Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ён у мяне рахманы,— сцішылася, уздыхнула і зноў засумавала, успомніўшы свайго Амялляна, Параска.
— У цябе часам, Параска, чырвонае фарбы не асталося? — спытала высокая худая цётка Мар'яна.— Трэба ж хоць кавалак палатна пафарбаваць ды павесіць той сцяг на хаце.
— Пашукаю, цётачка. І я ж думаю фарбаваць. Так што прыносьце да мяне і сваё.
Назаўтра ў Карпілаўцы і ў Кавалях, у Рудні і ў Новай Дуброве прыбівалі да стрэх і вуглоў хат чырвоныя сцягі. Яны былі светлыя і цёмна-бардовыя, большыя і меншыя, з ношанага паркалю і з новага кужалю. Дзеці бегалі з канца ў канец вуліцы і выхваляліся:
— А наш лепшы за ваш!
— Затое наш большы і паркалёвы.
— От і няпраўда, самы чырвоны на Парасчынай хаце.
5...
На змярканні Іван з Гэляю на параконцы ехалі з млына. Добра было сядзець побач на мяккіх мяхах яшчэ цёплай пытляванкі. Яны не вельмі спяшаліся: так хацелася хоць яшчэ трохі пабыць разам. Андрэй толькі ў млын пускаў дачку з парабкам, каб той часам не адсыпаў сабе пшанічкі або мукі. І не хацелася старому Ермаліцкаму, каб яны аставаліся ўдваіх, але шкода было дабра.
Іван паганяў коней, а расчырванелая на ветры Гэля, у зграбным паўкажушку, аблямаваным белай аўчынаю, у чаравіках з доўгімі халяўкамі і ў сівай канаплянцы, пазірала на чарнявага, дужага Івана. Ён моўчкі курыў і думаў сваю невясёлую думу. Не раз ужо наважваўся сысці з гэтага глухога хутара, наняцца хоць да самога чорта, ды трымала яна, як чарацінка, гнуткая, сінявокая, спрытная і такая пяшчотная Гэлька. Дзе гэта Відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Ведае, што нічога з гэтага не выйдзе. Можа і праўду кажа гаспадар, што бот лапцю не пара, што Гальцы трэба жаніх не абы з якога роду, каб у яго і зямля была, і добрыя стаеннікі, і дом як дом, і адзежа, адным словам — раўня. А што ў яго? Ні кала ні двара. У бацькі — хата на два акенцы, падлога з гліны, паўморга пясочку і поўная хата дзяцей. Праўда, час цяпер такі, што не разбярэш, хто чаго варты. У млыне ж гаманілі завознікі, нібыта зноў у Петраградзе пераварот быў і цяпер панскую зямлю будуць раздаваць беднаце. От каб жа!
Іван, апякаючы пальцы, смактаў недакурак і час ад часу нокаў на коней.
— Ну чаго зноў маўчыш? Дома ад бацькі хаваешся і тут як вады ў рот набраў,— прыхінулася да яго Гэлька.— Пра што думаеш?
— Пра што ж мне думаць? Адна ў мяне думка — пра гора нашае. Мяне прысушыла і сама сохнеш, а дзе нам дзецца, калі твае на мяне ваўкамі глядзяць. Хацеў бы кінуць-рынуць, сысці абы-куды, ды не магу. Дзень не бачу цябе, здэцца, як сляпы хаджу. Ведаю, што не быць нам разам. Аддадуць цябе за шляхцюка якога-небудзь, і не пабачымся можа.
— Лепей у пельку галавою, чым ісці за нялюбага. Не за чалавека ж аддаюць, а за коней, за кароў, за зямлю, каб ірвацца на ёй, пакуль не выпрастаешся. От пабачыш, не паслухаюць — усё ім кіну, уцяку, у парабчанкі наймуся, а буду з табою.— Яна бліжэй прытулілася да Івана, схіліла на яго плячо галаву.
Колы грукаталі па карэннях лясное дарогі, саплі сытыя коні і ціха шумелі голыя верхавіны дрэў. Калі выехалі з лесу, сцямнела зусім. У змроку свяціўся, мігаў і расплываўся слабы агеньчык, глуха брахаў Пірат.
Каля дому Гэлі зрабілася маркотна і горка. Іх адзінокі хутар, асабліва пасля люднага млына, гаманы завознікаў, шуму вады і стукату колаў, здаваўся глухі, як магіла. Вырасла тут і людзей не бачыла. Яе равесніцы на попрадкі ходзяць, на вечарынках гуляюць, хоць і галодныя, ды вясёлыя, а яна толькі і гаварыла з каровамі ды авечкамі, век слухала бацькаву буркатню — усё яму мала, усё не так ды не гэтак. Толькі і радасці было, калі ў жніво наймалі дзяўчат і маладзіц з Кавалёў і Карпілаўкі, варылі вялікія чыгуны бацвіння, неслі на поле збанкі з квасам. А жанкі завіхаліся на загонах, часам спявалі працяжныя сумныя песні. А Гэля і спяваць не ўмела ні мужыцкіх, ні шляхецкіх песень. Дома не спявалі. Болей сварыліся ці маўчалі. От прыйдзеш дадому, бацька зноў будзе глядзець воўкам, бурчаць і вохкаць: ніхто яму не ўгодзіць, нікому ён не скажа добрага слова.
Пад'ехалі да свірна. Стары прыйшоў з невялічкім закураным ліхтаром.
— Нешта ж доўга вы забавіліся, ледзьве дачакаўся. Думаў, можа вось зламалася, ці яшчэ якая трасца.
— Калі ж завозна вельмі! — адказаў Іван.— Адны Перагуды аж два вазы прыперлі, і ўсё шатраваць. Гавароўскія восем мяхоў навальцавалі, а з клункамі — канца-краю няма.
— Два вазы, кажаш, шатроўкі! Бач ты яго.— Стары пацмокаў губамі, памацаў праз мяхі, ці добра змелена.— Распрагай! — загадаў Івану.— А ты марш у хату.
— Я, тата, памагу мяхі пазносіць.
— Самі ўправімся, не зломкі.— Ён пачапіў ліхтар на цвік, забразгаў ключамі, знайшоў той, што трэба, і адамкнуў свіран.