Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 179
Перейти на страницу:

— Наяўнымі? — здзівіўся ювелір.

— Калі ласка.

Друцкі дастаў пачак банкнот і адлічыў.

— Шаноўны пан загадае спецыяльна зрабіць дэкаратыўную шкатулку?

— Не. Звычайную паперку альбо скрыначку без лагатыпа.

— Шаноўны пан саромеецца нашай фірмы? — усміхнуўся ювелір. — Мы найстарэйшая і найвялікшая ювелірная фірма ў Польшчы.

— Я рады і жадаю, каб вы сталі яшчэ старэйшай фірмай, але я хачу звычайную скрыначку.

— Як скажаце.

Кватэра Залкінда зноў патанала ў кветках. Люба скончыла прыбірацца. У зале быў толькі Залкінд і яго сваячка, стрыечная сястра Тоня, студэнтка-медык, прыгожая, худзенькая дзяўчына.

Друцкі адразу заўважыў, што яго ўваход перарваў нейкую эмацыянальную размову, бо Тоня была чырвоная і відавочна ўсхваляваная, а ў Залкінда — з’едлівая міна.

— Уявіце сабе, капітане, мая кузіна агітуе мяне стаць бальшавіком.

— Супакойся, перабіла Тоня, — гэта пана не цікавіць.

Друцкі запярэчыў і з жартаўлівай павагай запэўніў яе, што яго вельмі займае гэтае пытанне і што ён сам ужо не раз думаў пра ўступленне ў камуністычную партыю.

З’явілася Люба. У белай атласнай сукенцы яна выглядала ашаламляльна.

— Любімы капітане! — закрычала яна, убачыўшы яго. — Вы памяталі!

— Як я мог забыць! — абурыўся Друцкі.

— Дарагі! Любімы! Я павінна вас за гэта пацалаваць! Барыс! Адвярніся, бо я хачу табе здрадзіць.

Без сарамлівасці яна закінула рукі Друцкаму на шыю і моцна пацалавала ў самыя вусны.

— Ах, Тоня! — уздыхнула яна. — Каб ты ведала, як ён цалуе!

Залкінд таксама смяяўся, але не зусім шчыра, і Друцкі падміргнуў яму, нібыта кажучы: «Ну і варта было мяне запрашаць?»

— Ой! — пляснуў ён сябе па лбе. — Ледзь не забыўся! У мяне ёсць нешта для пані Любы.

Друцкі дастаў скрыначку і падаў ёй.

— Божа, які цуд! — усклікнула яна. — Глядзі, Тоня! Архідэі! Цудоўныя! Якія прыгожыя цяпер умеюць рабіць імітацыі! Вы, відаць, з-за мяжы гэта прывезлі, бо тут я ў ніводнай краме такога не бачыла. Неверагодна!

Дыядэма трапіла, у сваю чаргу, у рукі Залкінда.

— Ой! Люба!..

— Што?

— Пачакай! — ён падышоў да лямпы і крыкнуў: — Люба! Што за глупства ты нясеш?

— Якое глупства?

Залкінд паклаў дыядэму на стол і з грозным выразам твару звярнуўся да Друцкага:

— Што ж вы робіце, капітане! Як так можна? Гэта ж каштуе шалёных грошай! Люба! Ой, ты дурніца, дурніца! Гэта сапраўдныя камяні!

Люба схапіла ўпрыгожванне і ўтароплена разглядала яго з усіх бакоў.

— Такая раскоша! — прашаптала яна ў захапленні. — Такая раскоша! Божа мой! Гэта як мінімум дзве тысячы каштуе.

— Дзве, — перадражніў яе муж, — ausgerechnet[17] дзве? Ну гэта ўжо я дам тры і яшчэ зараблю на гэтым.

— Што ты кажаш! О, Божа!.. капітане! Як я вас люблю!

Друцкі смяяўся.

— Калі б я ведаў, што атрымаю толькі адзін пацалунак, то, можа, не стараўся б адшукаць…

Ён не скончыў.

Люба схапіла яго за шыю і пачала цалаваць яшчэ і яшчэ.

У Друцкага сціснуліся сківіцы, ён крыху пабляднеў і адсунуў яе ад сябе.

— Эй, Джэк! — сказаў ён ціха. — Каб цябе ўзяло ды не адпусціла!

Залкінд засмяяўся:

— Што-о-о-о!..

У яго голасе загучала гордасць, што ў яго такая жанчына, другой такой на свеце не знойдзеш.

У Любы быў казачны настрой. Прысутнасць гэтых двух мужчын, і такіх мужчын, якія абодва яе жадалі і якіх абодвух жадала яна, напаўняла яе сэрца такім дзіўным і такім моцным пачуццём. Яна адчувала сваю жаноцкасць кожным нервам, выпраменьвала яе і ведала, што яна прыгожая як ніколі.

Падчас абеду ўсе пілі шмат віна. Цудоўна адпачывалі. Толькі Тоня сядзела ціхая і паніклая.

Яе прыгнятала хараство Любы, якую яна зараз ненавідзела.

Пасля абеду Залкінд уключыў грамафон.

— Сёння вечарам, — сказаў ён, — будзе аркестр.

— Нам хопіць грамафона, — закрычала Люба і пацягнула Друцкага ў цэнтр пакоя.

Ён танцаваў з ёй, потым з Тоняй і зноў з Любай.

— Капітане, — шаптала яму Люба на вуха, — можа, гэта прагучыць вельмі бессаромна, але я павінна сказаць. Ведаеце, калі б я адчувала сябе абсалютна шчаслівай?

— Ну?

— Калі б магла мець вас абодвух. Барыса і вас. Абодвух.

Яна церлася аб яго ўсім целам, і ў Друцкага круцілася галава.

— Люба, хопіць… Гэта ўжо вышэй за мае сілы…

Тоня выйшла разам з Друцкім.

— Вы можаце адвезці мяне дадому? — спыталася яна.

— З задавальненнем!

Калі яны селі ў таксі, Тоня забілася ў кут і маўчала.

— Што з вамі? — спытаўся Друцкі.

Яна не адказвала.

Ён узяў яе за руку, ссунуў пальчатку і пагладзіў.

вернуться

17

Ausgerechnet (ням.) — проста.

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)