Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Жах!.. — прастагнаў Чухноўскі.
Аліцыя сціснула пальцы:
— І бачыш, Павел, нягледзячы на гэта, не мог мне прабачыць!..
— Але ж, Божа мілы! Нікога не было паблізу? Ці ты не магла крычаць?!.
— Так, — паціснула яна плячыма, — я абаранялася, крычала, урэшце хтосьці пачаў стукаць у дзверы. Тады ён выскачыў праз акно на першым паверсе… Ён быў вельмі моцны і спрытны…
— Ну і што, Павел табе не паверыў?
— Паверыў. Павінен быў паверыць. Бо тады атрымалася вялікая авантура, з паліцыяй, з медыцынскімі даследаваннямі, з кампраметацыяй усёй маёй сям’і. Павел нават мог знайсці інфармацыю ў газетах.
— Страшна! А гэты нягоднік? Яго затрымалі?
— Не. Зрэшты, чым бы мне гэта дапамагло? Павел і так не вярнуўся б да мяне.
— Навошта ты мне гэта расказала? — закрычаў раптам доктар з дакорам.
Аліцыя паклала нагу на нагу і пахітала галавой.
— Расказала я гэта для таго, каб ты ведаў, з-за якіх вар’яцкіх, наколькі злачынна безразважных прэтэнзій Павел зламаў жыццё і мне, і сабе. Недарэчная, пачварная рэўнасць да майго мінулага, у якім я не была вінаватая, рэўнасць да маёй крыўды… О не, мой дарагі!.. Я таму расказала табе ўсё гэта, каб ты зразумеў, што ні за якія скарбы свету я не буду жонкай чалавека, які шалее ад рэўнасці, перастае валодаць сабой і можа ўчыняць сцэны. Я хачу быць незалежнай у сваіх пачуццях, намерах і капрызах. Сёння я дастаткова пра цябе даведалася. І ты слушна прамовіў слова «досыць».
— Аля!..
— Прашу, не перарывай. І яшчэ адно: будзь ласкавы, не рабі з гэтага трагедыі. Я вырашыла скасаваць заручыны. Яны з самага пачатку былі ўмоўныя і з самага пачатку не мелі сэнсу. Ты ведаў, што я цябе не кахаю, што для мацярынскіх пачуццяў ты надта стары, а для пачуцця жанчыны — надта слабы. Досыць гэтага. Ты прыдумаў, што маеш нейкія правы на мяне.
— Аднак, я лічу, што як жаніх я маю права…
— Ты наіўны. Калі мужчына спасылаецца на свае правы ў адносінах да жанчыны, гэта сведчыць пра тое, што ў яго няма ніякіх. Права для жанчыны — гэта бяспраўе, навязаная воля, маральнае насілле. Такое права жанчына шануе і сама ў сабе носіць яго санкцыі.
Аліцыя ўстала і разгарнула кветкі. Пакой напоўніўся водарам руж.
— Я рада, што ты мяне зразумеў, — працягвала яна, ставячы букет у вазу. — Наш шлюб быў бы недарэчнасцю. Ты, відаць, прызнаеш, што ніколі б не здолеў навязаць мне сваю волю, а я не адчуваю радасці ад капання ў тысячах дробязей і лёгкіх перамог.
— Аля, — шапнуў, не гледзячы на яе Чухноўскі. — Малю цябе, каб ты памяняла сваё рашэнне, і даю табе слова, што больш ніколі не ствару нагод для незадаволенасці.
— Ты цудоўны, — засмяялася яна, — і не разумееш, што гэтым самым ты даеш мне нагоду для больш чым незадаволенасці, пагаджаючыся на ролю сабачкі на павадку.
— Аля!..
— Не крыўдуй. Так, Уладэк, я даўно пазбавілася ўжо надзеі, што мы маглі б быць парай роўных і ў той жа час аднолькава залежных адно ад аднаго людзей. Гэта была ўтопія.
Чухноўскі пачаў гаварыць, прасіць, кленчыць хаця б аб прадаўжэнні зносін, ён расплакаўся, малюючы безнадзейнасць сваёй адзіноты, дрыжаў усім целам, стараючыся растлумачыць, наколькі моцна ён яе кахае — дарэмна. Аліцыя не мела звычкі мяняць свае рашэнні, і ён пра гэта ведаў.
— Цяжка, — сказаў ён панура, — ты мяне кідаеш. Кідаеш дзеля яго, дзеля гэтага… Вінклера.
— Ты памыляешся. Звычайна і сапраўды жанчыны кідаюць мужчын дзеля іншага, але я не з такіх. Бывай здаровы!
Аліцыя начапіла ланцуг, патушыла святло ў вітальні і прайшла ў ванную.
Ванна была гатовая. Аліцыя распранулася і стала перад люстэркам.
— Я прыгожая, — падумала яна. — Варта быць прыгожай.
Яна выпрастала рукі. Болю не адчувала. Пра скалечаную далонь яна ўспомніла толькі тады, калі ўбачыла ў люстэрку, як па яе паднятай руцэ сплываюць кроплі крыві, затрымліваюцца крыху над пукатасцю грудзей і, буйныя, пругкія, круглыя, коцяцца ўніз па крутой лініі бядра, робячы звілістую рубінавую сцежку на залацістай скуры.
Раздзел 8
— Я вазьму гэта, — сказаў Друцкі, паказваючы ювеліру на дыядэму з пяці цудоўных архідэй.
Уладальнік крамы паглядзеў на яго недаверліва:
— Гэта вельмі дарагое ўпрыгожанне, — перасцярог ён.
— Дарагое? Ну зразумела, па ім нават бачна. Што ж рабіць, калі ў вас нічога цікавага, акрамя гэтага, няма. Колькі?
— Чатыры тысячы, — абыякава прамовіў прадавец.
— Чатыры? Хм… Гэта шмат.
— Шмат. Але яно таго каштуе. Сто дваццаць чатыры сапфіры, сорак дзве жамчужыны… а аправа — гэта апагей.
— Я дам тры пяцьсот, — перарваў Друцкі.