На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
У другім рамане дылогіі «Апраўданне крыві» Чубар яшчэ больш непасрэдна сутыкаецца з жывой істотай — з асірацелым ласянём, што цягнецца да чалавека, шукае ў яго абароны, і гэта кранае сэрца Чубара, напаўняе яго пяшчотай, прымушае інакш, з іншага боку паглядзець на многія рэчы. Безумоўна, гэта яшчэ не перараджэнне чалавека, але набыццё нейкай новай якасці.
У «Апраўданні крыві» прырода наогул становіцца бліжэй да чалавека, як піша Г. Егарэнкава, «сілы прыроды бы выступаюць разам з чалавекам і — за чалавечнасць». Дылогія канчаецца выратаваннем маленькага ласяня Чубарам, а гэта ўжо па сутнасці вялікі акт гуманізму, хоць і не датычыць ён чалавека.
Строгі рэалізм дылогіі ўзбагачаецца шматлікімі вобразамі-сімваламі, узятымі з прыроды. Гэта не толькі лось, ласяня, перапёлка, але і стары воўк, сустрэты Зазыбай па дарозе, і пень, што астаўся ад спіленага дуба і рос з году ў год, выклікаючы велізарную цікавасць у навакольных сялян, і бусліха, што засталася без бусла, але выгадавала птушанят, і многія іншыя вобразы. Чым выкліканы яны — пра гэта ніжэй.
В. Новікаў піша: «Паглыбленне гістарызму, пашырэнне дыяпазону мастацкіх рашэнняў у сучаснай літаратуры змяняе паэтыку рамана, у якім лёс чалавека і лёс народа, эпахальныя падзеі асэнсоўваюцца ў філасофскім плане, пашыраюцца рамкі самога жанру рамана».
Для сучаснай літаратуры характэрна разнастайнасць, перапляценне жанраў рамана, складаныя ўзаемаадносіны ўнутры жанру эпічных, драматычных і лірычных элементаў, адлюстраванне падзей з розных пунктаў гледжання, перасячэнне некалькіх часавых ліній, сцяжэнне часоў, супастаўленне сённяшняга і мінулага, спалучэнне форм умоўных і рэальных і г. д. Прычым і мастацкія сістэмы жыццепадобныя, і мастацкія сістэмы ўмоўныя, метафарычныя аднолькава маюць права на існаванне. Пазнанне ісціны ў рэшце рэшт не залежыць ад выбранай формы — залежыць ад таленту.
У сваім цікавым артыкуле «Шлях да сінтэзу» Галіна Егарэнкава робіць вывад аб сінтэтычнасці ліра-эпічнага жанру раманаў І. Чыгрынава. Яна лічыць, што эпічная тэма ў Чыгрынава вырашаецца ў многім лірычнымі сродкамі, што лірызм пранізвае ўсю вобразную тканіну раманаў. Прычым пісьменнік тут грунтуецца яшчэ на традыцыях літаратуры Кіеўскай Русі. Даследчыца адзначае моцны ўплыў фальклорнай паэтыкі, «Слова аб палку Ігаравым», наогул кніжнай паэтыкі старадаўнасці. «Вядома, для сучаснага пісьменніка,— піша Г. Егарэнкава,— фальклорная міфалогія — не глеба, а толькі арсенал, з якога ён бярэ паэтычныя сродкі, але гэтая вельмі магутная і жыццяздольная крыніца... адухоўлівае, узнімае апавяданне аб страшнай у сваёй будзённай жорсткасці вайне ў сферу ўзвышанага — гаворка ідзе ўжо аб неўміручасці прыроды і народа».
Надзвычай цікавую праблему паставіла ў сваім артыкуле Г. Егарэнкава. Менавіта так — з падключэннем да аналізу таго ці іншага твора, той ці іншай творчай індывідуальнасці ўсёй гісторыі культуры, літаратурных традыцый— неабходна пісаць сёння пра складаныя факты сучаснага літаратурнага жыцця. Сапраўды, своеасаблівасць структуры дылогіі ўзнікае са спосабаў спалучэння і суадносін шматлікіх традыцыйных элементаў. Прычым тут можна ўспомніць і традыцыі больш блізкія — Я. Коласа, для якога таксама, як і для аўтара «Слова аб палку Ігаравым», у многім было характэрна пантэістычнае, амаль сінкрэтычнае ўспрыняцце свету,— пра гэта пісалася вышэй. Можна было б дадаць да сказанага Г. Егарэнкавай: не толькі прыродныя вобразы, але і легенды, расказы аўтара пра старадаўняе, розныя прыкметы, сны (Марфы, Парфёна Вяршкова), вершы, уключаныя ў тэкст, нарэшце, наогул народныя паэзія — прыказкі, прымаўкі, крылатыя слоўцы — павялічваюць агульную лірычную танальнасць твора, аднак адначасова і пашыраюць рамкі эпічнасці. Масавыя сцэны, прырода, патаемнае духоўнае жыццё чалавека, як, бадай, ні ў аднаго з беларускіх празаікаў, насычаны ў Чыгрынава матывамі старадаўняга эпасу, казачнымі, міфалагічнымі вобразамі і паралелямі. Якраз блізкасць народнага і прыроднага пачатку і складае агульны фундамент мастацкага свету пісьменніка. Міфалагічныя элементы ўзмацняюць філасофскі пачатак прозы І. Чыгрынава, адначасова надаючы ёй выразны нацыянальны адбітак. Міфалагізм тут — адзін са шматлікіх сродкаў паказу жыцця ва ўсім багацці яго праяўленняў, у багацці маральна-этычных традыцый народа, яго пачуццяў і настрояў, мар і надзей.