Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Красікаў адвярнуўся, нібы гэта тычыцца не яго. Ён запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня, а думка: «Хто б гэта мог мяне чакаць, ды яшчэ па асабістай справе?» не выходзіла з галавы.
Прыезджая сядзіць з раніцы? Ён перабіраў у памяці ўсіх сваіх знаёмых. Кажа, сваячка, але сваякі выключаліся — іх проста не было ў Сымона Пятровіча. Успомнілася дзетдомаўскае дзяцінства, рамеснае вучылішча, армія. Можа, якая дзетдомаўская «сястрычка» даведалася і прыкаціла, от было б здорава!
Брыгадзір стараўся не думаць, але пытанне «хто?» не давала яму спакою аж да самага канца работы. Ён хацеў уявіць сабе тую, што чакае яго. Яна здавалася то высокаю і статнаю, то маленькаю і кірпатаю, то бяляваю, то чарнавокаю. Што б ні рабіў, што б ні гаварыў Сымон Пятровіч, але кожны раз лавіў сябе на тым, што думае пра яе. «Цьфу ты, прычапілася! Муляе, як цвік у чаравіку»,— хацеў ён адбіцца ад надакучлівай думкі, але так і не змог.
Дзень канчаўся, а з ім кончыўся і дождж. З-за хмары, што спаўзла за небасхіл, выбліснула сонца. Ад святла адразу ажыло ўсё наваколле: да аскоміны зялёным здаваўся надрэчны луг, ажыў і заіскрыўся недалёкі лес, як лакіраваныя, заблішчалі стрэхі бытовак, складаў, прарабскіх вагончыкаў, а шыбіны наліліся зіхатлівым барвовым бляскам.
«Калі не трэба, і сонца свеціць, і дождж перастаў,— думаў брыгадзір, выходзячы са сваімі хлопцамі на дарогу.— Ну што пісаць у нарадзе? Алёшка з гэтым «выхаванцам» яшчэ нешта зрабілі, а астатнія перацягалі цэлае мора вады з катлавана: помпа загразла зранку, пакруціліся, пакруціліся, узялі вёдры і «запусцілі канвеер». А дзе ты яе адкачаеш, калі зверху лье, гліна набракла — наступіш, аж з-пад абцаса свішча.
Кожны натупаўся за дзень, як конь у малатарні, а што зарабілі? Нуль цэлых і два нулі дзесятых? Вось і пішы ў нарадзе: «Пераліванне з пустога ў парожняе, разгонка дыму і затрымка сонца». А ўсё «аб'ектыўныя прычыны», усё дождж, каб ён спрах».
Ідзе па лужах і думае Сымон Пятровіч. Гэта яго так для сальнасці завуць, нават крышку з гумарком. Ну які ён там Пятровіч? Дваццаць шосты год, ростам, як кажуць, аршын з шапкаю, адукацыя — восем класаў. Газеты, праўда, не скупіліся на пахвалу — і заметкі, і партрэты друкавалі, і нарысы пісалі. А што ён зрабіў? Нічога асаблівага: працаваў бетоншчыкам, а далі брыгаду — хлопцы падабраліся адзін у адзін, па паўтары нормы давалі. Толькі гэтыя дні дажджы пасадзілі. І Кольку трэба рашпілем шабрыць і наждаком зачышчаць. Але абатрэцца, паразумнее і яшчэ якім чалавекам будзе! Гэтыя блатнаватыя вельмі ж башкавітыя і спрытныя бываюць.
Брыгада Красікава спынілася каля дарогі, каб дачакацца якога-небудзь самазвала і даехаць на ім да шашы. Не мясіць жа гразь яшчэ тры кіламетры, намясіліся! Хлопцы перакульваліся праз жалезныя барты самазвалаў у гулкія кузавы, перамазаныя бетонам або цагляным пылам, і выязджалі на магістраль. З машыны добра відаць уся будоўля. І сёння за гэты кароткі дажджлівы дзень тут нешта прыбавілася, нешта змянілася. Што — адразу не ўбачыш, а пройдзе тыдзень, і ўжо многага не пазнаеш.
Сымон Пятровіч пастукаў па кабіне і, як толькі самазвал прытармазіў, саскочыў і падаўся ў трэст. Ён узбег на трэці паверх і пайшоў па доўгім гулкім калідоры.
На ўслончыку каля аддзела кадраў сядзела дзяўчына ў цёмна-чырвоным паліто, у новенькіх сацінавых шараварах і ў туфельках на высокіх абцасіках. Убачыўшы Сымона Пятровіча, яна паднялася і пайшла насустрач.
— Прабачце, ці не вы таварыш Красікаў?
— Я.
— Сымон Пятровіч?
— І гэта праўда. Адкуль вы мяне ведаеце?..
Кадравік за дзвярыма пачуў голас брыгадзіра і крыкнуў яму:
— Колькі ж можна чакаць? Заходзь, Пятровіч!
Дзяўчына памкнулася затрымаць брыгадзіра, хацела яму нешта сказаць, але дзверы адчыніліся, і на парозе з'явіўся Асмаловіч.
— Ну вось і дачакалася сваяка. Заходзьце, калі ласка,— ён паціснуў руку Сымону Пятровічу, прапусціў дзяўчыну ў кабінет, ухапіў яе цяжкі фанерны чамадан і ўнёс следам за ёю.
Красікаў нічога не разумеў: чаму «сваячка»? Чаму перад ёю так увіхаецца Асмаловіч? Наогул, што ўсё гэта значыць?
Дзяўчына першая ўвайшла ў кабінет, пачырванела і разгубілася. Моўчкі паглядаў на яе і Сымон Пятровіч. Не, ён яе бачыў упершыню!
— Вы, калі ласка, прабачце,— загаварыла яна.— Я сказала няпраўду, што ваша сваячка. Ведаю вас толькі па газетах. Таму і прыехала ў вашу брыгаду.— Яна вінавата ўсміхнулася, збянтэжылася і па-дзіцячаму наіўна дадала: — А вы мне здаваліся высокім, дужым і чамусьці чарнявым.