалося, што яна ляціць у нейкую зорную бездань: чырвоныя, сінія, жоўтыя агеньчыкі мільгалі паміж соснамі і ляцелі ёй насустрач. Толькі за павароткаю здагадалася, што гэта агні гарадка. Нават не верылася, што яна тут жыве, што ў інтэрнацкім пакоі яе чакае чысценькі ложак, цікаюць ходзікі, што там светла і цёпла.
Агні набліжаліся. Яны станавіліся вялікімі вокнамі з фіранкамі і фікусамі, з незнаёмымі сілуэтамі на шыбах, з адкрытымі форткамі, з абрыўкамі музыкі, што вырывалася ў асеннюю ноч. Надзя пазайздросціла людзям, што жывуць у гэтых дамах: у іх ёсць семі, блізкія, а яе ніхто не чакае, ніхто не ведае, ніхто не спытае, як прайшоў яе першы працоўны дзень.
Аўтобус спыніўся супроць універмага. Вітрыны здаваліся вялізнымі акварыумамі, у якіх плаваюць капелюшы і чаравікі, веласіпеды і стракатыя сукенкі. Тут з аўтобуса высыпалася ўся брыгада Красікава. Хлопцы паспешна развітваліся і разбягаліся ў розныя бакі пасёлка: кожнаму хацелася хутчэй скінуць мокрую спяцоўку і пасядзець у сухім цяпле.