Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 140
Перейти на страницу:

— Хто тут жрыца Жывена? — запыталася яна, абводзячы ўсіх позіркам, і спынілася каля дзяўчыны. — Гэта табе перадалі.

Але Жывена пахітала галавой, убачыўшы галодныя позіркі вакол.

— Я не буду есці адна, — сказала яна. — Прынясі ўсім.

— Усім! — засмяялася жанчына. — Да іх чарга дойдзе. Можа, вечарам, а можа, і заўтра. Бяры!

Ціхі стогн раздаўся ля ног жрыцы. Трынаццацігадовая дзяўчынка глядзела на хлеб, рукі яе дробна трэсліся. Тады Жывена ўзяла хлеб і сыр. Жанчына задаволена засмяялася, пайшла прэч, паўз воіна, які старанна зашчапіў за ёю дзверы.

— Аддамо хлеб самым слабым, — сказала Жывена, а юнак, які стаяў побач, паўтарыў яе словы. Тады светлавалосая кабета папаўзла да яе, абняла за ногі.

— Даруй мне, жрыца, — заплакала яна. — Я веру, што твае багі пакараюць іх. Мабыць, яны самі баяцца цябе. Але пакуль… Дай мне кавалачак…

- І мне! І мне! — пачуліся галасы. Людзі паўзлі да яе, да хлеба, які яна трымала ў руках. Тады яна здалася: раздзяліла ўсё прынесенае на роўныя, у пазногаць, кавалачкі, і толькі тады супакоіліся і зноў памірыліся паміж сабою людзі… Не ўзялі хлеба толькі юнак і тры ягоныя сябры, аддаўшы свае долі дзяўчатам. Затое Жывена, як магла, дапамагала параненым — яна загаварыла кроў у Берасця дый супакоіла страшэнны боль у пераламанай ключыцы ў каваля Пуцілы.

А тым часам набліжаўся вечар, і нешта ныла-торгалася ў яе ўсярэдзіне, пад сэрцам. Недарэмна: пакуль, працягнуўшы руку, шаптала яна замовы над маладзіцай, што выгіналася на падлозе ў крыках і калатні, дзверы ізноў расчыніліся, і знаёмы голас працяжна сказаў:

— Табе пра сябе думаць трэба. Пра сябе, чуеш?

Яна рыхтавалася да гэтай размовы, збірала ў адно свой дух, але крыжак усё ж захапіў яе знянацку. Таму зневажальны тон Райнера, яго несхаваная варожасць і адначасна радасць, што так і праменілася з твару, як ніколі ажыўленага і нават паружавелага, хаця жаўтлявы лоб рэзка кантраставаў з румянкам, — усё гэта як садрала з яе ахоўную абалонку, і яна адказала дзёрзка:

- І табе, рыцар, трэба думаць пра гнеў багоў. Хаця… што я кажу: «рыцар». Вы, я бачу, звычайныя рабаўнікі.

— Не, мы звычайныя воіны, якія бяруць здабычу там, дзе яна дрэнна ляжыць.

— Не баішся Новагародка? Ці Данілы Галіцкага, чыю зямлю ты папаліў? Сваіх жа саюзнікаў?

— Не баюся. Мы едзем у Сіцылію, у войска Хрыстова. А вашы князі — здраднікі і вераадступнікі. Таму што саюз не мы — яны разарвалі. Але мы ўтаймуем іх. Як я ўтаймую цябе.

Яна апамяталася. Некалі ён пацягнуўся да яе, а яна… гэта яна зрабіла з маладога крыжака свайго асабістага ворага. Аднак жа ўспомніліся ёй словы дзядзькі Райнера: «Ён кахае цябе». Наструненая і ваяўнічая імгненне назад, яна раптоўна як апала. Немец задаволена ўсміхнуўся, паклікаў:

— Казінта, забяры яе ў мой пакой!

Маладая жанчына ў чэпчыку паслужліва пасунулася да Жывены, пацягнула яе за сабой, па слізкай лесвіцы, наверх, дзе прыступкі былі меней сцёртыя. Казінта штурхнула дзверы аднаго з пакояў, увяла туды дзяўчыну, павярнулася, каб ісці.

— Чакай, — ласкава дакранулася да яе Жывена. — Ці не магла б ты даць мне вады? Простай вады.

Казінта глядзела на яе моўчкі, вочы нядобра блішчэлі; зялёны шоўк гарсажу, шэрая спадніца рабілі яе падобнай да пліскі, якая шашэрыць пер'е, каб здавацца большай і важнай. Зноў ні слова не прамовіўшы, яна пайшла з пакоя, зачыніўшы яго звонку на ключ. Жывена агледзелася.

Закратаванае вузкае акно выключала ўсялякую магчымасць выбрацца адсюль праз яго. На пабеленай сцяне вісеў крыж, пад ім стаяў прыземісты стол з белым абрусам. У куце месціўся ложак, чорны зашмальцаваны полаг ахінаў яго, хаваючы ўзгалоўе. Дзяўчына здрыганулася, ізноў, як зачараваная, падскочыла да акна — там была воля, дарога, якая магла б вывесці яе адсюль! Задрыжалі рукі, закалацілася сэрца. На імгненне захацелася з усяе сілы ўдарыцца ў дзверы, каб навекі ўпасці ля іх непрытомнай… Але тут загучалі ў ёй словы Святазара: «Чалавек ведаў не можа не быць цвёрдым і рашучым, бо ноша ягоная цяжкая, а шлях далёкі». Яна паўтарала і паўтарала іх, а вочы няўважна глядзелі на тое, як крыжакі ў двары гучна выкрыквалі нешта Казінце, як адзін з іх, узяўшы гляк, у які яна набірала ваду, другой рукой пацягнуўся да яе падбародка, а яна, адкінуўшы назад галаву, выставіўшы грудзі, нешта млява гаварыла, пажадлівасці навакольных не толькі не жахаючыся, а наадварот, як бы ўзбуджаючы іх. Тады нейкая думка, далёкая, як кропля вады, што страсае на другім беразе з крыла качка, таўканулася ў ёй. Жывена ўгледзелася ў Казінту — попельныя кудзеркі ў той былі амаль той жа даўжыні, што і пасмы на плячах Жывены. Амаль аднолькавы рост, нейкае падабенства ў тварах — па-славянску круглых, з крыху ўздзёртым носам. Вось толькі чэшка больш мажная, пругкая, як калядная булка. Напасці на яе ззаду, звязаць і, апрануўшы ейны ўбор, выслізнуць пад вечар з карчмы ці што там гэта ў іх — патаемнае сховішча рабоў і здабычы?

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)