На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Аўтарскі голас, інтанацыя таксама агорнуты лірызмам. Пры гэтым Чыгрынаў кожны малюнак, кожны эпізод, раздзел пачынае зусім спакойна, стрымана. Яго пачуцці нарастаюць паступова, а іх водгукі быццам накапліваюцца ў навакольным асяроддзі. Знітаванасць са светам прыроды пачынаецца з таго, што героі, ды і сам аўтар, бачаць у яе праяўленнях нешта чалавечае і адгукаюцца на гэтую роднасць пяшчотным пачуццём.
Такім чынам, лірычныя, дакладней сказаць, філасофска-лірычныя адносіны да свету, безумоўна, прысутнічаюць у дылогіі.
Аднак жанр ліра-эпікі і лірызм эпічнага твора — не зусім адно і тое ж. У творах ліра-эпічнага жанру няма той развітасці характарыстык персанажаў, якая ёсць у эпасе і якая, безумоўна, прысутнічае ў дылогіі І. Чыгрынава, што мы і імкнуліся даказаць. А неразвітасць сацыяльнага і псіхалагічнага быцця герояў кампенсуецца ў ліра-эпасе раскрыццём грамадскай свядомасці самога аўтара. Такога ж раскрыцця, што датычыць свядомасці аўтара, у дылогіі няма. Але затое ёсць не толькі знешняя плынь жыцця, але і ўнутраная дыялектыка руху, пераход жыцця ў новую якасць, шматмернасць гэтага пераходу. У дылогіі ўжо ёсць рысы эпапеі, таму што ў фокусе аўтарскай увагі — змены ў народным жыцці, гістарычныя зрухі.
Дылогія І. Чыгрынава мае выгляд хронікі. Аднак было б спрашчэннем вызначаць жанр раманаў толькі як хранікальны. Ён, жанр, тут больш рухомы, больш сінтэтычны.
Дзеянне рамана «Апраўданне крыві» пачынаецца тым момантам, якім канчаецца папярэдні раман «Плач перапёлкі»: Чубар назірае з-за кустоў за верамейкаўцамі, што абступілі забітага лася, а ў гэты час на ўзгорку з'яўляецца перадавы раз'езд нямецкай вайсковай часці, якая ўступала ў Верамейкі. Варожыя сілы станавіліся твар у твар.
Такі даволі рэдкі і арыгінальны кампазіцыйны прыём прызначаны абазначыць хранікальную структуру дылогіі І. Чыгрынава. Праўда, хроніка тут вельмі своеасаблівая. Па-першае, раманны час сцягнуты. У першым рамане дзеянне адбываецца на працягу некалькіх тыдняў, а ў другім ужо сціскаецца да некалькіх дзён, затое пры гэтым узрастае нагрузка іншых структурна-стылёвых элементаў. Па-другое, сутыкненне жыхароў вёскі Верамейкі з немцамі аказваецца кульмінацыяй усёй дылогіі, кульмінацыяй, размешчанай насуперак, здавалася б, усім правілам сюжэтна-кампазіцыйнага будавання, якраз пасярод дзеяння. Уступленне немцаў — самы драматычны, напружаны момант, хоць аўтар быццам назнарок адцягвае трагічныя сутыкненні: немцы не расстрэльваюць Парфёна Вяршкова і Піму. Асноўны кампазіцыйны прыём унутры самой кульмінацыі — адмоўны паралелізм: вяртанне Чубара — уступленне немцаў, жніво — забойства лася Рахімам, весялосць сялян ад таго, што нямецкі афіцэр высцябаў Брава-Жыватоўскага і Драніцу, яго прыхвасценя,— і жах пасля выпадку з Вяршковым і Пімам. «...Пасля, як верамейкаўцы прайшліся пад канвоем у вёску ды пастаялі пад страхам на пляцы, шмат што змянілася ў іх свядомасці, калі зусім не перайначылася».
Такім чынам, сутыкненне сілы фашызму і беларускага народа ў асобе жыхароў вёскі Верамейкі — самы моцны выбух сюжэта, да якога сцягнуты ўсе лініі, усе канфлікты.
Аналіз не існуе без сінтэзу. Паглыбленне гістарызму суправаджаецца ў сучаснай літаратуры пошукам новых форм абагульнення, новых форм мастацкага сінтэзу. Таму што шырыні ахоп падзей, аналіз характараў патрабуе ад аўтара яшчэ большай канцэнтрацыі ўвагі на галоўным, найбольш істотным. І гэта галоўнае яму трэба раскрыць ва ўсёй гістарычнай своеасаблівасці, улічваючы ўзаемасувязь з'яў і агульную перспектыву развіцця. Менавіта таму ў кампазіцыі твораў І. Чыгрынава і ствараюцца кульмінацыйныя пункты, лініі перасячэння розных элементаў.
У дылогіі ёсць і іншыя сюжэтныя вузлы. Дакладна асэнсоўваючы гістарычныя абставіны, аўтар робіць гэта праз свядомасць герояў. Адначасова абставіны асэнсоўваюцца і самім мастаком. Такім чынам яны праецыруюць на сюжэтныя цэнтры, узаемадзейнічаюць з героямі, з іх учынкамі, думкамі, пачуццямі.
Структура чыгрынаўскіх раманаў мае некалькі зрэзаў, падструктур, пластоў. Па-першае, аб'ектыўная стылёвая аснова твораў, тое, што перш за ўсё кідаецца ў вочы пры вызначэнні манеры пісьма: ураўнаважаны тон, спакойная плынь апавядання, дакладная, не перагружаная метафарычнасцю мова. Вышэйшы пласт — індывідуалізацыя чалавечых характараў, якая мае перш за ўсё сацыяльныя карэнні. Тут жа, унутры гэтага пласта,— жыццё прыроды, жывых істот, што набывае раптам для чалавека ў час вайны іншы, вышэйшы сэнс. Філасофская канцэпцыя аўтара, агульная думка, ідэя твораў праяўляюцца і на ўзроўні кампазіцыйным.