Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Апрытоміў яе звон і лёгкі боль: так, яна раструшчыла ў руцэ кілішак.
Кроў і віно расплыліся па абрусе каляровай картай.
— Божа! — прастагнаў Чухноўскі і сарваўся з месца. — Аля! Што з табой?
— Я разбіла кілішак, — паціснула яна плячыма.
Доктар змачыў сурвэтку ў вядры з лёдам і клапатліва выціраў пакалечаную далонь.
— Ну, шчасце, — буркнуў ён, — што гэта толькі павярхоўна.
Доктар абвязаў ёй руку хустачкай.
Яны збіраліся выходзіць, і доктар узяў ружы, аднак Аліцыя яго затрымала:
— Не, так нельга. Яны замерзнуць. Загадай афіцыянту запакаваць іх у тонкую, а потым яшчэ ў грубую паперу.
У вестыбюлі яны сустрэлі Друцкага. Ён стаяў з нейкімі мужчынамі, але адразу перапрасіў у іх і наблізіўся да Аліцыі.
— Дзякуй вам вялікі, — сказаў ён з глыбокім паклонам, — і памятайце пра «Аргенціну».
Служкі падавалі Чухноўскаму і Лэньчыцкаму футры.
— Не ведаю, — загаварыла, гледзячы ў столь, Аліцыя, — ці будзе час…
— Вы павінны знайсці, — усміхнуўся дырэктар з нейкай нечаканай для абаіх бесцырымоннасцю.
— Чаму гэта нават павінна? — змерала яго халодным позіркам Аліцыя.
Яна думала, што Друцкі разгубіцца, але ён не апусціў вачэй і сказаў коратка, без усмешкі:
— Бо я прашу. Вельмі прашу.
Аліцыя прыкусіла вусны і адвярнулася да гардэроба:
— Ну? Вы яшчэ не гатовы?
— Ужо, ужо, — абвясціў Лэньчыцкі, змагаючыся з рукавом.
Аліцыя кіўнула галавой Друцкаму і, не падаючы яму рукі, выйшла.
Парцье са здагадлівай усмешкай запытаўся:
— Што, пан дырэктар, жанчына клас?
— Што? — ачуняў Друцкі. — Клас? Вы маеце рацыю, браце! — дадаў ён з усмешкай і так ляпнуў яго па плячы, што той аж прысеў.
Лэньчыцкі прапанаваў Аліцыі яе праводзіць, але яна падзякавала:
— Нам з доктарам трэба перамовіцца. Сядайма, Уладэк, толькі глядзі! Памнеш кветкі!
— Слухаю, Аля, — пачаў размову Чухноўскі, калі машына кранулася з месца.
— Пачакай, пагаворым на месцы.
— А ці прыстойна, — пачаў турбавацца доктар, — цяпер, ноччу, уваходзіць у тваю кватэру?..
У адказ яна толькі паціснула плячыма.
Доктар прадчуваў непрыемную размову і бездапаможна пазіраў на гадзіннік. Аліцыя, аднак, не звяртала на яго ніякай увагі.
Загаварыла яна толькі тады, калі яны апынуліся ў яе пакоі:
— Растлумач мне, калі ласка, што абазначаюць твае неразумныя рэплікі і дзікія міны?
— Якія міны?
— Не рабі выгляду, што не разумееш. Ты добра ведаеш, што я гавару пра твае выступленні супраць пана Вінклера.
— А што… што тут дзіўнага. Я ж цябе кахаю.
— І што з гэтага?
Чухноўскі пабляднеў:
— Таму я не магу цярпець, калі нехта так нахабна захапляецца табой, як гэты… гэты…
— Чаму? Табе гэта перашкаджае? — амаль правакацыйна спыталася Аліцыя.
— Перашкаджае! Перашкаджае, бо ў мяне ёсць вочы, — не стрымаўся доктар, — бо я бачу, што табе ад гэтага прыемна, бо я бачу, што ён табе таксама падабаецца! Але хопіць! Маё цярпенне таксама не бясконцае! Больш мы не пойдзем у гэтую карчму.
Аліцыя не стрымала смех:
— Што-што? Што ты кажаш?.. Ха… Ха… Гэта смешна!.. Дзе ты набраўся такіх манер?
Чухноўскі не валодаў сабой:
— Хопіць! Мне ўжо гэтага па вушы! І гэтай забягалаўкі, і гэтага мужыка, і гэтых яго агідных кветак.
Ён схапіў нераспакаваныя кветкі і кінуў іх на падлогу.
— Падымі! — грозна сказала Аліцыя.
— Не падыму!
— Зараз жа паднімеш, — паўтарыла яна спакойна.
Чухноўскі прастагнаў, падняў букет, пасля чаго бяссільна ўпаў у крэсла.
Запанавала цішыня. У суседняй сталовай гадзіннік прабіў шэсць.
— Чаму, чаму я так цябе кахаю, — выпаліў з горыччу Чухноўскі. — Ох, я не здзіўляюся цяпер, чаму твой муж цябе кінуў, чаму звар’яцеў…
— Памыляешся, — раўнадушным голасам запярэчыла Аліцыя. — Мой муж кінуў мяне па іншай прычыне. Цябе заўсёды цікавіла, чаму? Ты ніколі не рашаўся спытацца ў мяне пра гэта. Зараз я раскажу табе сама. Павел падчас першай шлюбнай ночы пераканаўся, што я не цнатлівая… І ён не мог гэтага прыняць, не мог, не ўмеў з гэтым змірыцца… Ён кінуў мяне, хоць не перастаў кахаць, але нават абвінавачваць мяне не меў права…
— Як гэта, не меў права?
— Ён так казаў, і ты таксама гэта прызнаеш. Я страціла цнатлівасць у чатырнаццаць гадоў. Ён быў моцны, ішоў за мной па вуліцы, узышоў па лесвіцы, гвалтоўна ўварваўся ў кватэру, у якой, на жаль, нікога не было. Узяў мяне гвалтам…