Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Абыходзячы нейкае селішча, яны нарэшце павярнулі на захад і паімчаліся насустрач сонцу, што садзілася за лес гэтак жа, як рабіла яно ўчора. Учора… Як далёка было ўсё, што яе акружала раней — пачцівы і радасна-захоплены позірк маладога служкі Лямца, які біўся за яе да апошняга, хцівы позірк даўгалыгага, які прадаўся за тыя манеты, якія шпурнулі яму зняважліва — добра, што не забілі; пачуццё свабоды, якое распірала грудзі, калі са спіны трапяткога свайго скакуна глядзела яна на дарогу, што рассцілалася перад ёю, абяцаючы нешта новае, нязведанае!
Нібыта абламалі крылле, якое так лёгка несла яе дасюль па жыцці, - так забалела ў грудзях Жывены, калі дабраліся яны ўчацвярых да прыземістага мураванага будынка: ён стаяў у такой глушэчы, што болей нагадваў гняздо разбойнікаў, чым карчму: каржакаватыя ліпы і дубы раслі вакол агароджы густа, аб'ехаць гэты пастаялы двор можна было толькі добра абадраўшыся аб шыпшыннік, лазоўе ды карчы — вывернутыя нейкай нялюдскай сілай, яны скрозь вытыркаліся з бур'яну ды крапіўя. Магутная дубовая брама неахвотна расчынілася перад імі, і так пажадліва-радасна зарыпелі вароты, калі падарожныя зайшлі ў гладка вытаптаны двор, што, здавалася, яны ніколі не выпусцяць адсюль сваю ахвяру. Каля трыццаці крыжакоў — хто ў каптане, хто ў латах ці кальчузе, а некаторыя ў шэрых сваіх плашчах з чорнымі нашытымі на іх крыжамі — стаялі ля доўгага драўлянага карыта з вадой, якую прагна пілі іхнія коні, некаторыя ж валаклі ў дом рознае дабро: сувоі палатна, бочкі з зернем, кадоўбцы мёду, адзенне. Жывена азірнулася на немаладога свайго спадарожніка, але ён адводзіў вочы ўбок, а пасля, разблытаўшы яе, павёў у будынак пад агульны рогат і салёныя жартачкі мужчын, што тоўпіліся ў двары.
Пах затхласці, бруду і няшчасця як ударыў у Жывену, калі яна спусцілася ўніз па склізкіх прыступках і ўвайшла ў вялікі пакой, запоўнены людзьмі, дзе не было вокнаў, толькі чадзілі смалякі, устаўленыя ў зажымы, што тут і там гняздзіліся ў адсырэлых каменных сценах. На яе мала звярнулі ўвагі — прыгнечаныя палонам і страхам, жанчыны, якіх было найболей тут, сядзелі, збіўшыся ў чараду, як качкі на вадзе. Мужчыны і хлопцы, у акрываўленых лахманах, стагналі ў куце, дзе дзве маладыя дзяўчыны суцішалі параненых. Жывена прысела ля жанчын і дзяўчат. Блізка ля яе туліліся адна да адной трынаццацігадовая зграбная дзяўчынка ў скураной шапачцы і сарафане, і старэйшая — падобная да яе кабета з раннімі зморшчынкамі ля вачэй, чырвоных ад слёз.
— Мамачка, а хто ж татку пахавае? Яго ж душа блукаць па свеце будзе без прытулку! Я папрашуся ў іх, яны ж людзі! — загаварыла дзяўчынка.
— Сціхні ты, не тузай у маці душу! — прыкрыкнула на яе светлавалосая маладзіца.
Мужчыны перажывалі раптоўны напад на іхняе селішча, успаміналі, як хто з тутэйшых абараняўся, а хто, як заяц, пятляў між хатамі, спрабуючы ўцячы і тым уратавацца. Але ўратаваліся нямногія: тэўтоны абкладвалі селішчы па ўсіх правілах ваеннай навукі, і мужчыны, аратаі, бондары ці кавалі, засягнутыя знянацку, не мелі ні сіл, ні ўмення, каб адбіцца ад ворагаў. Толькі лютасць. І яна клекатала ў іх, нібыта крынічная вада ў жарале. Таму адзін з параненых крыкнуў Жывене, што, адкінуўшы галаву ў лямцавай шапцы, сядзела з заплюшчанымі вачыма, спрабуючы сабрацца з духам і ўтварыць вакол сябе хаця б нейкае падабенства спакою:
— А ты, малойчык, што прысеў ля баб? Можа, хочаш спадніцу надзець? Бач, цалюткі ўвесь: мабыць, сам у палон пабег?
Светлавалосая маладзіца штурхнула Жывену ў бок, і тая расплюшчыла вочы. Уцяміўшы, чаго ад яе чакаюць, яна замест адказу зняла шапку, адкалола касцяныя шпількі. Залатыя валасы, як цёплая хваля, упалі ёй на плечы, грудзі. У пакоі ўсталявалася цішыня, і ў гэтай цішыні жрыца спакойна адказала юнаку:
— Твае раны павінны зажыць, а тады думай над тым, хто вінаваты. Няшчасным заўсёды хочацца зрабіць навакольных яшчэ больш нядошлымі духам, чымся яны самі.
Людскія вочы глядзелі на яе — хто з адчаем, хто з раптоўнай надзеяй, а хто — і дзяўчына ўбачыла гэта выразна — з нянавісцю.
— Хто ты, каб вучыць нас? — крыкнула светлавалосая кабета, пагрозліва насоўваючыся на маладую жрыцу.
— Гэта Ліпец вінаваты, ён заснуў на варце! — захрыпелі ў куце.
Але паранены юнак, кульгаючы, прабраўся наперад, паклаў Жывене руку на плячо:
— Яна гаворыць праўду. Нас чакае рабства, а то і смерць. Дык будзем добрымі адзін да аднаго.
Бразнула клямка, завіскаталі засовы. У пакой увайшла маладая жанчына ў чэпчыку, у белай адкрытай кофце з карсажам, які падпіраў высокія напаўадкрытыя грудзі. Яна несла ладны кавалак тлустага жаўтаватага сыру і дзве вялікія лусты хлеба.