Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Гэта як? — не зразумела я.
— Свечкі з нанесенымі на іх дзяленнямі,— патлумачыў Юрась.— Нават у князя Вітаўта ў пакоях гарэла такая свечка — велізарная, на цэлыя суткі... І калі згарала адно дзяленне — гэта значыць, прайшла гадзіна — слуга абвяшчаў пра гэта на ўвесь палац...
Я падышла да гадзінніка, падобнага да маленькага гатычнага храма. На цыферблаце з жоўтага металу — дваццаць чатыры дзяленні, гатычныя літары замест лічбаў...
— Ой, усяго адна стрэлка засталася...— пашкадавала я.
Мой былы муж усміхнуўся.
— Хіба не заўважыла — у іх усіх адна стрэлка. Гадзіннікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў — навошта? Ну а простым месцічам ці сялянам — якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень... Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі з’яўляцца вежавыя гадзіннікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя — гэта была падзея.... А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.
— А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?
Юрась схіліўся ля бакавой сценкі аднаго з гадзіннікаў, на якім смешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постаццю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх шнарах, пры першым поглядзе амаль не заўважных.
— Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіннік. Я яго рэстаўраваў. Зірні...
На чорным дрэве — выпалены надпіс: BERNACCONІ.
— На астатніх гадзінніках — тое самае,— патлумачыў Юрась.— Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіннікі з вежы.
— Кляйно майстра? — Я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і не мог узняць свой малаток...
— Хутчэй, прозвішча ўладальніка,— азваўся Юрась.— Гадзіннікі — розных майстроў. Гэты, са смерцю і каралём — з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са Святым Сямействам, другі з грыфонам — з Нюрнберга. Хто такі Бернацоні — я не ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіннікі, а вывезці не змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.
Я асцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіннікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі — нібыта перахварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчаслівы быў той час?
— Вось тут звесткі пра кожны экспанат,— акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.
«Чорны Ганс»... Гадзіннік са шпіндзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм — скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры свінцовыя на вяроўцы з авечых кішак...»
— Што?.. — адарвалася я ад папераў.— Чаму з авечых кішак?
— Таму што звычайныя вяроўкі расцягваліся. А гэтыя — сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука — таксама трывалая, найчасцей яе майстры ўжывалі.
«Святое Сямейства... Гадзіннік механічны... Невядомы майстра, Нюрнберг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота...»
Раптам за дзвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усмешлівым самавітым панам у элегантным касцюме. Усмешка пана была вытрымана-спачувальная... Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна — чарнявы, каржакаваты, як старасвецкая шафа з пукатымі дзверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытанні... І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіннікаў. Але было позна.
— Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!
— У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандавіч,— нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»...
— А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцця...— расчаравана працягнуў госць, нібыта збіраўся быць нашым сватам.— Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.
Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку... Віталь Янчын ніколі не адрозніваўся далікатнасцю. Затое ніхто і не думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Ён усіх — на «ты», і да яго — «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты, і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасля надрукавання гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза... Яго фірма закупіла для музея калекцыю карцінаў. Я падчас уручэння моўчкі абуралася — набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў з’явілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі... Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.