На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Некаторыя асацыяцыі, вобразнасць якіх заўсёды і рэчавая, выкліканы непрыкметнымі рухамі ў падсвядомасці герояў. Чубар у лясной хатцы, сваім часовым прытулку пасля вяртання, патрывожыў соннага вужа, які «абначыўся на парозе». «Чубар з дзяцінства не мог спакойна глядзець на такія стварэнні прыроды, як гэты вуж, яны заўсёды выклікалі ў яго непрыемны халадок, нават страх, аднак цяпер чамусьці адразу перасіліў гідлівае пачуццё і, лішне не стрымліваючы сябе, падаўся ў хатку». Потым, ноччу, зноў згледзеўшы вужа на парозе, Чубар паставіўся да яго з'яўлення зусім спакойна, «без гідлівай утрапёнасці, нават не падумаў, каб нейкім чынам пазбавіцца на ноч непрыемнага суседства». Падсвядома ён помніў «вужаку» — калону немцаў, якую таксама назіраў з пагорка, тая была значна больш небяспечная за гэтую бяскрыўдную істоту.
Часам асацыятыўная сувязь рэчавых вобразаў з псіхалагічным абрысам герояў даволі далёкая, аднак яна дасягае значнай ступені абагульнення. Вакол Верамеек, адзначае аўтар, было многа крыніц. Адну з іх, ля якой якраз адбываецца першая сустрэча верамейкаўцаў з немцамі і гісторыя якой падрабязна апісваецца ў творы, у свой час Чубар, руплівы старшыня калгаса, загадаў раскапаць, таму што яна заплыла пяском. «Пачалі мужыкі раскопваць крыніцу, хоць і добра ведалі, што гэта небяспечна ёй: досыць няўмела патрывожыць верхні пласт намытага знізу пяску, як яна раптам пачынае чэзнуць, бо некуды прападае той пульсуючы ключ, што гоніць з глыбіні сцюдзёны струмень, і тады, колькі ні шукай яго, калупаючы грунт рыдлёўкай, усё дарэмна, аж пакуль сам, праз багата часу, не выб'ецца зноў на паверхню». Ці не гэтак жа адбылося з Чубарам: на нейкі час прапаў пульсуючы ключ у актыўнага, клапатлівага гаспадара і цяпер ён сам не ведаў, хто ён.
Характары ў Чыгрынава заўсёды сацыяльна матываваныя, і наогул сацыяльны фон прэваліруе ў яго творах, у той час як, напрыклад, у І. Пташнікава абсяг дзеянняў герояў параўнаўча невялікі, той ці іншы факт жыцця даследуецца часцей за ўсё не ў сувязі з сацыяльнай альтэрнатывай. У Чыгрынава характары герояў раскрываюцца згодна сваёй унутранай логіцы пад уздзеяннем абставін. Як і ў Пташнікава, у дылогіі Чыгрынава ёсць рэтраспектыўныя ўстаўкі, дзе характар таго ці іншага персанажа пісьменнік імкнецца растлумачыць яго мінулым. Акрамя Чубара, Зазыбы, гэта датычыць Мікіты Драніцы, Рамана Сёмачкіна, Брава-Жыватоўскага. Толькі Рахім — адзіны з шайкі здраднікаў — застаецца нейкай паўміфічнай фігурай, нібы перанесенай з часоў мангола-татарскага нашэсця. Страшны ў сваёй маўклівасці, ён увасабляе для верамейкаўцаў тыя жахі, якія прыносіць вайна.
Рэтраспектыўныя ўстаўкі ў Чыгрынава зноў-такі даюцца не так, як у Пташнікава, а больш у інфармацыйным плане. Праўда, і тут, выкліканыя якой-небудзь з'явай, яны ўзнікаюць праз успамін героя, які нібыта нанава перажывае мінулае. За Чубарам бегла маленькае ласяня. «Гэтая даверлівасць асірацелага звярка ўвесь час неяк ахінала пяшчотай яго і нарэшце павярнула Чубаравы думкі на самога сябе, успомнілася раптам сваё сіроцтва. Чубар нават здзівіўся, што такая акалічнасць можа выклікаць нечаканы ўспамін. Гэта ўсё ад адзіноты, падумалася Чубару, нібыта і папраўдзе трэба было штосьці тлумачыць сабе ў апраўданне...» У другім рамане рэтраспекцый больш, чым у першым, і яны больш падрабязныя, больш дакладныя.
Чыгрынаў звычайна не дае суцэльную «плынь свядомасці», характарыстыкі герояў рознабаковыя: і праз іх учынкі, і праз мову, праз думкі і перажыванні. Кожная з'ява, якую асэнсоўваюць героі, разглядаецца ў сваёй закончанасці.
Важнае месца ў стылёвай сістэме рамана займаюць дыялогі. І гэта не выпадкова, бо пісьменнік імкнуўся паказаць яднанне людзей перад варожай навалай, неабходнасць кожнага ў сувязях з іншымі. Дыялогі, шматгалоссе сялян пададзены вельмі жыва, улічаны асаблівасці гаворкі, і ў той жа час тэкст раманаў не перагружаны дыялектнымі словамі. Чыгрынаў вельмі патрабавальна ставіцца да мовы, і хоць у тэксце раскідана мноства крылатых выразаў, прыказак, афарызмаў, яны не загрувашчваюць твораў. Жывая гутарка сялян вельмі арганічна ўпісваецца ў аб'ектыўную манеру аўтарскага апавядання. Мова герояў надае своеасаблівае, нацыянальнае адценне стылю раманаў і адначасова выяўляе характары людзей, асаблівасці іх мыслення. Вось прыклад: перад жнівом Зазыба склікае агульны сход проста на полі — ставіцца пытанне пра раздзел хлеба.
«Бачачы, як упарта стаяў на сваім Зазыба, мужыкі з сарамлівай вінаватасцю заплюскалі вачамі — маўляў, з гэтым Раманам заўсёды ані прышыць, ані залатаць, ані палец абгарнуць. Мікіта Драніца і той быццам занепакоіўся: