На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
У рамане «Апраўданне крыві» Зазыба больш упэўнены ў сабе, хоць напружанасць яго душэўнага жыцця яшчэ ўзрастае. Спрэчкі Зазыбы — ужо не столькі з Чубарам, колькі з Брава-Жыватоўскім, сынам Масеем і настаўнікам Мурачом,— пераходзяць з плану сацыяльна-эканамічнага ў план ідэалагічны.
Вопытны, разважлівы Зазыба ў канцы дылогіі ўжо добра разумее, што неабходна брацца за зброю. Але ён даводзіць Чубару, як важна, «каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць».
Гісторыя Зазыбы — у адступленнях, развагах, супастаўленнях — уводзіцца ў гісторыю часу. У рамане «Апраўданне крыві» часта ўспамінае Зазыба другую вайну — імперыялістычную, а потым грамадзянскую, сваё партызанскае мінулае, Шчорса, у атрадзе якога змагаўся. «Прыходзіла на памяць Зазыбу мінулае таксама цяпер, бадай, лягчэй таму, што і сучаснае, і будучае, як людзі кажуць, пакуль далей носа цяжка было згледзець».
Зазыбу непакоіў псіхалагічны стан яго сына Масея, які вярнуўся ў родную вёску з лагера «не па-чыстаму» і які ў адзін і той жа час імкнуўся перабораць нешта ў сабе і не мог забыць перажытае. Па-народнаму простымі і дакладнымі словамі даводзіў сыну Зазыба сваю веру ў савецкую ўладу, перакананасць у перамозе яе: «Для мяне савецкая ўлада — як для маці тваёй ты!.. Ёй, бачыш, няма ніякай справы да таго, які ты цяпер, і што ты гаворыш, і што збіраешся рабіць!.. Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. А ўжо ты павер мне — ні адна маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае!.. Яна б тады і мучыцца не мучылася праз яго. Нават не раджала б!.. Вось гэтак і для мяне савецкая ўлада! Я яе таксама... ну, калі ты хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!..»
Гістарызм характару — у рэвалюцыйным мінулым Зазыбы, бо пісьменнік паказвае ўзаемаабумоўленасць эпохі вялікіх сацыяльных пераўтварэнняў і чалавека, які творыць іх. Савецкая ўлада, да якой Зазыба ставіцца, быццам маці да дзіцяці,— найвялікшая каштоўнасць для яго. Успамін аб гераічным мінулым, які пастаянна ўводзіцца ў пакутлівыя разважанні Зазыбы, абвастрае самасвядомасць героя.
Мы можам гаварыць пра вялікае дасягненне пісьменніка ў стварэнні вобраза Зазыбы — гэта буйным планам намаляваны тып барацьбіта, кіраўніка, некаторыя рысы якога родняць яго з мележаўскім Апейкам.
Чубар чалавек зусім іншага складу, чым Зазыба. Ён жорсткі, прамалінейны, патрабавальны да людзей. Увогуле гэта чалавек складаны, як складаным быў час, які фарміраваў такіх людзей. Вобраз адначасова і вельмі сучасны, у нечым палемічны да розных «людзей з боку».
Рэзкае кампазіцыйнае размежаванне: душэўныя ваганні і пакуты Зазыбы, які адчувае адказнасць за людзей, за хлеб, і бадзянні Чубара па тылах фронту, што толькі што адкаціўся на ўсход, ствараюць паўнакроўную і дакладную карціну першага этапа вайны. Вандраванні Чубара пашыраюць прасторавыя межы рамана, адначасова паглыбляючы яго сацыяльнасць, спрыяюць шырокаму паказу гістарычных абставін, а праз Зазыбу ідзе псіхалагічнае даследаванне народнай масы, якая адчувае ўжо блізкую небяспеку і процістаіць ёй усімі сваімі сіламі.
Рух да сінтэзу можна бачыць у дылогіі і ў аб'яднанасці розных прынцыпаў тыпізацыі — лакальнай і маштабнай.
Своеасаблівасць стылю І. Чыгрынава якраз у тым, што яго раманы знаходзяцца нібы на перакрыжаванні двух галоўных сучасных напрамкаў у распрацоўцы ваеннай тэматыкі: панарамнага рамана і лакальнай аповесці, найбольш ярка прадстаўленай у творчасці В. Быкава, А. Адамовіча, Д. Граніна, Б. Васільева, І. Пташнікава і інш. Але раздзяленне рамана «Плач перапёлкі» на дзве аповесці, пра што гаворыць А. Бачароў, толькі фармальнае. Яно акцэнтуе ўвагу на аўтарскай задуме.
Безумоўна, лінія Чубара ў раманах уяўляецца пэўным чынам самастойнай аповесцю, прычым аповесцю вельмі насычанай і па жыццёваму матэрыялу, і па пісьменніцкаму яго асваенню. І. Чыгрынаў быццам вяртаецца да сваіх апавяданняў-падарожжаў, але на больш высокім узроўні, з новым напаўненнем.
Лінія Чубара — гэта аповесць-падарожжа з мноствам сустрэч і ўражанняў галоўнага героя, што ў цэлым дае праўдзівае і шматграннае адлюстраванне абстаноўкі на Беларусі ў першыя тыдні вайны. Чубар ставіцца ў такія абставіны, якія прымушаюць яго прымаць самастойныя рашэнні, да чаго ён не прывык, а можа, нешта і ламаць у сабе. Аўтар, які не любіць недагаворанасці, проста піша: «...Чубар разумеў, што кожная сустрэча дадавала яму нешта да таго, што ён ужо ведаў. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць. Праўда, на кожную сустрэчу ідзе багата маральных і фізічных сіл — заўсёды неабходна было трымаць сябе як напагатове. Але то былі ўжо, бадай, накладныя выдаткі».