На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Псіхалагізм для І. Чыгрынава — не самамэта, а сродак даследавання псіхічных працэсаў у глыбокай сувязі з тым, што адбываецца вакол чалавека, з той атмасферай, у якой паступова выспяваюць тыя ці іншыя яго ідэі і рашэнні. У «Плачы перапёлкі» і «Апраўданні крыві» героі яшчэ не робяць гераічных учынкаў, але паступова рыхтуюцца да подзвігу, пераадольваючы ў сабе страх, няўпэўненасць, ілюзіі мірнага жыцця, якое тым не менш і выпрацавала тыя якасці, што павінны праявіцца на вайне. У гэтым сэнс эпапеі І. Чыгрынава.
Імкненне пісьменніка да сінтэзу, да паглыблення эпічнасці прыводзіць да павелічэння нагрузкі на такія важныя элементы жанрава-стылёвай структуры, як унутраны маналог, плынь свядомасці, перакрыжаванне розных пластоў.
Маральныя і грамадскія пазіцыі герояў звычайна вызначаюцца ў супастаўленнях. Нават канфлікты паміж героямі часам выяўлены ўнутранымі маналогамі, хоць пераважаюць, праўда, адкрытыя спрэчкі, сутыкненні. Масей напачатку не адчуваў сябе ў роднай вёсцы сваім: «здавалася, над ім раптам спынілася сама вечнасць — у параўнанні з тым, як ён жыў дагэтуль, што ад яго патрабавалася штодня, як ён павінен быў пільнавацца ў кожнай новай сітуацыі, каб іншы раз проста ўцалець, астацца жыць, нарэшце настаў час, калі раптам да яго не стала нікому справы, быццам чалавек атрымаў адусюль бестэрміновае звальненне з-за непатрэбнасці сваёй. Зразумела, што адпаведна становішчу, у якім знаходзіўся, ён і адчуваў і паводзіў сябе. Пакуль адно вяртала яго з гэтага стану — прысутнасць бацькі, адносіны з ім, размовы; тады Масей пачынаў хвалявацца, усё роўна як нанава актыўна перажываў зведайце ў апошнія гады. Але гэта — калі што датычыла мінулага. Сённяшняе, таксама як і будучае, яго не займала, прынамсі, у такой ступені, як вымагалі таго час і падзеі. Разам з тым бацька дарэмна скрозь папракаў яго і непакоіўся, што Масей будзе рабіць і гаварыць усім у вёсцы лішняе. Як папраўдзе, то Масей зусім не адчуваў у гэтым патрэбы. Адна справа працягваць міжвольна жыць нядаўнім мінулым, на тое яно і нядаўняе, асабліва ягонае, жудасна-пачварнае, іначай і не скажаш, другая справа, свядома бунтаваць тое мінулае, распальваючы ў сабе, таксама як і ў тых, з кім размаўляеш, непатрэбныя страсці. І ўжо калі разважаць такім чынам далей, дык Масей недзе мог бы нават растлумачыць сабе, чаму ён наогул усчынаў гаворку, якая абурала бацьку: хутчэй за ўсё вінавата была ў гэтым зацятая бацькава непрымальнасць, ад якой Масею рабілася не толькі крыўдна (выходзіла, нібыта ён знарок плёў абы-што), але якая выклікала ў ім упартае жаданне абавязкова пераканаць у сваім, давесці сваё».
Спосаб мастацкага мадэліравання пісьменнікам — псіхалагічныя характарыстыкі мноства людзей рознага сацыяльнага палажэння, узросту, маральнага вобліку і жыццёвых пераконанняў. Напрыклад, гутарка ў канцы другога рамана Зазыбы з настаўнікам Мурачом пераклікаецца з гутаркай Чубара таксама з былым палонным — ваенурачом. Для Зазыбы надзвычай важна зразумець псіхалагічны стан гэтага чалавека, яго веру або нявер'е ў неабходнасць барацьбы, у канчатковую перамогу. Настаўнік падрабязна расказвае Зазыбу, як трапіў у палон. Пры гэтым Зазыба раптам успомніў, як ён сам трапіў у 1921 годзе ў махноўскі палон. Калі яго везлі ў галоўны мах-
Ноўскі штаб, Зазыба выхапіў у канвойнага з ножнаў шаблю і зарубіў трох канвойных. «Прыгадваючы цяпер, больш як праз дваццаць гадоў, лічы, неразважны ўчынак той, які быў высока адзначаны камандаваннем конарміі і, такім чынам, узведзены ў подзвіг, Зазыба зусім не меў намеру свядома рабіць нейкія аналогіі. Але ж падумаць — што яго чакала тады ў Махно? Адно з двух — смерць альбо здрада! На апошняе, вядома, Зазыба пайсці не мог і не таму, што не даражыў жыццём. Проста так, а не іначай ён разумеў свой абавязак перад рэвалюцыяй...
Размова з настаўнікам працягвалася доўга, прычым Зазыба гаварыў мала, больш распытваў. Потым раптам «спахопліва падумаў, што дарога ў Белую Гліну канчаецца, а яны з Мурачом не паспелі паразумецца. Дасюль размова ўся нагадвала хутчэй падземную раку, якая блукала ўпоцемку, шукаючы выйсця на паверхню. Таму ў ёй шмат было выпадковага, вымушанага, як дзеля праверкі, і не зусім шчырага. Цяпер тое месца, што завецца вытокам, было адшукана, гэта Зазыба адчуў у першую чаргу па сабе, па сваёй унутранай гатоўнасці нарэшце пачаць гамонку з чалавекам калі не пра самае запаветнае, то хоць з большым даверам адзін да аднаго».
І. Чыгрынаў, як да яго І. Мележ, змог пераадолець псіхалагічную апісальнасць, у некаторай ступені ўласцівую беларускаму сацыяльна-псіхалагічнаму раману. Ён імкнецца самыя патаемныя пачуцці людзей як бы «матэрыялізаваць», увасобіць праз вонкавы і рэчавы свет.